Антон Астаповіч сумняваецца, што дому Максіма Гарэцкага ў Горках будзе нададзены статус помніка гісторыі
Старшыян Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антон Астаповіч сумняваецца, што дому класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага ў горадзе Горкі (Магілёўская вобласць) будзе нададзены статус помніка гісторыі.
Старшыян Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) Антон Астаповіч сумняваецца, што дому класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага ў горадзе
Горкі (Магілёўская вобласць) будзе нададзены статус помніка гісторыі.
У каментары “Новага часу ён адзначыў, што адзіны рэальны шанец захаваць дом Гарэцкага — гэта ўключыць яго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі
Беларусь. Паводле ягоных слоў, горацкі краязнаўца, кандыдат філасофскіх навук Аляксандр Ліўшыц, які вывучаў жыццё і творчасць Гарэцкага і зараз жыве ў Ізраілі, разам з мясцовым краязнаўцам і
журналістам Ільёй Заранком падрыхтаваў усе неабходныя матэрыялы (навуковае абгрунтаванне, фотаздымак аб’екта і яго фіксацую на генеральным плане Горак), і парэкамендаваў, каб гэтыя дакументы
і прапанова аб наданні дому статуса помніка былі накіраваныя ў Міністэрства культуры ад кіраўніцтва БДТАПГК. “Мы так і зрабілі і напрыканцы сакавіка накіравалі ўсе матэрыялы, неабходныя для
надання дому статуса помніка гісторыі, у Беларускую рэспубліканскую навукова-метадычную раду па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, — сказаў
Астаповіч. Аднак ён выказаў сумненне, што будзе падтрымана прапанова грамадскасці, паколькі “у апошні час рада не можа пахваліцца ні адным рашэннем ў рэальную абарону спадчыны.
Разам з тым Астаповіч нагадаў, што дом Гарэцкага зараз ахоўваецца дзяржаваў, бо дакументы аб наданні яму статуса помніка разглядаюцца Міністэрствам культуры.
Ілья Заранок распавёў “Новаму часу, што ў Горках у двухпавярховым доме №3 з дрэва і цэглы па вуліцы Агранамічнай на другім паверсе ў кватэры №5 з 1926 па 1928 год пражываў Максім
Гарэцкі. Паводле словаў краязнаўцы, у лістападзе мінулага года грамадскасці стала вядома, што гэты будынак рыхтуецца пад знос у сувязі з добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля гарадскога Ніжняга возера.
Як адзначыў Заранок, па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў быў арганізаваны збор подпісаў у абарону дома Гарэцкага. Усяго было сабрана каля 400 подпісаў жыхароў Мінска, Віцебска і Горак пад зваротам,
накіраваным ў Горацкі райвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам і ў Міністэрства культуры, сказаў краязнаўца. Паводле ягоных слоў, падпісанты звароту лічаць, што знос гэтага будынка будзе вялікай стратай
для нацыянальнай культуры і просяць улады адсяліць жыхароў дома Гарэцкага ў новыя кватэры, а сам помнік гісторыі захаваць для нашчадкаў. “Калі ж будынак захаваць немагчыма, грамадскасць
просіць усталяваць на гэтым месцы помнік Максіму Гарэцкаму, які б адпавядаў значэнню гэтай асобы ў гісторыі Беларусі, — сказаў Заранок.
Паводле ягоных слоў, днямі грамадскасць атрымала адказ з Магілёўскага аблвыканкама з прапановай усталяваць на месцы знесенага дома Гарэцкага архітэктурна-скульптурную кампазіцыю з добраўпарадкаваннем
прылеглай тэрыторыі. Акрамя таго, у адказе прыводзяцца вынікі абследавання дома Гарэцкага спецыялістамі ПВГУП “Магілёўпраектсервіс. На думку спецыялістаў, у жылым будынку, дзе
знаходзіцца кватэра Максіма Гарэцкага, неабходна узмацніць падмуркі; разабраць вонкавыя сцены з сілікатнай цэглы, замяніць частку бярвення, якая згніла; выканаць замену перакрыцця сутарэннага
памяшкання; узмацніць міжпавярховыя і паддашкавыя перакрыцці; замяніць кроквенную сістэму і ўсе сталярныя вырабы, а таксама ўцяпліць канструкцыі вонкавых сцен з бярвення. Прычым чыноўнікі
аблвыканкама лічыць, што такія рамонтныя працы не маюць сэнсу, бо прывядуць да “страты аўтэнтычнасці дома.
У сваю чаргу Астаповіч не бачыць у пералічаных работах па аднаўленні дома Гарэцкага нічога незвычайнага. “У рэстаўрацыі існуе цэлы шэраг сучасных тэхналогій, якія прымяняюцца і ў Беларусі.
Большасць пералічанага робіцца элементарна, не ўяўляе складанасці і не прывядзе да страты аўтэнтычнасці будынка. Што тычыцца ўцяплення дома, дык гэта не давядзецца рабіць, калі будынку прысвояць
статус помніка, — сказаў Астаповіч.
Жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага цесна звязаны з Горкамі. Тут ён у 1912-1913 гадах вучыўся ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, з 1926 па 1928 гады загадаваў кафедрай беларускай мовы, літаратуры і
гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Кватэра Гарэцкага ў Горках — адзінае жыллё пісьменніка, якое захавалася ў Беларусі.