Астаповіч прапануе
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапанавала Міністэрству культуры надаць статус комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці
(аб’ёмна-планіровачная структура, будынкі і збудаванні, ландшафт) ансамблю пасляваеннай сталічнай жылой забудовы, абмежаванай вуліцамі Камуністычная, імя Максіма Багдановіча,
Валер’яна Куйбышава і Ціхана Кісялёва.
Пра гэта паведаміў старшыня таварыства Антон Астаповіч. Паводле ягоных слоў, два кварталы ў цэнтры Мінску з 43-ма двухпавярховымі цаглянымі атынкаванымі дамамі — першы прыклад узвядзення
ў сталіцы спальнага раёну на прынцыпах квартальнай забудовы, свабоднай планіроўкі і тыпавога домабудавання.
Будынкі гэтых кварталаў, узведзеныя ваеннапалоннымі ў 1945–1947 гадоў, маюць шмат адметных архітэктурных рысаў (фасады ўпрыгожваюць карнізы, прафіляваныя цягі, ліштвы, сандрыкі, дэкаратыўныя
ляпныя аздобы, руст, парталы, балюстрадныя агароджы балконаў і складаныя падтрымліваючыя кранштэйны, у дамах — зручныя кватэры, прасторныя жылыя пакоі ўдалых прапорцый) і ствараюць
унікальную кампазіцыю з ярка выяўленым духам эстэтыкі першых год пасля сканчэння Другой сусветнай вайны.
Кватэры, у асноўным, двухпакаёвыя, плошчай 28–39 квадратных метраў, і трохпакаёвыя, плошчай 36–52 квадратныя метры. Зручная кухня месціцца ў глыбіні кватэры, а папарна скампанаваныя
санітарныя вузлы — каля ўнутранай сцяны. Дамы былі абсталяваныя водаправодам, каналізацыяй і пячным ацяпленнем, замененым на цэнтральнае напрыканцы 1960-х гадоў.
«І хаця гэтыя дамы сёння патрабуюць істотнай мадэрнізацыі, захавалася архітэктура забудовы кварталаў і кожнага тыпавога дома, а таксама канцэпцыя і творчы стыль аўтараў — айчынных
дойлідаў. Вось чаму гэтыя ўнікальныя кварталы масавай жылой забудовы сталіцы першых пасляваенных гадоў мэтазгодна захаваць для будучых пакаленняў, тым больш што ў краіне адсутнічаюць падобныя
прыклады архітэктурных ансамбляў», — падкрэсліў Антон Астаповіч.