Amnesty International: Апаненты ўрада цяпер наўпрост сутыкаюцца з перспектывай быць расстралянымі
Amnesty International асудзіла новаўвядзенні ў Крымінальны кодэкс Беларусі, што пашырылі спіс злачынстваў, за якія можа прызначацца смяротнае пакаранне.
Каментуючы прыняцце ўладамі Беларусі новага закона, які ўводзіць смяротнае пакаранне за «замах на здзяйсненне акта тэрарызму», Мары Стразэрс, дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, заявіла:
«Беларусь — адзіная дзяржава ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне — вельмі жорсткая, бесчалавечная і прыніжаючая годнасць мера пакарання. Новы закон, які супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі, пашырае ўжыванне гэтага жорсткага і бесчалавечнага пакарання на дзеянні, якія не кваліфікуюцца як наўмыснае забойства, і з'яўляецца апошняй праявай глыбокага грэбавання беларускімі ўладамі правамі чалавека».
«Гэта асабліва трывожна, улічваючы, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць небяспечна расплывістае вызначэнне «тэрарызму», а абвінавачанні, звязаныя з тэрарызмам, выкарыстоўваюцца для пераследу палітычнага іншадумства. Улады сістэматычна прыраўноўваюць мірныя пратэсты і рэалізацыю права на свабоду слова да гвалтоўных злачынстваў, і гэты закон з'яўляецца страшным сігналам узмацнення рэпрэсій і павышэння ставак для крытыкаў рэжыму ў літаральным сэнсе да новай смяротнай вышыні», — дадала яна.
«Ва ўмовах задушліва-рэпрэсіўнага палітычнага клімату ў Беларусі апаненты ўрада цяпер наўпрост сутыкаюцца з перспектывай быць расстралянымі, калі адважацца выказацца. Мы заклікаем Беларусь раз і назаўжды адмовіцца ад гэтага жорсткага, бесчалавечнага і прыніжаючага годнасць пакарання і спыніць ганебную кампанію пераследу палітычных апанентаў і праваабаронцаў», — заявіла таксама Стразэрс.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 18 траўня падпісаў новы закон, які ўводзіць смяротную кару за "замах на ўчыненне акта тэрарызму". Закон набудзе моц праз 10 дзён пасля апублікавання.
У красавіку беларускі парламент прыняў законапраект, які пашырае прымяненне пакарання смерцю. Лічыцца, што гэты крок стаў адказам на нядаўнія выпадкі сабатажу на чыгунцы краіны. Яны нібыта былі здзейснены праціўнікамі расійскага ўварвання ва Украіну, каб перашкодзіць расійскім сілам, дыслакаваным у Беларусі, перасякаць мяжу.
Паводле праваабаронцаў, абвінавачаанні ў “замаху на тэрарызм” ужо прад'яўленыя дзясяткам палітычных актывістаў. Сярод іх — Святлана Ціханоўская, лідар апазіцыі, якая знаходзіцца ў выгнанні, і галоўная саперніца Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, якія шырока аспрэчваюцца.
У цяперашні час смяротнае пакаранне звычайна ўжываецца ў Беларусі за забойства пры абцяжарваючых абставінах, але таксама з'яўляецца магчымым пакараннем за ўчыненне тэрарыстычных актаў, якія прывялі да смерці людзей.