Андрэя Пачобута чакае суд

20 верасня заканчваецца перыяд адтэрміноўкі пакарання гродзенскага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Пачобутапа крымінальнай справе за “паклёп на прэзідэнта”.



pochobut.jpg

Андрэй Пачобут. Фота gazetaby.com

Гаворка ідзе пра рашэнне Ленінскага раённага суда Гродна (суддзя Віталь Ляцко) ад 5 ліпеня 2011 г., які прызнаў Пачобута вінаватым у парушэнні ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса і пакараў трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.

Паводле арт. 77 ч. 7 Крымінальнага кодэкса РБ, пасля заканчэння “тэрміну адтэрміноўкі” зноў мае адбыцца суд, які можа:

– Вызваліць асуджанага ад прызначанага судом пакарання, “калі ў перыяд адтэрміноўкі асуджаны законапаслухмянымі паводзінамі даказаў сваё выпраўленне”;

– Падоўжыць адтэрміноўку выканання пакарання, калі асуджаны “праявіў імкненне да законапаслухмяных паводзінаў, але не ў поўнай меры даказаў сваё выпраўленне”;

– Накіраваць асуджанага для адбывання прызначанага судом пакарання, “калі асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не праявіў імкнення да законапаслухмяных паводзінаў”.

Як паведаміў журналіст прэс-службе ГА “БАЖ” 19 верасня, пакуль яму ні пра які судовы разгляд нічога не паведамлялі. “Гэта найбліжэйшымі днямі павінна адбыцца. Але, відаць, мяне ў апошнюю хвіліну паінфармауюць”, — мяркуе Андрэй Пачобут. 

Нагадаем, што, паводле абвінавачання, на працягу 2010–2011 гадах Андрэй Пачобут “паклёпнічаў” на А. Лукашэнку на старонках “Gazety Wyborczеj”, сайта “Белорусский партизан” і свайго блогу poczobut.livejournal.com. Аналізавалі «крымінальныя» тэксты Пачобута выкладчык-філолаг Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Аляксей Нікіценка і двое супрацоўнікаў аддзела ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама — Павел Скрабко (загадчык) і Віктар Жалезняковіч (адказны за працу са СМІ).

А. Пачобута вызвалілі ў зале суда 5 ліпеня, але пад падпіску аб нявыездзе (з 6 красавіка 2011 г. журналіста ўтрымлівалі ў следчым ізалятары Гродзенскай турмы №1). Пачобут не прызнаў сябе вінаватым і паспрабаваў абскардзіць рашэнне суда. 20 верасня 2011 года Гродзенскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу журналіста, і рашэнне набыло законную сілу.   

Яшчэ адну крымінальную справу (паўторны паклёп на кіраўніка дзяржавы, ч. 2 арт. 367 КК РБ) завялі на Пачобута ўлетку 2012 г. У сакавіку 2013 года справу спынілі ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях журналіста складу злачынства.

baj.by