Атрыбуты ўлады — толькі лаяльным

Ідэі ад вышэйшага кіраўніцтва ў галіне кадравай палітыкі ўражваюць свежасцю ды арыгінальнасцю: пра прыгоннае права ўжо забыліся, ды і каштоўнасць партбілета ведаюць далёка не ўсе. Таму, кіруючыся прынцыпам, што новае — гэта добра забытае старое, беларускі кіраўнік раздае настаўленні, якія прымушаюць нас хаця б прыгадаць ужо пройдзены досвед.
 



str_1_lajalny_logo.jpg

Спачатку была агучана забарона звальняцца работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрну “Беллеспаперпрам да канца іх мадэрнізацыі. А 10 снежня на сустрэчы з першым сакратаром Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ігарам Бузоўскім Аляксандр Лукашэнка заявіў, што членскі білет гэтай праўладнай грамадскай арганізацыі ёсць пропускам для службы ў сілавых структурах. Калі быць лаяльным, то да рэшты.
«Я не збіраюся ад каго-небудзь утойваць: мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць наш саюз моладзі, — падкрэсліў Лукашэнка. — Камусьці ён падабаецца, камусьці не падабаецца, але прыкладна паўмільёна чалавек сёння з’яўляюцца рэальнымі членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якія маюць членскія білеты і плацяць унёскі. І няхай гэта невялікія ўнёскі, вялікія і не трэба, можа, цяпер, хто хоча больш дапамагчы, той дапаможа, справа не ва ўнёсках, але гэта рэальная колькасць. Я працаваў у камсамоле ў савецкія часы і разумею, што не ўсё адназначна ў арганізацыі, бо гэта моладзь, і гэтым усё сказана. Моладзь ёсць моладзь».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што БРСМ, як і арганізацыя «Белая Русь», — рэзерв кадраў. «У частцы Камітэта дзяржбяспекі, МУС, усіх праваахоўных органаў мы выйдзем на тое, што патрэбна будзе рэкамендацыя Саюза моладзі, каб працаваць на гэтай ніве, і таму ў гэтым плане будзе ўзмацняцца роля моладзевай арганізацыі», — сказаў ён.
Атрымліваецца, цяпер, як і ў савецкі час, прасоўванне па кар’ернай лесвіцы ў дзяржструктурах абумоўлена сяброўствам у БРСМе ці “Белай Русі, незалежна ад таго, ці насамрэч падтрымлівае чалавек іх ідэі. Сяброўства ж у такой арганізацыі, як “Малады фронт, пагражае турэмным зняволеннем, праблемамі на працы ці ў вучобе, ды і ўвогуле статусам ледзьве не крымінальніка.
Гэтую “фішку многія маладыя людзі добра зразумелі, і некалькі знаёмых (хай сабе гэта будзе і не рэпрэзентатыўным апытаннем) прызналіся, што на ідэйныя справы ім глыбока напляваць — у цане прагматычны разлік. Членскі білет БРСМа дае магчымасць з ільготамі хадзіць на дыскатэкі, у цырульню ці мець доступ яшчэ да нейкіх дабротаў. Натуральна, сярод сябраў гэтых грамадскіх арганізацый ёсць людзі, якія сапраўды вераць у ідэі і мэты, што дэкларуюцца іх статутамі. Але фактычна прымусовы падыход да пашырэння колькасці членаў грамадскай арганізацыі (хаця ў беларускім заканадаўстве прапісаны прынцып добраахвотнасці ў такіх справах) насамрэч не ўзмацняе структуру, а толькі робіць яе масавай. Прычым, фармальна масавай. Гэта зручна для кантролю і ідэйнай апрацоўкі людзей, але ў выпадку першага ж “шухеру гэтыя намінальныя сябры спакойна пакладуць партбілеты на стол.
Між іншым, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі някепска фінансуецца дзяржавай. Так, летась БРСМ атрымаў з бюджэту 20,5 мільярда рублёў. Дзяржфінансаванне моладзевай арганізацыі было на мільярд рублёў меншым, чым апарата Савета Міністраў, якому вылучылі 21,7 мільярда рублёў. А, напрыклад, Беларускаму фонду падтрымкі прадпрымальнікаў у 2011 годзе дасталася 655 мільёнаў рублёў.
Дарослы варыянт БРСМу — ГА «Белая Русь» — таксама цяпер выконвае функцыю кадравага рэзерву ды гатовая ў патрэбны момант трансфармавацца ў палітычную партыю. Хаця, па вялікім рахунку, гэтая арганізацыя ўжо цяпер мае ўстойлівую палітычную афарбоўку. Да слова, падчас апошніх парламенцкіх выбараў сябры “Белай Русі атрымалі 57% месцаў — 63 мандата ў Палаце прадстаўнікоў. На нядаўнім з’ездзе арганізацыі было прынята рашэнне пачакаць з трансфармацыяй у партыю.
«Прыйдзе час — і мы збяромся на з’езд і будзем разглядаць пераход у партыйную структуру», — заявіў старшыня РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў. «Мы на гэтым з’ездзе не выносілі задачу пераходу ў партыю, хоць гэтае пытанне абмяркоўваўся ў працэсе падрыхтоўкі вельмі ўважліва, паслядоўна, часам нават вельмі бурна. Але як вызначыцца з мэтамі, з задачамі? Як назваць партыю? Гэтыя пытанні выклікалі рознагалоссі. Нават само фармаванне партыйнай структуры, дысцыпліны патрабуе часу — гэта павінна саспець і ўнутры, і звонку, павінна адпавядаць патрабаванню грамадства, дзяржавы», — адзначыў Радзькоў, і падкрэсліў, што ад ідэі пераўтварэння ў палітычную партыю ў аб’яднанні не адмаўляюцца. «Хоць і цяпер мы партыйныя функцыі, у прынцыпе, можам выконваць. Мы пабудаваныя па партыйных прынцыпах. Мы можам вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Аднак мы разумеем, што пры пераходзе ў партыю нейкія свае функцыі можам страціць», — рэзюмаваў лідар арганізацыі.
Відавочна, ні “Белая Русь, ні БРСМ пакуль не атрымалі адмашку на стварэнне паўнавартаснай партыі ўлады, што можа стаць альтэрнатывай выбудаванай сістэме вертыкалі. Але як запасныя, што акумулююць чалавечы рэсурс, гэтыя грамадскія аб’яднанні працуюць някепска. І ў сукупнасці з іншымі метадамі ідэалагічнай і ідэйнай падрыхтоўкі ствараюць грунт падтрымкі для рэжыму. Нават калі яго члены таемна спачуваюць іншадумству, але вербальна акрэсліваюць сваю пазіцыю словамі: “Ну вы ж самі ўсё разумееце...