Амаль 17 гадоў за кратамі — на волю выйшаў Пётр Кучура

Пётр Кучура быў асуджаны на 18 гадоў за нібыта наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету. 16 жніўня, адбыўшы практычна ўвесь велізарны тэрмін (год быў зняты па ўсеагульнай амністыі і некалькі месяцаў па новым законе за кошт пераліку тэрміну, праведзенага ў СІЗА), ён выйшаў на волю.

Людміла і Пётр Кучура на фоне турэмнага плота.

Людміла і Пётр Кучура на фоне турэмнага плота.


Суд прыйшоў да высновы, што Кучура займаўся браканьерствам, а калі ўбачыў інспектара — застрэліў яго. Аднак усе гэтыя гады, нягледзячы на ціск, запалохванні, а часта здзекі, якія мяжуюць з катаваннямі, Пётр так і не прызнаў сябе вінаватым. Усе гэтыя гады яго жонка праваабаронца Людміла Кучура вяла барацьбу за яго свабоду, напісаўшы за гэты час сотні розных заяў, скаргаў, лістоў і пабываўшы на асабістых сустрэчах у дзясятка чыноўнікаў усіх узроўняў.


Увечары 11 снежня 2004 года ў полі, паблізу садовага таварыства "Тэхнолаг", каля вёскі Масцішча Дзяржынскага раёна, загінуў дзяржаўны інспектар Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Мікалай Гурын. Па версіі следства і суда, у той вечар ён знаходзіўся ў планавым рэйдзе па выяўленні і затрыманні асоб, якія займаюцца незаконным паляваннем. Судовая калегія прызнала Пятра Кучуру вінаватым у наўмысным забойстве ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці, а таксама ў незаконным захоўванні боепрыпасаў. Ён быў прысуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь пакінула прысуд без змены, а касацыйную скаргу — без задавальнення.


Аднак адвакатка юрыдычнай кансультацыі №2 Маскоўскага р-на г.Мінска Жанна Ждановіч (якая да таго, як стаць адвакатам, некалькі гадоў працавала ў пракуратуры, у тым ліку і следчым), азнаёміўшыся з крымінальнай справай пасля таго, як ужо быў вынесены прысуд, выявіла падчас следства мноства парушэнняў закона, працэсуальных парушэнняў, прапажу дакументаў (напрыклад, даведка аб выніках апытання П. Кучуры з выкарыстаннем паліграфа была канфіскаваная з крымінальнай справы), падмену рэчыўных доказаў, неадпаведнасці і адкрытыя фальсіфікацыі, у тым ліку і са зброяй і патронамі. Ужо тады яна заявіла:
— Я стала ўдакладняць абставіны здзяйснення нашумелага злачынства, збіраць дадатковыя дакументы. І неўзабаве прыйшла да высновы, што Пётр Кучура не мог забіць Гурына. Прычым гэта меркаванне не толькі маё, але і многіх кваліфікаваных юрыстаў. Я неаднаразова звярталася з гэтай нагоды ў органы пракуратуры, Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. На мяне ківалі, маўляў, занадта захапілася расследаваннем. Заяўлялі, што няма падстаў для выпатрабавання і пераправеркі нашумелай крымінальнай справы. У мяне склалася меркаванне, што да справы чамусьці баяцца дакрануцца...


Напрыклад, падчас следства быў заменены бушлат ахвяры. Так, на здымку, зробленым на месцы здарэння, добра відаць, што зімовая куртка загінулага была з футравым каўняром, які не здымаецца. Судова-медыцынскім экспертам дадзеная куртка таксама апісана з футравым каўняром. Аднак на першую судова-балістычную экспертызу куртка паступае чамусьці без футравага каўняра, а на наступныя экспертызы — зноў з ім. Адбываліся маніпуляцыі і з зброяй саміх інспектараў.
У выніку было высветлена, што Мікалай Гурын быў забіты стрэлам у спіну, таксама выяўлены шэраг абставінаў, якія паказваюць на наяўнасць па справе іншай следчай версіі і датычнасці да забойства Гурына іншых асоб — па адной з версій, вельмі высокапастаўленых.
Паводле bydc.info