У Беларусі па «загадзе ўладаў» часова зачыненыя 12 крамаў сеткі OZ

У Беларусі прыпыненая праца 12 крам OZ. Падстава — загад «Аб прыпыненні працы гандлёвага аб'екта». Аб прычынах і тэрмінах аднаўлення працы ў кампаніі не кажуць, але «прымаюць усе магчымыя меры, каб у максімальна кароткія тэрміны аднавіць абслугоўванне кліентаў у поўным аб'ёме».

oz2.jpg


Як паведамляе TUT.BY, на дадзены момант не працуюць наступныя крамы OZ:

  • Мінск, пр-т Незалежнасці, 13,
  • Мінск, пр-т Дзяржынскага, 19,
  • Мінск, пр-т Дзяржынскага, 122,
  • Мінск, Магілёўская, 5б,
  • Мінск, Прытыцкага, 97,
  • Мінск, Лагойскі тракт, 37,
  • Мінск, Русіянава, 4,
  • Мінск, пр-т Пераможцаў, 3,
  • Гродна, Савецкая, 18,
  • Магілёў, Ленінская, 85,
  • Бабруйск, Кастрычніцкая, 151б,
  • Пінск, Леніна, 28

У кампаніі кажуць, што пытанні з самавывазам з пералічаных крам вырашаюцца з кліентамі ў індывідуальным парадку, аформіць дастаўку цяпер можна альбо ў іншыя пункты самавывазу, альбо кур’ерам.

«Мы шчыра шкадуем аб часовых нязручнасцях, якія ўзніклі ў нашых кліентаў у сувязі з сітуацыяй, якая склалася. Мы актыўна працуем, каб радаваць вас штодня, у тым ліку — і ва ўсіх крамах OZ. Цэнім кожнага і дзякуем за разуменне», — кажуць у кампаніі.

З чым канкрэтна звязана рашэнне дзяржорганаў аб часовым прыпыненні працы гэтых крам, у OZ не тлумачаць. Раней СМІ паведамлялі, што некаторыя з крамаў сеткі не працавалі 26 кастрычніка. Да многіх з тых, хто не працаваў у гэты дзень, цяпер прыходзяць праверкі. Праца некаторых устаноў грамадскага харчавання была прыпыненая на 3 месяцы.