Як прэсуюць у Магілёўскай калоніі №15: поўная ізаляцыя і пагроза новага тэрміну для Пятра Кучуры
Асуджаны Пётр Кучура, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15, цягам двух тыдняў атрымаў ад адміністрацыі ўстановы 3 спагнанні.
Цяпер яго можа чакаць альбо перавод у турму, альбо
ўзбуджэнне крымінальнай справы па арт. 411 Крымінальнага кодэксу (Злоснае
непадпарадкаваньне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая
выконвае пакаранне).
Па словах ягонай жонкі, Людмілы Кучура, такая жорсткая траўля мужа пачалася менавіта пасля стварэння петыцыі за перадачу паўнамоцтваў Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрству юстыцыі. Асаблівую занепакоенасць у адміністрацыі калоніі выклікала тая акалічнасць, што такім чынам раскрылася інфармацыя пра катаванні і неаказанне медыцынскай дапамогі ў калоніі №15, якія прывялі да некалькіх смерцяў, у тым ліку і жонкі аднаго з асуджаных падчас працяглага спаткання.
Паводле слоў Людмілы Міхайлаўны, начальнік ПК № 15 Аляксей Лазарэнка і яго намеснік па рэжымна-аператыўнай працы Аляксандр Слесараў прад'явілі прэтэнзію Пятру Кучуры аб перадачы жонцы гэтай інфармацыі. Пасля чаго на яго пачаўся моцны ціск: спачатку яму абвясцілі спагнанне нібыта за самаробны кіпяцільнік, а потым і зусім перавялі ў ШІЗА.
“Апроч гэтага кіраўніцтва калоніі трымае яго ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету: яму не дазваляюць патэлефанаваць родным, не выпускаюць з калоніі ніводнага ягонага ліста. Выключэнне склала хіба што паштоўка з кароценькім тэкстам, адпраўленая 14 сакавіка. І гэта сведчыць аб тым, што пошта працуе спраўна, а лісты, адпраўленыя да гэтай даты, у лютым і сакавіку, проста не адпраўляюць”, — распавяла праваабаронцам Людміла Кучура.
Напачатку сакавіка жанчына накіравала заяву на імя начальніка калоніі з просьбай даслаць ёй копіі пастановаў аб спагнаннях і змяшчэнні ў ШІЗА яе мужа, каб абскардзіць іх у судзе. Апроч гэтага, яна пісьмова звярнулася да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, паколькі ўсур’ёз непакоіцца за ягонае жыццё ў калоніі.