Святлана Ціханоўская: Без вольнай ад тыраніі Беларусі не можа быць трывалай бяспекі для Украіны

Дэмакратычная лідарка Беларусі павіншавала ўкраінцаў і ўкраінак, а таксама прэзідэнта Зяленскага, з Днём Незалежнасці Украіны.

photo_2022_08_24_16_34_55.jpg


У яе віншаванні падкрэсліваецца, што яна віншуе «ад імя беларусаў і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі».

«Гэты дзень адгукаецца ў сэрцах і душах усіх свабодалюбных беларусаў. Сёння вы ахвярна бароніце і сваю волю, і незалежнасць Еўропы. Нашая краіна Беларусь зараз паняволеная, і расійскія агрэсары з беларускай зямлі падступна атакуюць мірныя ўкраінскія гарады і сёлы. Але беларускі народ, які ў 2020 годзе зрабіў выбар на карысць свабоды, не будзе вечна мець над сабой прыгнёту. Гэта пацвярджаюць і беларускія ваяры ў складзе Узброеных сілаў Украіны, і нашыя адважныя партызаны, якія спынялі расійскія цягнікі, што рухаліся ў бок Украіны», — напісала Ціханоўская.

Пры гэтым яна адзначыла, што на сённяшняе свята прыпадае паўгода ад пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны. «Тыя антыўкраінскія мэты, якія заявіў Крэмль, тая бязлітаснасць, непавага да чалавечага жыцця і да ўсяго ўкраінскага, робяць гэтае змаганне Украіны змаганнем за справядлівасць, годнасць, за свой дом», — адзначыла палітык.

«Пагроза незалежнасці Беларусі і Украіны сапраўды сур'ёзная. Гандлюючы беларускім суверэнітэтам дзеля захавання ўлады, незаконны рэжым ганебна ўцягнуў нашую краіну ў гэтую вайну, парушыў абяцанні перад украінскім народам і здрадзіў беларускай дзяржаўнасці. Мы ўжо ведаем, што для агрэсара Пуціна Беларусь і Украіна ўвогуле не павінны існаваць як дзяржавы. І гэта робіць нашую з вамі барацьбу супольнай. Бо без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі, але і без вольнай ад тыраніі Беларусі не можа быць трывалай бяспекі для Украіны і для ўсёй Еўропы. Мы разам павінны пераадолець гэты небяспечны этап, спыніць дыктатараў і пачаць наладжваць новыя адносіны паміж нашымі дзяржавамі, якія будуць мець за аснову агульначалавечыя каштоўнасці, еўрапейскую перспектыву і інтарэсы ўзаемнай і рэгіянальнай бяспекі», — лічыць Ціханоўская.

Па яе словах, дэмакратычная Беларусь стаіць на баку Украіны, а самі беларусы штодня дапамагаюць украінцам адстаяць свабоду. «Мы верым у перамогу Украіны і будзем працягваць падтрымліваць украінскі народ у пабудове такой будучыні, якую ён сам абярэ. І я веру, што беларусы і ўкраінцы абавязкова будуць лепшымі суседзямі ў свабоднай еўрапейскай прасторы», — упэўненая яна.

Віншаванне Ціханоўскай заканчваецца лозунгамі: «Слава Украïні! Жыве Беларусь!»