Выпадак са школьнікам са Століна — лагічны для антычалавечнай сістэмы Беларусі
Сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі раскрытыкаваў допыт без ведама бацькоў міліцыянтамі ў школе Століна 9-гадовага Улада Палхоўскага, які раней быў збіты супрацоўнікам міліцыі. У выніку хлопчыку ад перажытага нервавання стала дрэнна.
«Выпадак са школьнікам
са Століна наколькі абуральны, настолькі ж лагічны для антычалавечнай сістэмы,
якая склалася ў Беларусі», — адзначыў ён, назваўшы саўдзельнікамі
злачынства таксама дырэктара школы і настаўніцу, якія насуперак «усім нормам
права і маралі» дазволілі допыт непаўнагадовага дзіцяці.
«Беларуская «праваахоўная»
сістэма па сваёй цынічнасці і амаральнасці нічым не саступае карнай сістэме
часоў Савецкага Саюзу. Дзеці ўжо даўно сталі аб’ектамі ўздзеяння на іх бацькоў
і здзеку з боку «праваахоўных» органаў, якія не разбіраюць ні старых, ні малых,
ні мужчын, ні жанчын, здзяйсняючы свае злачынствы», — заявіў Віталь
Рымашэўскі.
Сустаршыня БХД нагадаў, што дзеці былі адным з інструментаў
ціску бесчалавечнага рэжыму на кандыдатаў у прэзідэнты 2010 года. «Людзі маўчалі, калі на іх вачах забіралі
дзіця Андрэя Саннікава. І беларусы не разумеюць, што гэта можа стацца з кожнай
сям’ёй. Ніякі дэтэктар не здолее выратаваць сістэму, бо беззаконне — гэта яе
сутнасць. І нават сумленным людзям не месца, на жаль, ні ў міліцыі, ні ў КДБ,
ні ў судах, бо гэта сістэма перамолвае прыстойных людзей, прапускаючы іх праз
машыну ілжэсведчанняў, выканання незаконных загадаў», — падкрэсліў ён.
«Беларускія
хрысціянскія дэмакраты будуць сачыць за развіццём падзеяў у Століне. У нас ёсць
прапановы па рэфармаванні судовай сістэмы, МУС, і спыніць здзек з беларусаў
можна толькі, змяніўшы дзейсны рэжым і рэфармаваўшы ўсю сістэму», — заявіў
Віталь Рымашэўскі.