Вікторыю Азаранка не дапусцілі да ўдзелу ў дабрачынным матчы ў падтрымку Украіны
Вікторыю Азаранка не дапусцілі да ўдзелу ў дабрачынным матчы ў падтрымку Украіны, які пройдзе на корце US Open 24 жніўня (у Дзень незалежнасці Украіны). Такое рашэнне прынялі арганізатары мерапрыемства, а гэта Асацыяцыя тэніса ЗША.
Выставачны матч атрымаў назву «Тэнісісты за мір». Азаранка пагадзілася ў ім удзельнічаць два тыдні таму, калі атрымала прапанову ад арганізатараў. І тады ніякіх пытанняў да беларускай тэнісісткі не было. Цяпер жа арганізатары спасылаюцца на пазіцыю ўкраінскіх спартсменаў, піша «Е*рарадыё».
«Азаранка — моцны гулец, — пішуць яны. — Мы цэнім яе гатоўнасць удзельнічаць. Улічваючы адчувальнасць украінскіх тэнісістаў і сітуацыю, якая працягваецца [вайну ва Украіне], мы ўпэўненыя, што гэта правільны курс нашых дзеянняў».
Як вядома, Беларусь лічыцца саўдзельнікам агрэсіі Расіі супраць Украіны. Беларускі спорт знаходзіцца з-за гэтага пад санкцыямі. Беларускія тэнісісты могуць выступаць толькі ў нейтральным статусе. Але ўкраінскія спартсмены, спартыўныя функцыянеры патрабуюць поўнага недапушчэння да спаборніцтваў беларусаў і расіян.