«Содні аблівалі халоднай вадой, парвалі нават майткі»

Маларыцкі фермер Мікалай Бяльчук адбыў два месяцы арышту за гвалт над міліцыянтам. Цяпер мужчына выйшаў на свабоду і заявіў пра катаванні.

ca4fbbd8_6d52_429f_8b33_42b25b84c778_w987_r1_s.jpg


Паводле яго, за кратамі замест медычнай дапамогі ахоўнікі яму сказалі, што яго трэба абліць бензінам і падпаліць жыўцом.

12 кастрычніка амапаўцы брутальна схапілі Мікалая, збіўшы пры гэтым яго ды ягоных сваякоў, каб судзіць за канфлікт з аўтаінспектарам двухгадовай даўніны. Сваёй віны фермер не прызнаў і на знак пратэсту трымаў за кратамі галадоўку. Цяпер жа Мікалай Бяльчук збіраецца апратэстоўваць свой вырак у вышэйшых інстанцыях. Тым часам ягоны брат — Аляксандр Бяльчук — усцяж застаецца ў СІЗА, абвінавачаны ў супраціве міліцыянтам.

Мікалай Бяльчук кажа, што не шкадуе пра свае дзеянні і падрабязна распавядае, як з ім абыходзіліся ў СІЗА.

«Мяне завезлі ў СІЗА. Распранулі. Мякка кажучы распранулі. Разарвалі куртку і штаны, нават майткі. Кінулі голага ў камеру. Начальнік аддаў загад сукамернікам здзекавацца фізічна, абліваць вадою, хлёркай з вадою. Мяне аблівалі халоднай вадой содні. Двое содняў я быў непрытомны. Два тыдні ў мяне была тэмпература. Я напісаў заяву на імя начальніка медчасткі. Звяртаўся паўсюль, мне нават адной таблеткі не далі. Я не мог есці, ежа не праходзіла. Я пісаў лісты, іх не перадавалі. Таму я абʼявіў сухую галадоўку. Я трымаў яе 14 дзён. Але чамусьці выжыў».

Фермер кажа, што будзе працягваць змагацца нават пасля вызвалення.

«Мне пагражала ад пяці да сямі гадоў турмы. Мне далі два месяцы. Яны ж не могуць апраўдаць калгасніка. Мы невінаватыя, таму будзем дамагацца праўды», — кажа Бяльчук.

Больш глядзіце ў відэа.


belsat.eu