Крымінальная справа журналіста Андрэя Пачобута будзе перагледжана судом 23 верасня

23 верасня суд Ленінскага раёна Гродна будзе пераглядаць крымінальную справу журналіста Андрэя Пачобута.  Як паведаміў Пачобут на сваёй старонцы ў Facebook, 21 верасня яму прынеслі позву з запрашэннем з'явіцца ў суд у панядзелак у 15.30. "Дзеянне, на якое мяне запрашаюць, называлі аптымістычна: "пра вызваленне ад пакарання". Ну што ж, будзем вызваляцца, хто ж супраць", — піша журналіст. 



pachobut1.jpg

Крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўніка польскай Gazeta Wyborcza Андрэя Пачобута была распачата 28 сакавіка 2011 года. У пастанове пракуратуры гаварылася: "Пачобут А.С. <...> у перыяд 2010—2011 гг. размясціў у глабальнай камп`ютарнай сетцы інтэрнэт на сайтах www.wyborcza.plbelaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com створаныя ім тэкставыя публікацыі, названыя "Час закручваць гайкі", "Лукашэнка знайшоў чарговую цэль", "У Беларусі выбары без выбару", "Кажыце мне бацька", "Так правіць Лукашэнка", "Лукашэнка: Так, я сфальсіфікаваў выбары", "Свабода па-беларуску. Пакаяўся дык выйшаў?", "Перадвыбарны папулізм па-беларуску", "Так палохае беларускі КДБ", і адзін тэкст без назвы, які пачынаецца словамі "Дзякуй усім..." і заканчваецца словамі "...можаце выкарыстоўваць", у якіх утрымліваюцца прыкметы публічнай абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". 
5 ліпеня 2011 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў Пачобута вінаватым у паклёпе на прэзідэнта і прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. 20 верасня таго ж года Гродзенскі абласны суд падтрымаў гэты прыгавор, адмовіўшы журналісту ў задавальненні касацыйнай скаргі. Такім чынам, 20 верасня гэтага года адтэрміноўка выканання прыгавору закончылася. 
Суд, які мае адбыцца, можа вызваліць Пачобута ад адбывання пакарання, працягнуць адтэрміноўку прыгавору або накіраваць яго адбываць пакаранне ў турме. "Рабіць прагнозы, якім будзе рашэнне суда, складана, бо ў Беларусі ўсё завязана на волі аднаго чалавека. Але, згодна з логікай падзей, мяне павінны вызваліць ад адбыцца пакарання", — сказаў Пачобут у каментарыі БелаПАН. 
Варта адзначыць, што ў ліпені гэтага года ад адбыцця пакарання пасля адтэрміноўкі прыгавору былі вызвалены экс-кандыдат у прэзідэнты лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў і жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава журналістка Ірына Халіп. Абодва ў маі 2011 года былі прызнаны вінаватымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.
БелаПАН