Алоўкі для Канстытуцыйнага суда набывае... Упраўленне справамі прэзідэнта
Чаму Канстытуцыйны суд і парламент не праводзяць тэндараў на закупку канцтавараў да паперы.
![1_1_0.jpg 1_1_0.jpg](/img/v1/news/full/1_1_0.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Штогод у лютым Цэнтр культуры “Віцебск” абвяшчае тэндар на закупку паслуг перавозкі і пражывання гасцей фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. І нават ганарар Кіркорава з Ланской — праз тэндар.
![http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/2_0.jpg 2_0.jpg](http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/2_0.jpg)
Таму мы ведаем, што ў 2013 годзе на праезд і пражыванне гасцей пайшло болей за 1,3 мільярда рублёў, ці 154 тысячы долараў. Тэндар абвясцілі ў лютым. Апошнія дні мая 2015 года, а тэндараў Славянскага базару няма! А квіткі на Меладзэ і Валерыю ўжо ў продажы.
“Я не буду каментаваць гэтую сітуацыю. Падрыхтоўка ідзе ў нас з верасня! А калі няма тэндару, значыць, не прыйшоў час. Ніякіх інтэрв’ю я вам не дам — мы ўсё робім згодна з заканадаўствам”, — кажа Еўрарадыё першынамеснік генеральнага дырэктара культурнага цэнтра “Віцебск” Алена Серабракова.
Вось старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прэзентуе новы сайт — сайт будзе прысвечаны выбарам, яго запусцяць напярэдадні кампаніі, недзе ў сярэдзіне жніўня. Але тэндару на новы інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс таксама няма. Хоць звычайна дзяржустановы пакідаюць заяўкі нават на рэбрэдынг старых сайтаў. Да прыкладу, распрацоўка новага сайта прэзідэнцкай бібліятэкі каштуе 158 мільёнаў рублёў.
![http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/6jn_6fgpqee.jpg 6jn_6fgpqee.jpg](http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/6jn_6fgpqee.jpg)
Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік тлумачыць Еўрарадыё, што сайт для прэзідэнцкіх выбараў-2015 не новы, а стары. Але да выбараў яго адновяць.
“Не аб’яўлялі дзяржзакупку, бо праз сайт мо было б даражэй, гэта ж аўкцыён! — разважае Мікалай Лазавік. Замест гэтага Цэнтрвыбаркам заключыў дамову наўпрост. — Заключылі дамову з “Белтэлекамам” — гэта яго сайт, ён яго адновіць, так сказаць, страсе пыл. Гэта каштуе 3-4 мільёны рублёў”.
Нацыянальны сход тэндараў не мае — ні будучых, ні ў мінулым. Уражанне, што дэпутаты парламента святыя і нават ручкі носяць на працу свае. А таксама паперкі, мэблю і ездзяць выключна на грамадскім транспарце — эканомяць паліва.
![http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/3_1.jpg 3_1.jpg](http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/3_1.jpg)
“Нам алоўкі і ўсё, што трэба, набывае Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Упраўлення справамі прэзідэнта, здаецца”, — кажуць у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Але на сайце дзяржзакупак няма ніякіх закупак ад імені ўпраўлення для Нацыянальнага сходу — дакладна святыя!
Нічога не набывае для сябе прэзідэнт, няма ніякіх тэндараў у Канстытуцыйнага суда — і не было ў мінулым. І гэта ў той час, як Вярхоўны суд абвяшчае 159 тэндараў — рамонт, закупка прынтараў, сканераў, выдаткі на канцтавары!
![http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/2f70974ea3e4bad2c4ec6dbca8py-ukrasheniya-brosh-iz-foamirana.jpg 2f70974ea3e4bad2c4ec6dbca8py-ukrasheniya-brosh-iz-foamirana.jpg](http://euroradio.fm/files/field/image/2015/05/2f70974ea3e4bad2c4ec6dbca8py-ukrasheniya-brosh-iz-foamirana.jpg)
У Канстытуцыйным судзе кажуць, што тэндары на закупку паперы не абвяшчаюць, бо закупкі ў іх вельмі маленькія. Таму цэнтралізавана асадкі набываюцца праз… Упраўленне справамі прэзідэнта.
“Колькі нам тых папер ды ручак трэба. Цяпер нават скаргі прыходзяць па электронцы. Набылі 30 ручак і стрыжняў і хопіць, — кажуць Еўрарадыё ў судзе. — А дакументазварот мы ўвогуле вядзем электронны — да нас нават па макулатуру не звяртаюцца, бо няма папер”.