«Вытворчасць на мяжы спынення». Як рэпрэсіі прыводзяць да актывізацыі страйку

На Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова звольнілі 25 рабочых. У выніку на прадпрыемстве паведамляюць, што пад пагрозай знаходзіцца асноўная вытворчасць, на мяжы спынення цэхі, дзе робяць корпусы трансфарматараў.

1597668969_photo_2020_08_17_11_52_29.jpg


Большасць супрацоўнікаў, якія абвясцілі пра страйк, працавалі зваршчыкамі ў цэхах №16 і №6. Усе яны не працуюць з 26 кастрычніка, калі Святланай Ціханоўскай была абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка, піша «Салідарнасць».

На заводзе паведамляюць аб тым, што пад пагрозай знаходзіцца асноўная вытворчасць прадпрыемства, на мяжы спынення цэхі, дзе робяць корпусы трансфарматараў. «Звальняюць рабочых, якія з’яўляюцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі, якія крытычна важныя для вытворчага працэсу, гэта зваршчыкі высокага класа, інжынеры высокай кваліфікацыі», — пацвердзіў «Салідарнасці» старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) Аляксандр Бухвостаў.

На яго думку, прадпрыемства цяпер адчувае сур’ёзныя праблемы. «Там цяпер проста няма каму варыць масляныя трансфарматары. Спрабуюць прыцягнуць штрэйхбрэйхераў з іншых прадпрыемстваў. Але не ўсіх можна замяніць. Бо зварачныя працы спецыфічныя. Для таго, каб выконваць такія працы, трэба пяць гадоў варыць! Касмічныя караблі таксама вараць, але гэта не азначае, што кожны зваршчык гэта зможа», — заўважае прафсаюзны дзеяч.

На самай справе, па словах Бухвостава, дырэктара не хочуць звальняць людзей, яны ж не ворагі сабе. «Нядобранадзейных» прымушае звальняць КДБ. Атрымліваецца, што спецслужбы спрыяюць страйку.

Уся палітыка, якая вядзецца па ўказанні Лукашэнкі, каб выганялі іншадумцаў рабочых і студэнтаў, дапаможа разваліць прадпрыемствы і ВНУ, упэўнены прафсаюзны лідар.

На гэты момант у першасную арганізацыю СПМ на МЭТЗ ўступілі больш за сто рабочых.

«Пераважная частка рабочых на ўсіх прадпрыемствах катэгарычна супраць гэтай улады. На Мінскім заводзе колавых цягачоў звольнілі высокакваліфікаваных спецыялістаў з упраўлення галоўнага канструктара. Зараз там праблемы з выкананнем перспектыўных распрацовак. На “Белкамунмашы” таксама звольнілі ўнікальных спецыялістаў, і вытворчасць таксама на мяжы спынення. Карціна падобная ўсюды, таму што, у першую чаргу, у стачкі ўступаюць лепшыя, тыя, хто хварэе душой за сваю справу, за свой завод», — кажа Бухвостаў.

Таму, на яго думку, абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка працягваецца, яе падхапілі кіраўнікі прадпрыемстваў, звальняючы людзей, і такім чынам яны прывядуць свае прадпрыемствы да спынення. Парадаксальная сітуацыя, адзначае адмыслоўца.