Аляксей Туровіч: «Лічу, што ў Жодзінскай турме было арганізавана забойства»

"У нашых турмах цяжэй спісаць ложак і матрац, чым памерлага чалавека. Лічу, што ўмовы ў турмах сталі горшымі, чым былі ў савецкі час", — перакананы рэжысёр Аляксей Туровіч.

forum_pravaabaroncau_001_logo.jpg


Напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека 8 снежня на сядзібе БНФ адбыўся чарговы форум «Свабоду палітвязням Беларусі».


Праваабаронцы Ганна Шапуцька, Вольга Маёрава, Вольга Мікалайчык, Мікалай Аўтуховіч, лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, юрыст Міхаіл Пастухоў, прадстаўнік «Руху за свабоду» Алесь Марчанка і іншыя пад старшынствам Паўла Севярынца абмеркавалі ўзмацненне ціску на палітвязняў — праваабаронцаў Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага, падпісалі зварот у іх падтрымку. Таксама быў падпісаны калектыўны зварот прысутных у Палату прадстаўнікоў з патрабаваннем адмены артыкула 411 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, сабраныя сродкі на падтрымку палітвязняў і набыццё бел-чырвона-белых сцягоў для маладафронтаўцаў.

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі форуму надалі абмеркаванню бязмежжа праваахоўных органаў і справе братоў Барбашынскіх. Па выніках было прынята рашэнне аб стварэнні працоўнай групы, якая зоймецца распрацоўкай праграмы рэфармавання беларускай міліцыі. Стварэнне групы даручана доктару юрыдычных навук Міхаілу Пастухову.


forum_pravaabaroncau_002.jpg


Мікалай Аўтуховіч, былы прадпрымальнік і вязень турмы, які зараз узначальвае камісію «Свабоду палітвязням», лічыць, што ўжо даўно настаў час для неадкладнай рэформы і праваахоўнай, і пенітэнцыярнай сістэмы.

— З лёгкай падачы міліцыянтаў у турмы саджаюць нават нявінных людзей. Міліцыянты становяцца галоўнымі сведкамі ў судзе. Зразумела, што судовая справа братоў Барбашынскіх была перадвырашана ўжо на начной дарозе, — лічыць чалавек, які сам перанёс шмат пакут ад нашай судовай сістэмы. — Няважна, што Барбашынскія там рабілі — для суда стала галоўным, што міліцыянты сказалі пра іх у судзе. У нармальных краінах міліцыянты не могуць выступаць сведкамі ў судзе. Турмы ж нашы не выхоўваюць людзей, якія адступіліся ад закону, а фактычна забіваюць іх. Пра гэта трэба не гаварыць, а крычаць на ўсіх скрыжаваннях.

Аляксей Туровіч, вядомы рэжысёр і былы прадпрымальнік, яшчэ больш катэгарычны пры выказванні меркавання аб неабходнасці адмены артыкула 411 Крымінальнага кодэксу і абставінах і прычынах смерці Ігара Барбашынскага. Адседзеўшы ў турмах 6 гадоў па надуманых прычынах, ён ведае сітуацыю «знутры».

— Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу аб злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі турмаў напісаны дзеля таго, каб ператварыць зняволеных у рабоў і можа быць прыменены на роўным месцы, — гаворыць рэжысёр. — Дастаткова знайсці двух асуджаных, каб падпісалі скаргу на іншага — справа вырашана, чалавек можа атрымаць дадатковы тэрмін.

Справа Андрэя Бандарэнкі — яшчэ адно фактычнае пацвярджэнне. Паляжаў чалавек на нарах, пачытаў кніжку — 5 сутак штрафнога ізалятару. Не так, як трэба, склеіў некалькі канвертаў, крышку спазніўся на абед пасля наведвання царквы — усё, ён ужо стаў злосным злачынцам. Узбудзілі крымінальную справу, пагражае яшчэ 2 гады пазбаўлення волі. І няважна, што ён абскардзіў ранейшыя пакаранні.

У нашых турмах цяжэй спісаць ложак і матрац, чым памерлага чалавека. Лічу, што ўмовы ў турмах сталі горшымі, чым былі ў савецкі час.

Па справе смерці Ігара Барбашынскага я наўпрост абвінавачваю начальніка турмы і галоўнага аператыўніка, які сочыць за тым, каго ў якую камеру пераводзяць. Лічу, што ў Жодзінскай турме было арганізавана забойства, і трэба ўзбуджаць крымінальную справу супраць іх абодвух. І тое, што зараз там спрабуюць спісаць на таямнічыя хваробы — гэты спроба схавацца ад адказнасці.

forum_pravaabaroncau_003.jpg


Дарэчы, згодна з правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, павінен ажыццяўляцца медыцынскі кантроль за становішчам асуджаных, аказвацца стацыянарная медыцынская дапамога. Пры адсутнасці спецыялізаванай медыцынскай дапамогі заключаныя маюць права на накіраванне з аховай ў іншыя спецыялізаваныя лячэбныя ўстановы. Па прыбыцці ў турму на працягу тыдня вязні павінны праходзіць паглыблены медыцынскі агляд з мэтай высвятлення наяўнасці захворванняў, у далейшым такія медагляды павінны праводзіцца з мэтай своечасовага знаходжання розных захворванняў і высвятлення фактаў цялесных пашкоджанняў.


Да таго ж, згодна правіламі, асуджаны мае права на асабістую бяспеку.

— Як кіраўнік установы начальнік турмы адказвае за ўсё: і за збіццё, і за арганізаванае забойства, і за неаказанне патрэбнай медыцынскай дапамогі, — лічыць Туровіч.