За некалькі дзён да смерці Ігара Барбашынскага моцна збілі
Як паведаміла маці Ігара Барбашынскага, яна валодае дакладнай інфармацыяй аб тым, што ў Жодзінскай турме яе сына шматкратна збівалі, яна непакоіцца пра лёс малодшага сына Івана.
На целе Ігара выяўлена 17 гематом, якія з’явіліся за 2-3 дні да смерці, а таксама рубцы на галаве ад ран, якія былі нанесены раней. 16 верасня ў цяжкім стане ён быў дастаўлены ў рэанімацыю Жодзінскай гарадской бальніцы з нявызначаным дыягназам, а праз 3 дні ўжо памёр.
Маці ставіць пад сумненне папярэдні дыягназ медыкаў гарадской бальніцы «энцэфалія не вызначанай этыялогіі» і залічвае ў шэраг злачынцаў не толькі міліцыянтаў, якія збівалі яе сыноў пры затрыманні ў Слуцку, але і супрацоўнікаў Жодзінскага СІЗА, а таксама дактароў Жодзінскай гарадской бальніцы.
— Майго сына папросту забілі, — гаворыць маці. — Забілі, а каб схаваць сляды — зрабілі выгляд, што аказвалі яму дапамогу па нявызначанаму дыягназу. Яшчэ падчас агляду цела мой муж бачыў гэтыя гематомы, але тады паталагаанатам сцвярджаў, што гэта трупныя плямы…
У мяне шмат пытанняў да дактароў бальніцы. Я не магу зразумець, чаму яны з рэанімацыі вярнулі чалавека ў цяжкім стане паміраць у следчы ізалятар. Чаму не паставілі правільны дыягназ, не звярнуліся да прафесіяналаў за кансультацыяй? Мой сын яшчэ не быў нават асуджаным. Чаму не паведамілі мне пра тое, што ён у рэанімацыі? Чаму ўсе аказаліся такімі бесчалавечнымі? Тут ёсць шмат пра што гаварыць, але трэба пачакаць высноў Жодзінскага следчага камітэта.
Сына свайго я згубіла, а сапраўдныя злачынцы Ярашэвіч, Шумейка і Ламейка гуляюць на свабодзе і працягваюць наводзіць «парадак» у грамадскіх месцах. Дык ці дачакаемся мы справядлівасці?
Зараз Галіна Паўлаўна вельмі перажывае за здароўе і жыццё малодшага сына Івана.
Па яе словах, нядаўна Іван напісаў, што баліць вуха і шуміць у галаве, што, магчыма, дзякуючы пісьмам у інстанцыі і розгаласу ў прэсе яго вадзілі да лор-урача ў гарадскую паліклініку. Як быццам, доктар не знайшоў нічога сур’ёзнага, але прапісаў лекі ад шума ў галаве.
"Адно вуха ў Івана нічога не чула яшчэ да турмы, баімся, каб не здарылася штосьці сур’ёзнага з другім. Перадалі яму шмат розных лекаў. Мусіць, там няма чым лячыць затрыманых людзей ад хвароб і вынікаў
эксперыментаў па выжыванню, якія праводзяць там над імі. У дзень перадач
стаяць доўгія чэргі родзічаў з мяшкамі розных лекаў. Ужо ў 4-ы раз звяталіся да суддзі Слуцкага раёна Паўленкі
Юліі, каб яна змяніла для Івана меру стрымання да аднаўлення працэсу,
але ні на што не спадзяёмся», — скончыла аповед маці.