На МТЗ пасля спробы забастоўкі — масавыя звальненні?

Пасля 26 кастрычніка з Мінскага трактарнага завода звальняюць 49 чалавек, паведамілі «Новаму Часу» крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй на МТЗ.

Працоўныя МТЗ супраць гвалту

Працоўныя МТЗ супраць гвалту

Яны ўдакладнілі, што 20 чалавек звольнілі па артыкуле нібыта за прагул і не выкананне працоўных абавязкаў. 23 чалавекі звольніліся па пагадненні бакоў. Шасцёра звольненыя пакуль без указання прычыны.
Як адзначаюць крыніцы, цяжка сказаць, ці сыйшлі звольненыя па пагадненні бакоў планава, ці іх вымусілі/папрасілі напісаць заявы на звальненне.
Па словах адной з крыніц, цяпер некаторыя звольненыя чакаюць атрымання на рукі дакументаў і збіраюцца аспрэчваць свае звальненні ў судзе.
Таксама ў адным з цэхаў калегі звольненых працоўных падняліся сёння, каб адстаяць сваіх. І ходзяць чуткі, што гэтых 9 звольненых з цэха чалавек збіраліся вярнуць на працу. 
Як паведаміла НЧ яшчэ адна блізкая да завода крыніца, на звальненне супрацоўнікаў не далі згоду ні дырэктар, ні юраддзел, ні аддзел кадраў, ні прафсаюзы.
Атрымаць каментар на прадпрыемстве «Новаму Часу» не ўдалося. Прэс-сакратар Юлія Дылянок спачатку казала па тэлефоне, што не валодае інфармацыяй пра звальненні і прасіла ператэлефанаваць пазней, пасля перастала адказваць на тэлефанаванні.
Нагадаем, 28-га кастрычніка з МТЗ па артыкуле звольнілі двух супрацоўнікаў: машыністку крана Ульяну Гарбачову і электрагазазваршчыка Міхаіла Громава. Гэта адбылося пасля таго, як працоўныя МТЗ 26 кастрычніка падтрымалі страйк і прайшлі маршам па заводзе.