Бацька Мікалая Дзядка: Жыццё дзеля іншых — гэта галоўная якасць сына

Былы следчы, пракурор і суддзя Аляксандр Дзядок ужо другі раз перажывае зняволенне сына, Мікалая Дзядка. Аляксандр Дзядок расказаў «Нашай Ніве», якім чалавекам ён убачыў тады свайго сына, як прайшло іх адзінае спатканне і як у сям’і суддзі вырас хлопец з такімі поглядамі.

47ab1df41c5a18516f1aa.jpg

У 2011 годзе Мікалай быў асуджаны на 4,5 гады па «справе анархістаў». А з дабаўкай за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» адседзеў усе пяць. Па вызваленні Мікалай працягнуў сваю дзейнасць як блогер, журналіст і даследчык — сам ён называе яе асветніцкай. А мінулым лістападам хлопец быў затрыманы ў чарговы раз. Катаванні, якімі гэта суправаджалася, ён падрабязна апісаў на судзе. 

— Вы былі ў судовай залі, калі Мікалай расказваў пра збіццё?

— Так, я не прапускаю ніводнага пасяджэння. Я сядзеў за паўтара метра ад Мікалая, уважліва слухаў яго выступ і бачыў, як цяжка яму гэта давалася. Пару разоў ён быў на мяжы зрыву, але Коля малайчына — умее сябе стрымліваць.

Я тады ўбачыў свайго сына калі не месіяй, то кімсьці блізкім да гэтага. Чалавекам, які свядома ідзе на пакуты дзеля нават не ўласных перакананняў, а іншых людзей, каб тыя маглі жыць свабодна.

Ён сам у канцы сказаў, што ягоная мэта — пабудова свабоднага грамадства. Пасля Мікалай, хоць ён і не прызнае віну, пагадзіўся даваць паказанні і адкрыта расказаў на судзе пра свае перакананні. На пытанне, ці прытрымліваецца ён гвалтоўных тактык, Коля адказаў: «Не, але лічу, што кожны мае права сам выбіраць, як абараняца, калі на яго нападаюць, і як адстойваць свае правы». А ўсе пытанні дзяржабвінаваўцы былі накіраваны на тое, каб выратаваць крайне слабое абвінавачванне — ён нават інтэрпрэтаваў адказы Мікалая так, як яму хацелася.

— Як гэта — бацьку слухаць пра катаванні сына?

— Як ні дзіўна гэта прагучыць, але стрымаць сябе мне дапамог Мікалай. Я бачыў яго твар падчас выступу і думаў, што нехта з нас мусіць стрымацца крыху больш, хаця мяне моцна падмывала ўстаць і сказаць, што я думаю пра ўсіх гэтых мярзотнікаў.

Асабліва цяжка было ў моманты, калі сам Мікалай быў на мяжы, і я бачыў, якія высілкі ён прыкладае, каб працягнуць. Бачыць гэта было нават цяжэй, чым перажываць тое, што адбывалася. Але праз хвіліну пасля выступу я зразумеў, наколькі важна тое, што ён вырашыў гэта сказаць.

Я, канешне, не ўсе прамовы нашых палітвязняў ведаю, але мне падаецца, такой магутнай яшчэ не было.

— А ці сказаў Мікалай на судзе нешта, пра што вы падумалі: «Дарэмна»?

— Не. Калі б ён разумеў, што здзейсніў злачынства і яму трэба ўхіліцца ад адказнасці за яго, ён мог адмовіцца даваць паказанні, і ўсе б там засталіся ні з чым. А Коля, сказаўшы тое, што хацеў сказаць, гэтаксама шчыра і проста пачаў адказваць на пытанні. Я ні секунды не сумняваўся, што ён усё робіць правільна. У мяне была магчымасць сказаць яму: «Маўчы, будзь стрыманей», — але я гэтага не зрабіў.

— А ці сказаў ён тады нешта, чаго вы не ведалі?

— Што з ім адбывалася ў ноч на 12 лістапада, я ведаў амаль цалкам. Адзінае, чаго я не ведаў, гэта прозвішчы сілавікоў, якія так абыходзіліся з маім сынам. Ён таксама канкрэтызаваў нейкія дэталі, напрыклад, што яго прымушалі пляваць і браць у рот быццам бы кактэйлі Молатава, быццам бы знойдзеныя ў яго ў кватэры.

— У вас з сынам было спатканне?

— Так, па завяршэнні папярэдняга расследавання следчы даў нам адно спатканне. Мы размаўлялі амаль паўтары гадзіны. Яго прывялі апошнім, і ён быў адзіны з вязняў у кайданках, добра прынамсі, што толькі ў наручных.

— Як ён у цэлым цяпер трымаецца?

— Я рады таму, што бачу на судах, за выключэннем таго, што Коля бледнаваты, але гэта з-за таго, што ў камеры горача. У цэлым псіхалагічна, маральна ён малайчына. Яго адвакатка Наталля Мацкевіч трапіла на сустрэчу з Мікалаем пасля абвяшчэння прысуду Віктару Бабарыку, якога яна таксама абараняе. Яна прыйшла «ў растрапаных пачуццях», і далей, кажа, здарыўся цуд: «Мікалай такі светлы і чысты, ён стаў мяне падтрымліваць і дапамог выйсці са стрэсавага стану».

Я ўвесь час намагаюся данесці: Коля настолькі глыбока верыць у свае перакананні, што гэта дае яму сілы. Здавалася б, гэта адвакат павінен яго падтрымліваць, але ён, знаходзячыся ў турме, з незразумелымі перспектывамі на будучыню, лічыць неабходным і знаходзіць сілы падтрымліваць іншых. Жыццё дзеля іншых — гэта галоўная якасць яго асобы.

— На вашым спатканні хто каго падтрымліваў?

— Вы ведаеце, узаемна. Я ўпэўнены, Мікалаю патрэбны нашы сустрэчы, нават цяпер, калі ён дарослы чалавек. У жніўні яму споўніцца 33 гады. На спатканні перада мной сядзеў малады чалавек, усмешлівы, з адкрытым позіркам, які з улікам таго, дзе знаходзіцца, вельмі няблага выглядае.

Мы з ім пра многае гаварылі, нават пра рэвалюцыі, хоць спачатку размова і была крыху сумбурная. Мікалай сказаў, што дзявацца няма куды і без пакутаў дзеля перамен у грамадстве не абысціся — каб нешта атрымаць, трэба нешта аддаць. Я даўно ведаў пра яго такое меркаванне, але ён пацвердзіў яго канкрэтнымі дзеяннямі.

Ён таксама агучыў, што паводле тэорыі паліталогіі пасля рэвалюцыі заўсёды наступае рэакцыя. Я кажу: «А пасля рэакцыі наступае рэвалюцыя?» Ён адказаў: «Так». Яго выступы яшчэ да арышту зараз намагаюцца пераўтварыць у заклікі да гвалтоўных дзеянняў і распальванне варожасці, але Коля палітолаг, у яго два дыпломы, і ён заўсёды казаў толькі пра тэорыю рэвалюцыі і пратэсту. Яго асветніцкая дзейнасць была накіравана на тое, каб людзі зразумелі сябе, свае правы і магчымасці.

— Як думаеце, які прысуд яму вынесуць?

— Тэрмін Віктару Бабарыку я прадказаў дакладна (14 гадоў). Калі Мікалаю нахабна, без доказаў не павесяць чарговы артыкул, а застануцца толькі ўжо агучаныя тры, то дадуць 3-4 гады пазбаўлення волі.

Я хачу быць рэалістам. Але веру, што ні Віктар Бабарыка, ні Мікалай свае тэрміны не адседзяць, нават блізка. Сітуацыя ў краіне хутка зменіцца, мяне ў гэтым упэўнівае тое, што беларускі народ моцна змяніўся і даволі пераканаўча паказаў, што не хоча быць быдлам. Ну і потым нікуды не дзецца ад эканомікі, якая цяпер загнаная ў тупік і працягвае ў яго заганяцца. Хто б што ні казаў пра санкцыі, але курачка па зернетку клюе, Еўропа разварочваецца не хутка, але калі развернецца, мала не пакажацца.

Нават Расія зразумела, што сітуацыя ў Беларусі патрабуе кардынальных перамен. Я не кажу, што ўсё зменіцца праз месяц, паўгады-год, але з аглядкай у будучыню — так. У нас будзе магчымасць пабудаваць новую краіну, і я спадзяюся, мне удасца побач з Мікалаем нешта ў ёй зрабіць.

— А Мікалай усведамляе іпастась месіі, у якой вы яго бачыце?

— Думаю, не, я пабойваюся пра такое гаварыць. Хай лепш ён гэта робіць, чым пра гэта думае, а сваімі дзеяннямі ён такі вобраз пацвярджае.

Да падзей мінулага лета я збіраўся з’ехаць з Беларусі. А цяпер не з’еду, бо бачу, што патрэбны тут — Мікалаю і ўвогуле краіне. Сын сыграў у маім рашэнні ключавую ролю. Я не верыў, што беларусы зменяцца, думаў, што яны церпяць-церпяць і, можа, так і трэба. А Коля сваім жыццём кажа, што мы можам і павінны гэта змяніць.

Я лічу, ён узяў на сябе цяжкі груз — не пабаюся гэтых слоў, ён нясе крыж, які сам абраў, нягледзячы на боль і прыніжэнні. І ён будзе яго несці. Я б вельмі хацеў, каб людзі разумелі, дзеля чаго ён гэта робіць, таму што ўсведамленне, што ёсць такія людзі, як Мікалай, можа стаць матывам неяк змяніць сваё жыццё і не баяцца.

Мой сын сваёй дзейнасцю намагаўся патлумачыць, што чалавек выходзіць на вуліцу, таму што мае на гэта права. Я неяк выкладаў ва ўніверсітэце і ў аснову праграмы заклаў, што трэба заўсёды помніць аб правах чалавека, пазбаўленне волі — крайняя мера, а парушэнне працэсуальных нормаў павінна прыводзіць да прыпынення справы. Праз год у маіх паслугах больш не мелі патрэбы.

— Вы самі выдавалі смяротны прысуд?

— Аднойчы.

— І як гэта?

— Вельмі цяжка, ніколі б у жыцці я такога больш не зрабіў, хоць з пункту гледжання заканадаўства я тады паступіў законна.

Гэта адбылося ўжо пасля таго, як я напісаў заяву на адстаўку. На той момант я быў глыбока перакананы, што па-іншаму нельга. Але потым я пераасэнсаваў гэта і зразумеў, што смяротнае пакаранне ў чалавечым соцыуме надапушчальнае.

Чалавек, якога я асудзіў, быў арганізатарам і выканаўцам жорсткага забойства двух чалавек з мэтай завалодання вялікай сумай грошай. Калі душа запатрабавала, я з гэтай нагоды быў у храме — паразмаўляў са святаром і мне стала лягчэй, але гэты цяжар усё роўна заўсёды будзе са мной. І не таму што я паступіў няправільна, а таму што можна было паступіць па-іншаму.

— Улада ўжо не першы год мэтанакіравана палюе на анархістаў. На ваш погляд, чаму? Хіба яны ўяўляюць для яе рэальную пагрозу?

— Сапраўдных анархістаў у Беларусі можна пералічыць па пальцах адной рукі, тых, хто прытрымліваецца анархічных поглядаў і разумее, што гэта не паліць машыны, біць шкло і кідаць кактэйлі Молатава. Улада хоча зрабіць з анархістаў вобраз, які б даў падставы для рэпрэсій, маўляў, вось яны хочуць ператварыць жыццё ў пекла, а мы для грамадства адзіная абарона.

Увогуле тэарэтык анархізма ў нашай краіне, напэўна, адзін — гэта Мікалай. І ён адкрыта кажа, што супраць гвалту. Дзе ж тыя анархісты, якія паляць машыны і кідаюць кактэйлі Молатава? Улада баіцца Мікалая — не таму, што ён суперчалавек, хаця асабіста я думаю, гэта амаль так, а таму што ён ясна тлумачыць правы і магчымасці чалавека, і яго аўтарытэт непахісны. Таму сілавікі свядома прыніжалі яго, яшчэ і паказалі гэта па тэлебачанні.

— Як у сям’і следчага, пракурора і суддзі вырас галоўны анархіст краіны?

— Адказ дастаткова просты. У душы я быў і застаюся суддзёй — чалавекам, для якога права і справядлівасць галоўныя ў жыцці. Можа, таму я і не стаў вялікім начальнікам у сістэме. І так было заўсёды, калі Коля нарадзіўся і рос. Ён з дзяцінства чуў, што чалавек народжаны свабодным, што трэба паступаць паводле сумлення. Спачатку галоўным словам для яго была «справядлівасць», потым яно трасфармавалася ў «правы» і «свабоду». Мы праводзілі шмат часу разам, мяне добра ведалі ў школе, я нават маю грамату «Бацька — стан душы».

— У вас даволі аптымістычны прагноз на будучыню. Як лічыце, ці будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням сілавікоў і суддзяў?

— Калі я акажуся ў судзейскім крэсле, зраблю ўсё, каб такі працэс адбыўся.