Асобная думка. Наркотык улады
Колькасць і хуткасць прыняцця самых розных заканадаўчых актаў ды іх рэдакцый у Беларусі за апошнія месяцы не толькі ўражвае, але і бянтэжыць. СМІ не паспяваюць абмеркаваць адно, як літаральна на наступны дзень нешта яшчэ больш неверагоднае вывальваецца з кабінетаў чыноўнікаў на галовы і без таго агаломшанага прапагандай насельніцтва.
Ліхаманкавасць і бессістэмнасць варушняку па татальным змяненні ўмоў нечага, падобнага да сацыяльнага кантракту з грамадствам, нагадваюць паводзіны наркамана дзеля чарговай дозы. Ва «ўладных наркаманаў» мэтай з’яўляецца ўлада і працяг свайго існавання ў ёй любымі шляхамі.
Калі раней самапрызначаныя носьбіты ўлады яшчэ дазвалялі сабе раскошу пагуляцца ва «ўладную рулетку» нейкім падабенствам «выбараў», то ў наступным годзе такога ўжо дакладна не будзе. Галоўная прычына — татальная выпаленасць палітычнага поля. Нават мінімальная небяспека праз удзел у кампаніі «нелаяльных» кандыдатаў зведзена амаль да нуля, і само слова «выбары» мае здзеклівае гучанне. Урок 2020 года засвоены і вывучаны — з гэтага боку небяспекі для існуючай улады не існуе, па меншай меры, пакуль.
Няма ніякіх сумневаў, што ўладальнікі касцюмаў і партфеляў самага рознага ўзроўню дакладна ўяўляюць сапраўднае стаўленне да іх з боку насельніцтва. Так, у большасці яно абыякавае, але колькасць гэтай большасці даволі істотна змянілася з «абсалютнай» да «простай». Усё больш людзей ці ўжо падрыхтаваліся, ці ў стане падрыхтоўкі да змены краіны жыхарства, усё больш моладзі не бачыць тут аніякіх перспектыў і рыхтуецца працягваць адукацыю ў замежных навучальных установах (і гаворка не толькі пра ВНУ!), няхай нават і ў расійскіх. Ліхаманкавыя завешванні дзяржаўнай сімволікай дзіцячых садкоў, школ і інстытутаў, спяванне гімна з любой нагоды і без, процьма бессэнсоўных «патрыяцічэскіх» мерапрыемстваў выклікае толькі раздражненне ва ўсё большай колькасці бацькоў і дзяцей. Безумоўна, можна прымусіць насіць адпаведны значок ці шаўрон, але дулю з кішэні выціснуць нашмат цяжэй. Гэтае пытанне, насамрэч, больш складанае і далікатнае, але ж носьбіты ўлады запознена намагаюцца яго вырашыць выключна забаронамі і гвалтам.
Як паказаў час, іншых шляхоў вырашэння праблем вышэйшае чынавенства краіны наўпрост не прызнае. Першабытны страх страціць хоць кроплю сваёй улады літаральна паралізуе іх, пакідаючы толькі нястрымнае жаданне зачышчаць і знішчаць усіх нязгодных і нелаяльных. Прыкладна тое ж адчувае наркаман пры адсутнасці чарговай дозы. І ідзе на злачынствы, спачатку выносячы з хаты ўсё больш-менш каштоўнае, а потым рабуючы і забіваючы людзей дзеля таго, каб хоць на нейкі час адчуць эйфарыю, каб зноўку стала «добра». Этап продажу сямейных каштоўнасцей, здаецца, ужо прайшоў.
Канешне, абвінавачваць толькі вышэйшае чынавенства ва «ўладнай» залежнасці зусім не варта. Як і ў сапраўдных наркаманаў, тут усё пачынаецца з малога — невялікая кропля ўлады на любой, нават зусім нязначнай, пасадзе амаль адразу вызначае, ці будзе чалавек карыстацца ёй напоўніцу дзеля сваіх амбіцый, ці здолее пазбегнуць залежнасці і сысці ў патрэбны момант. Калі пакажа сябе лаяльным і верным — будзе ўжо кілішак улады, потым келіх і гэтак далей у адпаведнасці са здольнасцю бездакорна выконваць любыя загады вышэйшага кіраўніцтва, у спадзеве нарэшце ўвайсці ў лік «набліжаных» і ўжо асабіста размяркоўваць кроплі, кілішкі і келіхі ўлады новым адэптам старога наркотыка.
Цікава, што «ўладныя наркаманы» карыстаюцца ўладай дзеля дасягнення асабістых мэт усё больш і больш у залежнасці ад свайго ўзроўню і, у першую чаргу, клапоцяцца аб асабістай беспакаранасці і бяспецы. Вядома ж, вялікія магчымасці — большыя апетыты. Сапраўдныя наркаманы амаль нічым не адрозніваюцца: чым далей, тым болей і часцей патрэбна новая доза. Перадоз здараецца і ў адных, і ў другіх. Толькі адныя паміраюць, а другія злятаюць з пасад, могуць нават у турму сесці — тут усё залежыць ад памеру перадозу. Неяк давялося паразмаўляць з чалавекам, які некалі займаў неблагую пасаду і значна больш за прамыя абавязкі займаўся «вырашэннем пытанняў» на розных узроўнях. Меў вялікую колькасць знаёмых «патрэбных» людзей і за пэўны кошт быў пасрэднікам паміж імі і рознымі просьбітамі. Чакана адбыўся «перадоз», і ледзьве не дайшло да турмы. Намаганнямі «добрых людзей» усё абышлося, але пасаду давялося пакінуць. Дык вось, ён распавядаў аб натуральнай маральнай і нават часам фізічнай «ломцы» без такога «келіха ўлады». І грошы тут зусім не пры чым, бо ён застаўся зусім не жабраком. Не хапае адчування таго, што ты ў «коле магутных», што ты можаш «вырашаць пытанні», што ты — чалавек ва ўладзе. Нагадвае нешта, не?
Наркамана можна вылечыць толькі пры наяўнасці ў яго самога моцнага жадання гэта зрабіць, і нават пры гэтым аніякі лекар не дасць стоадсоткавай гарантыі, што не здарыцца рэцыдыў, асабліва ў наркаманаў «са стажам». Нешта мне падказвае, што з «уладнымі наркаманамі» справа яшчэ горш, бо, відавочна, жадання лекавацца там няма зусім. Спадзявацца на цуд, здаецца, таксама не варта, бо пераслед людзей па іх загадах не спыняецца, і няма ніякіх падстаў нават разважаць пра нейкую «адлігу». Застаецца толькі максімальна дыстанцыявацца ад любых кантактаў з носьбітамі гэтай хваробы і імкнуцца як мага больш мінімізаваць уплыў і колькасць «уладных наркаманаў» ніжэйшага і сярэдняга звяна. Проста не будзе, лёгка не будзе, страты непазбежныя. Ну а гвалт спародзіць яшчэ большы гвалт з іншага боку, а гэтага мы сабе дазволіць ніяк не можам. Але ж гэта толькі мая асобная думка...