Амбасада ЗША ў Беларусі: Захаванне незалежнасці Украіны і аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі ідуць поруч

Дыпламатычнае прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Беларусі апублікавала заяву, прымеркаваную да Дня незалежнасці Украіны і паўгоддзя пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі з Украінай.

4e5e8f99_0354_413a_8882_14a845d9a397_w1023_r1_s.jpg


«Ужо паўгода Украіна вытрымлівае масіраваныя бамбардзіроўкі, аблогі гарадоў і зверствы супраць свайго народу. Украіна змагаецца за тое, каб абараніць не толькі сваю дэмакратыю, але і само выжыванне як незалежнай краіны. Але наступствы вайны Расіі не абмяжоўваюцца Украінай. Незалежная будучыня як Украіны, гэтак і Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за экспансіянісцкай, імперыялістычнай палітыкі Расіі», — у прыватнасці, гаворыцца ў заяве.

Амбасада ЗША канстатуе, што «народ Беларусі, як і народ Украіны, імкнецца да будучыні, заснаванай на захаванні суверэнітэту сваёй краіны, дэмакратычных прынцыпах і вяршэнстве закону». «Але выключная засяроджанасць рэжыму Лукашэнкі на захаванні ўлады падарвала беларускі суверэнітэт і аддала беларускую тэрыторыю, паветраную прастору і інфраструктуру на службу вайсковым патрэбам Расіі. Саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны і спрыянне ёй супярэчаць волі беларускага народу», — лічаць у дыппрадстаўніцтве.

«Ад амерыканскіх вуліц да Майдану, ад Капіталійскага пагорка да Рады Еўрасаюзу — шырокая падтрымка Украіны прадэманстравала, што несправакаваныя напады на суверэнныя, незалежныя дзяржавы не застануцца без адказу і будуць каштаваць вельмі дорага — як для Расіі, гэтак і для рэжыму Лукашэнкі.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года беларускі народ прадэманстраваў выключную непахіснасць у падтрымцы дэмакратычнага руху цаной вялікіх асабістых ахвяр. З 24 лютага 2022 году беларускія дэмакратычныя сілы ясна далі зразумець, што беларускі народ выступае супраць уварвання Расіі ва Украіну, супраць спрыяння рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне і супраць спробаў знішчыць суверэнітэт і незалежнасць абедзьвюх краін. Беларускія добраахвотнікі змагаюцца плячо да пляча з украінскімі войскамі, абараняючы ўкраінскую тэрыторыю.

Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці збіраюць гуманітарную дапамогу і дастаўляюць яе ў падтрымку ўкраінскага народу, а беларусы прымаюць захады, каб перашкодзіць транспарціроўцы праз беларускую тэрыторыю ва Украіну расійскіх боепрыпасаў і вайскоўцаў», — гаворыцца ў заяве.

Амбасада ЗША запэўнівае, што Злучаныя Штаты будуць працягваць дамагацца прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за абуральныя парушэнні правоў чалавека, уключаючы зняволеньне больш за 1300 палітычных вязняў. «Мы таксама будзем цвёрда стаяць на тым, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну», — канстатуецца ў дакуменце.

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў імкненні да больш дэмакратычнай, суверэннай і квітнеючай будучыні. І Злучаныя Штаты падтрымліваюць Украіну і яе барацьбу за сваё выжыванне, адначасова працуючы над умацаваннем еўрапейскай бяспекі і дэмакратычных каштоўнасцяў. Мы падтрымліваем Украіну, таму што дзяржаўныя межы і пастаўкі харчавання не разменная манета. Мы падтрымліваем Украіну, таму што правы чалавека бясспрэчныя. Мы падтрымліваем Украіну, таму што гэта правільны ўчынак. Барацьба за захаванне незалежнасці Украіны і аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі ідуць поруч. Слава Украіне і Жыве Беларусь» — гэтымі заклікамі завяршаецца заява амбасады ЗША ў Беларусі.