Яны пра нас: «Ёсць значная частка грамадства, якая супраць улады»

Чарговы дайджэст цытат з публікацый замежных СМІ, прысвечаных Беларусі.

Фота чытача

Фота чытача

«Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы — гэта, у першую чаргу, зняцце розных бар'ераў паміж Расіяй і Беларуссю, стварэнне агульнай, як мінімум, эканамічнай прасторы. Падобнае становішча спраў само па сабе з'яўляецца наймагутным бар'ерам і, судзячы па ўсім, гэта звязана з уведзенымі санкцыямі, а таму надоўга. Бар'ер трэба ўхіліць. Мабыць, само жыццё прымушае нас вярнуцца да разгляду прызабытага ўжо праекту адзінай валюты».Политнавигатор (Расія)
«18 мая Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб папраўках у Крымінальны кодэкс, якія пашыраюць сферу прымянення пакарання смерцю. Цяпер яна можа быць прызначаная за замах на ўчыненне злачынстваў тэрарыстычнай накіраванасці. Новыя папраўкі сведчаць аб тым, што ўлады Беларусі не лічаць, што папярэднімі актыўнымі рэпрэсіямі дасягнулі сваёй мэты запалохвання і дабіліся ліквідацыі апазіцыйнай актыўнасці. Усё роўна ёсць палітычная актыўнасць, ёсць значная частка грамадства, якая супраць улады. Адпаведна, яны вырашылі падняць градус запалохвання і пагражаюць ужо смерцю. Каб кожны патэнцыйны супернік улады думаў, што яго могуць забіць, расстраляць, і ўсё будзе нібыта ў межах новых законаў».DW(Германія)
«Роля Беларусі ў спецаперацыі на Украіне для Захаду — глыбока другасная акалічнасць, незалежна ад таго, якую ролю гуляе Беларусь у гэтай аперацыі, і ці гуляе яна яе наогул. Ключавым застаецца тое, што на гэтай тэрыторыі знаходзяцца расійскія войскі, і яна з'яўляецца адным з галоўных элементаў у сістэме ваеннай бяспекі РФ на яе заходніх межах. І ў гэтых адносінах беларускаму кіраўніцтву губляць няма чаго. Для ЗША і НАТА — Беларусь не з'яўляецца часткай заходняга блока і санітарнага кардона на мяжы РФ, якая абавязаная разам з Украінай і Прыбалтыкай ціснуць на Расію».Аргумент (Расія)
«Да лютага большая частка ўкраінска-беларускай мяжы складалася з невялікіх кантрольна-прапускных пунктаў, падобных на кіёскі, праз якія з лёгкасцю прарваліся расійскія танкі. Праз два дні пасля ўварвання Украіна закрыла ўсе свае памежныя пераходы з Беларуссю і Расіяй. У сваім аналізе пагрозы з боку Беларусі Міністэрства абароны Вялікабрытаніі на мінулым тыдні заявіла, што прысутнасць беларускіх войскаў на мяжы, верагодна, перашкодзіць Украіне разгарнуць аперацыі падтрымкі на сваім фронце ў Данбасе».The Guardian (Вялікабрытанія)
«Абвінавачанне сцвярджае, што злачынныя задумы ў Аўтаховіча ўзніклі, калі ён знаходзіўся ва Украіне. Таксама лідару групы ставіцца ў віну намер «захапіць уладу па ініцыятыве і пры садзейнічанні Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны». Так ці інакш, але несумненна, што Украіна сёння з'яўляецца базай для фармавання ядра радыкальнай апазіцыі. Якраз непасрэдна ў Дзень палітвязняў прадстаўнікі «Батальёна Кастуся Каліноўскага» зрабілі адмысловую заяву аб тым, што іх падраздзяленне ў сувязі з ростам колькасці байцоў пераўтворыцца ў полк».Независимая газета (Расія)
«Цікава, што пасля таго, як перамовы з Масквой па пытанні транзіта збожжа з Украіны, відавочна, праваліліся, Захад пераключыўся на Беларусь. Мінск патрапіў пад санкцыйную раздачу разам з Масквой, і да гэтага часу Аляксандр Лукашэнка ў цэлым не агучваў рознагалоссяў з саюзнай дзяржавай. Але ў мінулым беларускі лідар часта спрабаваў праводзіць палітыку "сядзення на двух крэслах".
Таму нельга выключаць, што такая прапанова ў абыход Масквы будзе ім разгледжана. Праўда, у Крамлі ад такога варыянту развіцця падзей відавочна будуць не ў захапленні». РБК (Украіна)