Аўстрыйскія вучоныя: аварыя на беларускай АЭС запатрабуе адсялення жыхароў шэрагу рэгіёнаў

Прадстаўнікі беларускай грамадскасці заклікалі дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС адклікаць ліцэнзію на будаванне ўстаноўкі першага энергаблока Беларускай АЭС. 




Сваю просьбу яны абгрунтоўваюць артыкулам 15 закона "Аб выкарыстанні атамнай энергіі". Артыкул, у прыватнасці, гаворыць: "Рашэнне аб пабудове ядзернай устаноўкі і (ці) пункта захоўвання павінна быць адменена, а іх пабудова спынена ў выпадку выяўлення фактараў, якія цягнуць зніжэнне ўзроўню бяспекі гэтых аб'ектаў, забруджванне навакольнага асяроддзя або іншыя неспрыяльныя наступствы".
Аўтары звароту ўказваюць на новыя доказы таго, што афіцыйная ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекта Беларускай АЭС "праведзена некарэктна", у дакументацыі заніжаны даныя пра магчымае ўздзеянне станцыі на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе ў выпадку цяжкай аварыі.
Так, вынікі даследавання аўстрыйскага Універсітэта прыродных рэсурсаў і прыкладных навук аб жыцці, апублікаваныя ў 2012 годзе, паказалі, што цяжкая запраектная аварыя на адным з рэактараў Астравецкай АЭС можа прывесці да забруджвання радыеактыўным цэзіем-137 у колькасці, небяспечнай для сельскай гаспадаркі і для здароўя людзей, на тэрыторыі ў радыусе больш за 300 кіламетраў ад аварыйнага рэактара, якая можа ўключаць Мінск, Віцебск, Полацк.
Гэта можа запатрабаваць адсялення жыхароў гэтай тэрыторыі. "Аднак у высновах афіцыйнай АУНА праекта Беларускай АЭС не гаворыцца пра такую неабходнасць", — падкрэсліваецца ў звароце.
Для кожнага з рэактараў Астравецкай АЭС аўстрыйскімі спецыялістамі былі разлічаны сцэнарыі забруджвання пры кожнай з 88 магчымых сітуацый з надвор'ем. У дыяпазоне, пазначаным колерамі ад жоўтага да чырвонага, адзначаны зоны забруджвання Cs-137 актыўнасцю ад 100 да 1.000 кБк/кв.м, ад чырвонага да бурачнага колеру — зоны актыўнасцю ад 10.000 да 100.000 кБк/кв.м.
БелаПАН