Астаповіч просіць Латушку перайсці да выканання дакументаў, прынятых дзеля аховы помнікаў
Старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у адкрытым лісце да міністра культуры Паўла Латушкі просіць перайсці да выканання дакументаў, прынятых дзеля аховы помнікаў айчыннага дойлідства.
Старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у адкрытым лісце да міністра культуры Паўла Латушкі просіць перайсці да выканання дакументаў, прынятых дзеля аховы помнікаў айчыннага дойлідства.
У лісце, між іншым, адзначаецца, што пара, урэшце, наладзіць бездакорную працу ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, каб пры ўзгадненні праектаў і прац чыноўнікі кіравалася прыярытэтамі захавання помнікаў архітэктуры, а не інтарэсамі інвестараў і супрацоўнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. “У вырашэнні праблем аховы спадчыны мог бы дапамагчы Рэспубліканскі грамадскі савет па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў Беларусі, які ўзначальваеце Вы асабіста. Але з пачатку кастрычніка мінулага году так і не адбылося запланаванае пасяджэнне савета па праблематыцы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны. Да гэтага часу не атрымана зразумелага адказу на нашы звароты аб прычынах, якія тармозяць правядзенне пасяджэння савета. Застаецца меркаваць, што Вы асабіста ў пасяджэнні не зацікаўлены, — гаворыцца ў лісце.
Астаповіч нагадвае пра частыя спасылкі міністра на перспектыўную праграму “Замкі Беларусі. На меркаванне старшыні грамадскага аб’яднання, гэтая іміджавая праграма, распрацаваная пад кіраўніцтвам Латушкі і зацверджаная пастановай ураду, не вырашае праблем аховы нацыянальнай архітэктурнай спадчыны. “Як можна ацаніць той факт, што палова сродкаў праграмы будзе накіравана на працы па Мінскаму замчышчу, праектныя прапановы па якому не вытрымліваюць аніякай крытыкі з любога боку. Нездарма Мінскі гарвыканкам пад рознымі падліўкамі не жадае выносіць гэты праект на грамадскае абмеркаванне. А каб перайсці да справы, шмат не трэба. Трэба толькі выканаць тое, што ўвайшло ў шматлікія дакументы, — падкрэсліваецца ў лісце.
Сярод такіх дзеянняў, прадугледжаных Міністэрствам культуры, Астаповіч называе далучэнне спецыялістаў таварыства аховы помнікаў да разгляду праектнай дакументацыі, якая тычыцца аб’ектаў дойлідства, правядзенне адмысловага пасяджэння Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў, забяспячэнне жорсткага кантролю за працай упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі.
У якасці першага кроку старшыня грамадскага аб’яднання прапануе міністру культуры адмяніць узгадненне архітэктурнага рашэння забудовы квартала №1 па вуліцы Гандлёвай (Зыбіцкай) ў Гістарычным цэнтры Мінска, перагледзець гэты праект на падставе заключэнняў незалежных экспертаў, каб знайсці рашэнне па захаванню гістарычнай планіровачнай структуры знішчаных кварталаў па вуліцы Гандлёвай нават у той няпростай сітуацыі, якая склалася пасля пракладкі па ёй новых інжынерных камунікацый.
Астаповіч просіць Латушку выканаць тое, што паабяцана грамадскасці ў лістах за подпісамі намеснікаў міністра. Гаворка ідзе пра неабходнасць разгляду праектаў па Гандлёвай і Замчышчу на архітэктурна-горадабудаўнічым савеце пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва краіны, а таксама пра актуальнасць правядзення грамадскага абмеркавання архітэктурнага праекту забудовы квартала № 1 па праваму боку вуліцы Гандлёвай.
Старшыня таварыства аховы помнікаў выказвае ўпэўненасць, што “на падставе экспертных заключэнняў, навукова-метадычных і прававых падыходаў можна будзе прыняць абгрунтаванае рашэнне, якое
сапраўды дазволіць правесці працы па рэгенерацыі тэрыторый Гістарычнага цэнтра сталіцы на бездакорным узроўні, якім будуць ганарыцца сучаснікі і нашчадкі.