Арганізатары акцыі на Дзень волі хацелі б пабачыць калькуляцыю на паслугі міліцыі

Адзін з заяўнікаў правядзення вулічнай масавай акцыі на Дзень Волі, актывіст Руху “За Свабоду” Мікіта Семяненка не плануе аплочваць паслугі па ахове грамадскага парадку паводле дамовы з ГУУС Мінгарвыканкаму, пакуль не атрымае адпаведнай калькуляцыі выдаткаў.



f0d4ec73_180a_4665_8d66_27c2e2c8996f_mw1024_s_n.jpg

Размова ідзе пра 5 мільёнаў 367 тысяч рублёў - чацвёртую частку ад агульнай сумы (заяўнікоў было чацвёра). Рэч у тым, што Семяненка просіць мінскую міліцыю “прадаставіць дакументы, якія абгрунтоўваюць парадак разлікаў” кошту гэтых расходаў.

“Бо незразумела, ці сапраўды такая сума спатрэбілася для аховы правапарадку падчас акцыі і колькі супрацоўнікаў міліцыі забяспечвалі яго. Хацелася б пабачыць падрабязны празрысты каштарыс. Апрача таго, адвольныя затрыманні некалькіх удзельнікаў шэсця ставяць пад сумнеў якасць аказанай паслугі. Чаму арганізатары павінны фінансаваць незаконныя затрыманні мірных грамадзян?” — каментуе недавер і цікавасць да міліцэйскай калькуляцыі першы намеснік Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Прадаставіць абгрунтаваны каштарыс у мінскай міліцыі, па словах Мікіты Семяненкі, яму адмовіліся. Як і паведаміць дакладную колькасць задзейнічаных праваахоўнікаў на Дні Волі.

Палічыць жа іх падчас акцыі было немагчыма. Так, у сваёй справаздачы па маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзень Волі-2015” Беларускі Хельсінкскі камітэт і Праваабарончы цэнтр “Вясна” сярод іншага адзначылі “немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных нумарных знакаў на пераважнай большасці супрацоўнікаў у форме”. Апрача гэтага, звернута ўвага на “нізкую інфармацыйнасць ад супрацоўнікаў міліцыі пры зваротах назіральнікаў адносна іх колькасці і парадку аховы грамадскага парадку”.

Мікіта Семяненка працягне дамагацца ад сталічнай міліцыі прадастаўлення адмысловых дакументаў. Да ўсяго ёсць яшчэ адзін момант, які сведчыць пра юрыдычную хібнасць дакумента. Актывіст зазначае, што “дамова з ГУУС Мінгарвыканкаму была падпісана 24 сакавіка”, а паводле аднаго з яе пунктаў “у выпадку адсутнасці магчымасці выканання абавязальніцтваў” паводле дамовы заказчык павінен паінфармаваць пра гэта выканаўцу “не пазней, чым за два дні да правядзення мерапрыемства”.

Прэс-служба Руху "За Свабоду"