«Барані Божа, нешта здарыцца, хмарай аміяку накрые ўвесь горад»

На гарадзенскім прадпрыемстве «Азот» стварылі спецыяльны аддзел бяспекі, людзей забіраюць на гутаркі, на зменах не хапае работнікаў, людзі працуюць у стрэсе. Няма гарантыі, што ў такой напружанай абстаноўцы нават дасведчаныя спецыялісты не разгубяцца ў няштатнай сітуацыі.

Сяргей працаваў у самым ужо вядомым цэху «Аміяк-3»

Сяргей працаваў у самым ужо вядомым цэху «Аміяк-3»


Былы «азотавец» Сяргей расказаў Радыё Свабода, як цяпер працуе завод, хто кіруе звальненнямі і чаму гэта вельмі небяспечна для жыхароў Гродна.


Звольнілі за прагулы, калі сядзеў у ізалятары

Сяргей працаваў у самым ужо вядомым цэху «Аміяк-3» у асабліва небяспечным месцы і лічыўся амаль незаменным, бо такіх спецыялістаў мала. 28 кастрычніка яго звольнілі.

Ён — былы апаратчык сховішча вадкага аміяку. Працаваў на хімічным прадпрыемстве каля году. Перад гэтым тры месяцы рыхтаваўся, здаваў экзамен. Кажа, што пытанняў ад начальства па працы да яго раней не было. Тры месяцы лічацца паскораным курсам. Звычайна спецыялістаў рыхтуюць паўгода.

Увосень ён адседзеў за пратэсты 10 сутак арышту. У дзень пачатку страйку 26 кастрычніка яго разам з дзясяткамі паплечнікаў затрымалі сілавікі на прахадной «Азоту». Праз некалькі гадзін большасьць «азотаўцаў» выпусцілі, Сяргей вярнуўся на завод, але прайсці не змог — пропуск быў заблакаваны. У той дзень ён быў на выходным, вырашыў, што зможа прайсці 29 кастрычніка, калі будзе яго змена.

Напярэдадні яму перазваніў начальнік змены, запытаўся, ці выйдзе на працу. Сяргей пацвердзіў. Аднак 29 кастрычніка пропуск заставаўся заблакаваны. На працоўнае месца Сяргея не пусцілі, ягоны непасрэдны начальнік пра гэта нічога не ведаў.

Сяргею аддалі загад на звальненне папярэднім днём. На ім не было візаў ні начальніка аддзялення, ні начальніка цэху, ні галоўнага інжынера, ні генеральнага дырэктара — толькі подпіс начальніка аддзелу кадраў. Абходны ліст апаратчык таксама не падпісваў. Прычына звальнення — прагулы ў той час, калі Сяргей сядзеў. З 10 дзён яго арышту толькі 4 дні былі працоўныя. У Сяргея засталася даведка з ізалятара, аднак яе ніхто не ўзяў пад увагу.

«Цягам месяца мой арышт на працы нікога не турбаваў», — каментуе суразмоўца.


Стварылі аддзел па бяспецы, якім кіруе дзейны супрацоўнік КДБ

Экс-азотавец расказаў, што, па яго інфармацыі нядаўна на прадпрыемстве стварылі новы аддзел па бяспецы, якім кіруе дзейны супрацоўнік КДБ. Свая служба бяспекі была на заводзе і раней.

«Ён патрабуе ад начальнікаў цэхаў усю інфармацыю пра пэўных работнікаў, якія не прынялі змену, якія прысутнічалі на прахадной у першы дзень страйку, каго заўважылі на мітынгах, хто пачаў забастоўку», — расказвае суразмоўца пра новаўвядзенні.

Толькі ў «Аміяку-3» ужо звольнілі 16 чалавек, у злучаным з ім «Карбамідзе-4» — яшчэ некалькі. Па інфармацыі страйкаму «Азоту», з 26 кастрычніка звольнілі 19 работнікаў, пасля выбараў яшчэ з дзясятак. Ходзяць чуткі, што з часам «зачысцяць» цалкам самы пратэставы цэх «Аміяк-3», пакінуць толькі «адданых кіраўніцтву, якія пагаджаліся працаваць па 2–3 змены запар». Таксама звальненняў чакаюць многія ў «Карбамідзе-4».

«У аддзеле кадраў мне сказалі, што яны самі не разумеюць, што адбываецца. Нейкія людзі даюць загады на звальненне, не дырэктар, не галоўны інжынер», — узгадвае гутарку былы апаратчык.

Да таго ж работнікаў паасобку выклікаюць на гутаркі, на якіх прысутнічаюць сілавікі.

«Абстаноўка вельмі неспакойная. Праводзяць размовы з людзьмі, там ёсць пракурор, нехта яшчэ. Маўляў, начыталіся Nexta, што вы робіце?», — расказвае Сяргей.

0d6eb44e8ef54f9a7f81bbf1cd2a0f1b.jpg


«А што, калі людзі не выйдуць на працу?»

Усяго ў «Аміяку-3» працуе каля ста чалавек. Аператараў, якіх трэба рыхтаваць паўгода, — 32, расказвае Сяргей. Па яго звестках, толькі сем з іх выйшлі на працу з пачаткам страйку. Іншыя або пайшлі на бальнічны, або ўжо звольненыя.

«Начальства кажа, якая небяспечная вытворчасць, але само парушае нормы бяспекі. Садзяць на працоўныя месцы стажораў, якія яшчэ не здалі экзамен. Начальства спрабуе ўтрымаць (вытворчасць) любым коштам, бо інакш будзе перамога, якая пацягне за сабой іншыя», — кажа Сяргей.

Многія змены працягваюць працаваць у няпоўным складзе. У іх уваходзяць пенсіянеры, стажоры, работнікі іншых падраздзяленняў, начальства. Прыехалі штрэйкбрэхеры з «Нафтану».

Сяргей кажа, што многія работнікі іншых хімічных прадпрыемстваў праз салідарнасць адмовіліся ехаць. На яго думку, нават супрацоўнікаў з падобнай вытворчасцю трэба доўга рыхтаваць да працы на «Азоце».

«Людзі прыедуць, іх трэба больш-менш падрыхтаваць. Яны не здолеюць з першага дня працаваць», — перакананы суразмоўца.

У «Аміяку-3» два найбольш важныя падраздзяленні — цэнтральная панэль кіравання (гэта як мозг цэху, ад якога залежыць спыненне заводу) і сховішча вадкага аміяку — самае небяспечнае месца. Тут захоўваюць вялікую колькасць вадкага аміяку, які потым выкарыстоўваюць у вытворчасці ў іншых цэхах. Калі зрабіць памылку і дапусціць разгерметызацыю сховішча, воблака накрые ўсю Горадню. Аміяк паралізуе дыханне і пакідае апёкі на скуры. Абодва падраздзяленні патрабуюць няспыннага нагляду спецыялістаў.

«Вельмі напружаная абстаноўка. Ідзе працоўны працэс, а ў чалавека думкі іншыя ў галаве: ці дойдзе ён да дому, ці не затрымаюць. Цяпер работнікі запужаныя. Ва ўсіх такі настрой, што на працу гоняць дручком. На прахадной дзяжураць аўтобусы з АМАПам. Мала што можа здарыцца. А што, калі ён разгубіцца, калі раптам узнікне нестандартная, пазаштатная сітуацыя? Яны разумеюць, на якім заводзе яны працуюць, што ў іх за плячыма гэтае сховішча, таму выходзяць на працу. А што, калі не выйдуць? У людзей нервы не жалезныя. Барані Божа, нешта здарыцца, тады хмарай аміяку накрые ўвесь горад», — разважае Сяргей пра атмасферу ў калектыве і небяспеку.