Арыштаваных супрацоўнікаў PandaDoc даставілі ў Следчы камітэт. Да іх не пусцілі адвакатаў

Учора, 9 верасня, справа чатырох супрацоўнікаў ІТ-кампаніі PandaDoc, арыштаваны[ па падазрэнні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, была перададзеная ў цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі. Сёння стала вядома, што хлопцаў перавезлі з СІЗА на Валадарскага ў будынак цэнтральнага апарата СК, але да іх не пусцілі адвакатаў.

Фота Дзмітрый Дзмітрыеў

Фота Дзмітрый Дзмітрыеў


Адвакат Антон Гашынскі, які прадстаўляе інтарэсы кампаніі PandaDoc, распавёў tut.by:
— Справу перадалі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта РБ, і следчы ўжо прыняў справу ў вытворчасць. Нашы адвакаты пайшлі ў СІЗА (на Валадарскага — заўв.TUT.BY), дзе ім сказалі, што людзей забраў Следчы камітэт і павёз да сябе ў будынак.
Нашы адвакаты адразу паехалі туды і папрасілі дапусціць іх да сваіх кліентам, таму што яны непакояцца за іх бяспеку, каб на іх не аказвалі ціск. У выніку ў Следчым камітэце пацвердзілі, што хлопцы сапраўды ў іх, але адвакатаў проста не пусцілі.
Адвакаты цяпер пішуць скаргу і падаюць яе ў Генеральную пракуратуру. Гэта беспрэцэдэнтна, калі ёсць кліент, і ёсць дазвол на абарону, але адвакатаў проста не пускаюць.
Нагадаем, што чатыры супрацоўнікі PandaDoc — бухгалтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітрый Рабцэвіч, менеджар па прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап — былі арыштаваныя на два месяцы па падазрэнні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, у дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 4 артыкула 210 КК Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі абвінавачваюцца ў тым, што яны як група асоб, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 тысяч беларускіх рублёў з бюджэту, прычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве.
Аднак у самой кампаніі заявілі, што гэта абвінавачванне не адпавядае рэчаіснасці, а ўся дзейнасць фірмы вялася ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам. У PandaDoc упэўненыя, што рэпрэсіі праводзяцца, каб аказаць ціск і спыніць ініцыятыву яе заснавальнікаў.
Там таксама заявілі, што робяць крокі ў адказ, а менавіта будуць вымушаныя закрыць кампанію ў Беларусі, што прывядзе да страты высокааплатных працоўных месцаў. Бо "ў такім рэжыме працаваць не атрымаецца", пачнуць заснаванне альтэрнатывы Парку высокіх тэхналогій і максімальна ярка асветляць гэты працэс ва ўсіх міжнародных медыя, палітычных і эканамічных колах.
У Instagram сузаснавальнік кампаніі Мікіта Мікада папрасіў айцішнікаў аб падтрымцы, каб улада ведала, што "ў выпадку рэпрэсій у ІТ, мы будзем змагацца. Мы будзем ціснуць эканамічна, палітычна, інфармацыйна. Мы будзем пераязджаць, пазбаўляючы рэжым валютнай выручкі і падаткаў".
Мікада раней адкрыта выказваў меркаванне аб падзеях, якія адбываюцца ў краіне: між іншым, прапаноўваў варыянты дапамогі, у тым ліку матэрыяльнай, сілавікам, якія хочуць звольніцца з праваахоўных органаў. А Віктар Куўшынаў дапамагаў педагогам, якія былі сябрамі камісіі і сталі сведкамі фальсіфікацыі выбараў, падаць заяву ў праваахоўныя органы, таксама абяцаў дапамагчы з пошукам працы ў выпадку звальнення.
У ліпені 2020 года Віктар быў затрыманы байцамі АМАПа на праспекце Незалежнасці ў Мінску, калі спрабаваў падаць скаргу ў Цэнтрвыбаркам на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыку. Пазней апынуўся ў адным аўтазаку з родным братам, таксама айцішнікам. Суд прызначыў абодвум адміністрацыйны арышт.
Паводле tut.by