Аляксандр Памідораў: Жыццё з тачкай, ці На Камароўцы даруюць толькі раз

Здараюцца моманты, калі музыкам не да песень, а шоўмэнам — не да жартаў. Калі летась напаўзла цмяная аблачына, што неўзабаве сталася чорнай паласой для вельмі шмат каго з нас, Аляксандар Памідораў ужо меў досвед выжывання. Пра ўчорашні немузычны бэкграўнд змагання за сябе і тое, як скарыстаўся ім зараз, ён расказвае чытачам «СНплюс».

А вось і мая Тачка, на якой столькі тон усяго рознага перавезена… Фота аўтара

Тачка. Максімальная вага для перавозкі 300 кг. Ясна, што цягаем болей. Але праз паўтара месяцы маёй з ёй працы, на яе паставілі новыя заднія паваротныя колы. З гамульцамі.)))

Ёсць жарцікі, што часам для некага становяцца рэальнасцю. Вось вам прыклад…

Быў стары вайсковы анекдот — такі, савецкі яшчэ.

Штурхае па тэрыторыі вайсковай часткі прапаршчык (ці, як хочаце, харунжы) тачку са смеццем. Да КПП штурхае. А там акурат праверка, капітан цэлы стаіць. І пытаецца:

— А што ты, таварыш прапаршчык, сп… стырыў?

— Таварыш капітан, нічога!

— Брэшаш, падла! Абавязкова нешта ты сп… стырыў!

— Як можна! Ну нічога, во гляньце: смецце, лайно з казармаў…

— Што — я вас, прапаршыкаў, не ведаю?! Выкідай усё на асфальт, глядзець буду!

Той цяжка ўздыхнуў, перакуліў тачку. Давай капітан калупацца ў смецці. Ледзь не па какарду ў бруд закапаўся, з паўгадзіны прайшло. Вылез, паабтрэсся, фуражку паправіў і кажа:

— Сапраўды, таварыш прапаршчык, нічога. Дзякую за службу. Грузіце смецце і вывозьце за тэрыторыю.

— Ёсць!

Пазбіраў усё з падлогі, працягнуўся праз браму КПП, даштурхаў да памыйкі. Зваліў непатрэбы да купы, прыпаліў «Столичную», зыркнуў у бок плота часткі, сплюнуў:

— Што сп… стырыў, што сп… стырыў… Дзябіл малагадовы, цьху! Тачку ж (ці, калі хочаце, воз)!

…І я разумею таварыша прапаршчыка (ці, як хочаце, харунжага): тачка — штуковіна ў жыцці шмат каго вельмі важная. Часамі — проста стратэгічна важная! Ва ўсялякім разе для мяне.

Слухайце далей і зразумееце, што тут да чаго, як ды чаму.

 

Ленінграда-Пецярбург, Балтыйскі вакзал, тачка першая

…Неяк у годзе 1994-м я адчуў сябе непатрэбным у сваёй краіне, у горадзе сваім.

Чэрвень, здалі дзяржэкзамены, дыпломы-значкі, малады спецыяліст, рэжысура драмы…

— Авой, як здорава, малады рэжысёр! Нічога сабе, аж з курсу самога Валерыя Раеўскага! Мы ж разам пачыналі, канешне, мы ж знаёмыя і з вамі!

Ой, і матэрыял вы маеце? І сучаснае нешта, і Гогаля хочаце ўзяць… І аж на Бабеля погляды ёсць?

Ну выдатна, вы менавіта той, хто нам патрэбны. А хто вашыя спонсары?

— Спонсары?

— Ну так! Без спонсараў зараз нічога не выходзіць.

— А дзяржаўная палітыка? У сэнсе заробкі…

— Даражэнькі, тут ледзьве хапае на туалетную паперу… А дэкарацыі? А каньяк у буфет набыць? А касцюмы дарамантаваць? Не кажу, каб новыя пашыць… Авой, ця-а-а-ажка-а-а… Дык што са спонсарамі?

— Дык няма… Я ж толькі во, месяц, як скончыў…

— Шкада. Шкааада. Але ў вас у працы вельмі добры матэрыял, нам цікавы. Літаратурнай частцы тут нават няма над чым працаваць. Так што прыходзьце, як спонсары будуць.

А цяперака прабачце. У нас ад заўтра ў залі канферэнцыя Хербалайфу на тры дні, потым два выходных, потым семінар Белага Братэрства, а потым тыдзень архітэктараў.

— А спектаклі?

— Зараз пакуль не. Хіба на малой сцэне. Аб’ядналі яе з буфетам — такі, знаеце, выйшаў прыбытак!

Вось я і разгубіўся… Гэтага чалавека, вялікага, насамрэч, цяпер з намі няма.

А тады, пачуўшы такое, я ў выніку атрымаў адукацыю экстэрнам.

Пра жыццё ў гэтай краіне. І тады я з’ехаў першы раз.

Пазней. Увосень. Унікуды.

Гандляваць свінымі ды курынымі каўбаскамі, касетамі ды папіросамі і півам у шапіку на Балтыйскім вакзале, аграндаваць «мяшэчнікаў» на тым жа сваім жа Віцебскім…

Так, Ленінграда-Пецярбург, восень 1994. І падхапіць тачку (прабачце хто, воз) у напаўп’янага грузчыка, каб не зваліў валізкі на торы, дагнаць яе да таксоўкі, злавіць свае рублікі з паветра, кінуць: «Дзякуй/Спасіба!», ды ізноў на платформу.

І гэтаму Віцьку ягоную тачку аддаць, і паглядзець, каб кантралёр не заўважыў, што п’яны, бо адбярэ бляху. Нармальна, весела, маладзёва…

Ды гэта ж, бляха, 1994 год!

 

Праз 27 гадкоў, Мінск, Камароўка, тачка другая. Апошняя?

А без аніякай працы апынуцца ў 2021-м…

Складаеш «сямейны (сам і дзве коткі) бюджэт», і разумееш — трэба рабіць, а рабіць няма дзе…

У краме пад домам ужо гатовыя ўзяць грузчыкам на працу: 10 гадзінаў, два праз два. Ды да адміністратаркі падбягае прадавачка, і ты чуеш яе шэпт: «Андрэеўна, ты ж глядзі. Гэта ж гэты, вядомы… Ну, побач жыве тут. Глядзі, у яго ж сцяг на руцэ!»

І далей дыпламатычны прысуд: «Добра, мы вам пазванім…»…)))))

Хлопчык з інтэлігентнай сям’і заўсёды мае стасункі з бандытамі. Гэта аксіёма.

Мы цягнемся адзін да аднаго. Бо мы — і тыя, і тыя — маем эстэтыку і культуру стасункаў, любім прыгожае ў найлепшым і найвышшым яго праяўленні.

Я быў слюсарам, кантралёрам АТК, вахцёрам…

А тут пры нецвярозай размове, кажу:

— Патрэбна праца. Ну, я знаёмы з тачкамі (ці для каго, прабачце, вазамі)…

Сябра, што прыглядае за раёнам на Камароўцы, кажа:

— Саня, не суйся.

— Не, трэба!

Тады ён вядзе мяне на шэрагі садавіны адкрытага Камароўскага базару і проста ў першага з гандляроў пытаецца:

— Возьмеш хлопчыка на грузчыка?

— Піешь?

— Ты дзяўбень? Я перад табою ўжо п’яны, толькі з бару выйшаў!

— У аўторак каб а восьмай рана быў.

А восьмай рана мусіш быць на базары. І гэта ты прымеркаваны да дакладнай кропкі гандлёвай. Працуеш «на чорна» — то-бок, няма ў цябе ані санітарнай кніжкі, няма цябе ў рэестры.

Наша легендарная, хоць і не надта прыгожая, зусім ужо дэфіцытная Антонаўка і замежны — прыгожы, але зусім недэфіцытны Чэмпіён. Фота аўтара

Наша легендарная, хоць і не надта прыгожая, зусім ужо дэфіцытная Антонаўка і замежны — прыгожы, але зусім недэфіцытны Чэмпіён. Фота аўтара

Грузіш і цягнеш на кропку з падвалу, з халадзільніку яблыкі, потым выстаўляеш вітрыну на кропцы, потым па гарызанталі ўжо едзеш на склад, адтуль забіраеш на кропку яшчэ колькі скрыняў яблык.

Потым вяртаешся да машыны і адтуль перакідваеш на склад агульным лікам ад паўтоны да дзвюх з паловай гэтыя яблыкі.

Частку вязеш потым на ніз, на халадос. Увечар забіраеш з адной-дзвюх гандлёвых кропак непрададзенае — і туды ж, на ніз.

А назаўтра разгрузі да дзявятай рана машыну/фуру яблык, закінь на кропкі.

Пачакай, пакуль кантралёры не сыдуць ад брамы гаспадарчай, і абачліва туды ж, на склад, адвязі ў два прыйманні пад тону яблык.

А потым перакідай паўтары тоны слівы на халадзільнік. 

Ну так: здольныя ўразіць, але вельмі капрызныя, з такімі прыгажунамі — і клопатаў адпаведна па самае «не хачу»! Фота аўтара

Ну так: здольныя ўразіць, але вельмі капрызныя, з такімі прыгажунамі — і клопатаў адпаведна па самае «не хачу»! Фота аўтара

Сліва і журавіны — сезонны і вельмі адказны прадукт. Сліва вельмі хутка псуецца, яе прывозяць у невялікіх пластыкавых палетах. Але яны з поліэтылену, сліва цяжкая, поліэтылен драпае рукі, пальцы. Сок зацякае ў трэскі скуры. Даволі непрыемна з кропкі погляду касметалагічнага. Журавіна — рэч дробная. «Бананка» журавіны важыць на пару-тройку кіло цяжей за яблыкі. Насыпаюць «з горкай». Прасыпаць не маеш права — тавар жа ж!)))

Тачка хоць старая, паслухмяная, але колы ўжо не тыя. І мусіш пільнаваць, каб не нахілілася. Бо нахілішся — тваё з яе абрынецца.

А на Камароўцы даруюць толькі адзін раз. Гэта нават не Масква з яе слязьмі. Там слёз няма. Там жорстка і дакладна.

  «Кіроўцы» тачак — гэта хлопакі-забіякі: мент, артыст і два ваякі

Во дзе і з чым я і адчуў сапраўдную працу. Бо так я ніколі не пацеў, і ніхто так не пацеў — прабачце, ды паспрабуйце! — ані на адной прабежцы, ані ў адным фітнэсе, ані на якай велавандроўцы.

Дзякуй хеўры, у якую трапіў: вайскоўцы ў мінулым — пастаўшчык Азіз, былы проціпаветраны абаронца з Азербайджану, гандляр Вова, мажны былы «аўганец», і гаспадар гандлю, у далёкім мінулым аператыўны супрацоўца Маскоўскага РУУС Менску, Коля, ну і я, музыка…

А тачка (ці, як хочаце, воз. Хіці — што гэта за воз?) хоць і кладзецца ручкамі ў рукі, але можа не дацца.

Як перагрузіў, ды не зразумеў, як — можа цябе назад пацягнуць.

Ці з пандусу, як яе за сабою цягнеш, накаціць, і тады бяжы-бяжы, хлопец, ногі-тулава беражы…))) Але і тавар таксама не мусіш кінуць.

Ну і яшчэ пра тачку.

Тачка. Максімальная вага для перавозкі 300 кг. Ясна, што цягаем болей. Але праз паўтара месяцы маёй з ёй працы, на яе паставілі новыя заднія паваротныя колы. З гамульцамі.)))

А вось і мая Тачка, на якой столькі тон усяго рознага перавезена… Фота аўтара

А вось і мая Тачка, на якой столькі тон усяго рознага перавезена… Фота аўтара


Максімальная вага для перавозкі ў яе 300 кг. Ясна, аднак, што цягаем болей. Праз паўтара месяцы маёй з ёй працы на тачку паставілі нарэшце новыя заднія паваротныя колы. З гамульцамі.)))

А зараз — пра таго, хто за «стырном». Дык вось, як новы грузчык на базары — увесь базар ва ўвазе. Усе прыглядаюцца: як цягнеш, колькі «бананак» грузіш, як ходзіш, як з мясцовымі размаўляеш…

Ну, мяне за тры дні «праламілі», у сэнсе, высветлілі, хто да іх працаваць прыйшоў. І падмургванні на рампе, і пытанні «ці не крыўдзяць?», і як цягнеш з 20 «бананак» яблык на гару на пандусе…

Побач такі ж, з мясам, штурхае сваё, але кажа: «Жыве Беларусь!»

Нават неяк падумаў, што дурная мая галава, трэба было раней да сябра камароўскага звярнуцца па гэтую працу. Больш бы карысці было.

Шмат можна распавядаць.

І пра амаль бунт з раніцы. Калі пасля вядомага выказвання вядома каго па тэлебачанні, пра тое, што маскі — гэта бздура, і можна іх не насіць, палова прадаўцоў на Камароўцы выйшла без масак/экранаў на тварах, пакупнікі а дзявятай таксама без масак…

І толькі кантралёры бегаюць, не ведаюць, што рабіць. Крыкам крычаць на пакупнікоў, на прадаўцоў… А ім усе спярша смяяліся, а потым ледзь не да бойкі дайшло. Абыйшлося.

Памяркоўны народ. Нават на Камароўцы. Толькі не са сваімі.

Трэці «касяк» не прабачаюць. Калі ад цябе адмовіліся — аб працы на базары забудзься. Ніхто не возьме.

Мне можа ізноў пашчасціла. Я толькі два разы накасячыў. І тое так, дробна.)))

Сезон скончыўся ў апошні дзень лістапада. Разлічыліся, усё шчыра.

І потым збіраю рэчы ўжо павольна — Коля тэлефануе:

— Саня, дапамажы, трэба выйсці пару дней.

Ну, пацяплела, можна працаваць. І кажа, што пазахварэлі амаль усе грузчыкі на базары. Кавідка, яці яго.

Выйшаў апошнія два дні. Ну і што? З пятнаццаці грузчыкаў на працы было толькі пяць. Здаровая краіна, што…)))

Але ёсць там такія людзі, што я дагэтуль дзіўлюся, як пад 50 палетаў садавіны цягне чалавек малады па гарызанталі і потым на ніз, у халадзільнік. Адна палета 12 кіло важыць. Я так і не спрабаваў.)))

Мы сябе называлі наступным чынам: хлопакі-забіякі: мент, артыст і два ваякі. Кланяюся за навуку.

Жартую часам, наконт: а што яшчэ мог прыдумаць менскі жыд у крызісны час?

Пайсці грузчыкам на сезон на базар працаваць. На садавіну.

Вітаміны, тое, сёе…)))))

Навука жыцця…