Арцём Шрайбман: У ідэі мірнага пратэсту адвакатаў амаль не засталося

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман адзначыў, наколькі змянілася рыторыка беларускіх дэмсілаў на карысць радыкалізацыі.

23ash.jpg

— З'явілася важная адзнака, якую прайшлі дэмсілы праз два гады пасля пачатку пратэстаў. Яна палягае ў тым, што, прынамсі, на ўзроўні кіраўніцтва — Святланы Ціханоўскай і яе новых міністраў — ёсць дакладнае прыняцце нармальнасці сілавых метадаў, — цытуе Арцёма Шрайбмана «Салидарнасць» са спасылкай на «Нямецкую хвалю». — Два гады таму гэта было абсалютным маветонам, нельга было казаць «за» сілавыя метады, і лідары адхрышчваліся ад любых сілавых акцый усімі магчымымі спосабамі.

А сёння калі б хтосьці выступіў адкрыта з пазіцыяй «я за мірны пратэст, гвалт — гэта не наш шлях», хутчэй за ўсё, яго б асвісталі.

Гэта прынцыповы зрух у рыторыцы. Я думаю, вайна стала вельмі важным каталізатарам для такога зруху. І прызначэнне сілавікоў Сахашчыка і Азарава на дамінуючыя пазіцыі — пацверджанне гэтаму.

Шрайбман прааналізаваў склад абноўленай верхавіны дэмсілаў і прыйшоў да высновы, што ён канцэптуальна змяніўся.

— Кабінет (Аб'яднаны пераходны кабінет) створаны кааліцыяй, у якую ўваходзяць рух «С*праціў», «К*берпартызаны», полк «Пагоня», іншыя арганізацыі. Мы бачым, што добрая палова структур, якія стварылі новы кабінет, — гэта прыхільнікі сілавога супраціву, былыя сілавікі, дзеючыя добраахвотнікі.

Калі ўспомніць, з каго стваралася К*ардынацыйная рада два гады таму, то гэта былі дзеячы культуры, літаратары, бізнесмены, грамадскія мысляры.

Мы ўбачылі, наколькі канцэптуальна змяніўся пул людзей, з якіх набіраюцца лідары беларускай апазіцыі, — кажа Шрайбман.

На яго думку, радыкальны шлях супраціву мае больш мінусаў, чым плюсаў, але ў той жа час валодае магчымасцямі.

— Прынамсі, палітызаваная частка пратэстнага ядра, тыя людзі, якія дагэтуль усё яшчэ знаходзяцца ў стане эмацыйнай зараджанасці, чытаюць навіны пра палітыку, не адключаюцца, перажываюць за тое, што адбываецца ў дэмсілах, відавочна радыкалізаваліся.

Мы бачым, што яны дакладна не гатовыя сказаць, што будуць і ў наступны раз здымаць абутак, становячыся на лавачку. У тых, хто застаўся ў палітыцы і каго сёння прадстаўляюць беларускія дэмсілы, гэта, мабыць, дамінуючы наратыў.

Гэта і выклік, і магчымасць. Калі мы трапляем у сцэнар рэвалюцыйнай змены ўлады ў Беларусі, гэта магчымасць. Тады будзе структура, будзе нейкая мабілізаваная каардынацыя — тое, чаго не было ў 2020 годзе.

Ва ўсіх астатніх сцэнарах у такога шляху больш мінусаў. Таму што гэта звужэнне сваёй базы ўнутры краіны, гэта звужэнне сваёй міжнароднай падтрымкі, гэта балансаванне і залежнасць ад тых рэдкіх знешніх партнёраў, накшталт Украіны, якія яшчэ гатовыя на сваёй тэрыторыі дазваляць знаходжанне беларускіх добраахвотнікаў. Гэта значыць, такім чынам вы трапляеце ў вузкую каляіну. Гэта рызыкоўная стаўка, і дэмсілы яе робяць.

І гэта, мне здаецца, і ёсць канцэптуальная смерць мірнага пратэсту. Гэта не значыць, што ўсе беларусы адмовіліся ад мірнага пратэсту ці ад гэтай ідэі. Гэта значыць, што больш у гэтай ідэі публічна адвакатаў практычна не засталося, — зрабіў выснову аналітык.