СК прызначыў дадатковую экспертызу па факце смерці ў турме Ігара Барбашынскага

Працягваецца праверка па справе раптоўнай смерці Ігара Барбашынскага ў медчастцы Жодзінскай турмы.

igar_barbashynski.jpg


Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта вывучае абставіны смерці падсуднага і факты неналежнага выканання медыцынскiмi работнiкамi сваiх абавязкаў.

Так, у ходзе праверкі было ўстаноўлена, што ў перыяд з 18 жніўня па 16 верасня бягучага года Ігар Барбашынскі не аднойчы скардзіўся на галаўны боль, страты прытомнасці, аглядаўся медыкамі хуткай медыцынскай службы, лекарамі медыцынскай часткі жодзінскай турмы, пераводзіўся ў медыцынскую частку турмы №8 для лячэння і назад у камеру. Увечары 16 верасня ў сувязі з пагаршэннем стану Ігар Барбашынскі быў шпіталізаваны ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы, дзе абследаваўся рознымі спецыялістамі.

Па выніках абследавання медыкі выставілі падсуднаму дыягназ — энцэфаліт неўдакладненай этыялогіі, стан быў ацэнены як сярэдняй цяжкасці. Аднак дактарамі было прынята рашэнне аб немэтазгоднасці працягу тэрапіі ва ўмовах аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, і Ігар Барбашынскі ўвечары 19 верасня быў пераведзены ў пульманалагічнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы папраўчай установы «Турма №8» г. Жодзіна, дзе памёр каля шасці раніцы наступнага дня.

Цяпер Жодзінскі аддзел Следчага камітэта прызначыў дадатковую камісійную судова-медыцынскую экспертызу, у якой ставіць перад экспертамі шэраг пытанняў, сярод якіх:

— Што з'явілася прычынай наступлення смерці Ігара Барбашынскага — цяжкасць захворвання або няправільнае лячэнне, недахопы аказання медыцынскай дапамогі?

— Ці ў поўным аб'ёме было праведзена абследаванне падсуднага, калі не, то якое абследаванне і лячэнне патрабавалася правесці?

— Ці меліся 19 верасня паказанні да пакідання І. Барбашынскага ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі Жодзінскай гарадской бальніцы? Ці меў патрэбу І. Барбашынскі 19 верасня ў паўторнай шпіталізацыі і ці патрабавалася яму правядзенне рэанімацыйных мерапрыемстваў раніцай 20 верасня?

— Ці аказала ўплыў на стан яго здароўя і якім чынам тое, што «аптымальная ўводзімая сутачная доза лекавага сродку ацыклавір павінна складаць 30 мг/кг, гэта значыць у два разы больш прызначанай»?

— Якія ступень цяжкасці, механізм і даўнасць з'яўлення выяўленых на целе падсуднага сінякоў на пярэдняй паверхні грудной клеткі, на ўнутранай паверхні правага каленнага сустава, на правай галёнцы, на мяжы правай галёнкі з галёнкаступнёвым суставам, на левай галёнцы?

— Якая колькасць рубцоў выяўлена на галаве І. Барбашынскага пры даследаванні яго трупа і якая ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў, у следстве якіх рубцы з'явіліся, а таксама іх даўнасць і механізм з'яўлення?

Мяркуецца, што па выніках такой экспертызы будзе ўстаноўлена прычына смерці Ігара Барбашынскага і дадзена прававая ацэнка якасці выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы, Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы, адасобленага структурнага падраздзялення Рэспубліканскай бальніцы і медыцынскай часткі "Турмы №8" г. Жодзіна, а пры ўстанаўленні фактаў аказання неналежнай медыцынскай дапамогі — вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Нагадаем, у канцы сакавіка Ігар Барбашыскі разам з братам Іванам пасля наведвання начной кавярні былі затрыманыя міліцыянтамі па дарозе дадому, абвінавачаныя ў знаходжанні ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і дастаўленыя ў медвыцвярэзнік.

Назаўтра да медвыцвярэзніка хлопцамі была выклікана хуткая медыцынская дапамога, якая адвезла іх у паліклініку. Рэнтгенздымкі паказалі пераломы рабрын, таксама былі зафіксаваны шматлікія гематомы. Пасля таго, як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб гвалтоўным нападзе і збіцці іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх узбуджана крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 года, мужчыны былі арыштаваныя і да суда пасаджаныя ў Жодзінскі следчы ізалятар.

У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэнні, падчас якіх абставіны справы для міліцыянтаў выглядалі не лепшым чынам. Абвінавачаныя запрасілі ў суда зрабіць дадатковыя адмысловыя экспертызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасць гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў РАУС.

Аднак адзін з братоў не дачакаўся судовага выраку — раптоўна памёр.



spring96.org