Бараніць сваё, каб не дайсці да торбы

Тамара Скрабец цяпер ужо шкадуе, што прадала кватэру ў Мінску ды з’ехала з мужам жыць у вёску Каменка Уздзенскага раёна. Але у 2007-м рашэнне памяняць горад на вёску дзеля спакойнай старасці падавалася правільным. 



tamara_skrabiec_i_alieh_volcak_logo.jpg

Тамара Скрабец і Алег Волчак

Дамовіліся па-суседску

Справа ў тым, што зямельны ўчастак новых гаспадароў хаты знаходзіўся каля дому Анатоля Юзафовіча — суседа насупраць. А зямля суседа — акурат побач з домам Скрабцоў. Праз гэты надзел новыя ўладальнікі не маглі заехаць ва ўласнае дварышча. Але дамовіцца пра абмен надзеламі са спадаром Юзафовічам аказалася вельмі проста.

«Ну, і вось мы так з ім дамовіліся і паехалі ў сельскі савет, — пачынае аповед спадарыня Тамара. — Добраахвотна падалі заявы на абмен. Я мяняла свой прыватызаваны ўчастак у трынаццаць сотак, а ён свой, каторы быў выдзелены калгасам. Ён не быў прыватызаваны. Але нам Ліцвянскі сельскі савет дазволіў зрабіць абмен».

Аднак суседу зямля ўвогуле была не патрэбная. Таму ён дазволіў спадарыні Тамары апрацоўваць і ейны былы ўчастак зямлі. Аднак для жанчыны найважнейшым быў усё ж такі надзел побач з домам.

«Участак быў настолькі занядбаны, што мы не маглі канём узараць яго. Паднялі зямлю трактарам, потым віламі, рукамі гэта ўсё ператрэслі, бачыце, якія ў мяне рукі?» — голас спадарыні Тамары зрываецца і на вочы наварочваюцца слёзы...

За сем гадоў на ўчастку з’явіліся гаспадарчыя пабудовы і плот, сям’я зрабіла калонку, правяла газ і насадзіла дрэвы, якія пачалі ўжо пладаносіць. А вось Анатоль Юзафовіч не спяшаўся афіцыйна афармляць прыватную ўласнасць на свой новы надзел.

Ні сабе, ні людзям

Праблемы ў Скрабцоў пачаліся, калі сусед памёр. Спадкаемніцаю аказалася аднасяльчанка Людміла Лысая, якая даводзілася Анатолю Юзафовічу роднай цёткай. Жанчына сабралася прыватызаваць хату і зямлю побач. На той момант Ліцвянскі сельсавет ужо ліквідавалі. Таму спадарыня Лысая падала заяву ў Уздзенскі сельсавет. І там ёй дазволілі прыватызаваць участак, які фактычна ўсё яшчэ належаў Тамары Скрабец. Каб атрымаць зямлю, Людміла Лысая падала ў суд. А на Скрабец пачалі ціснуць чыноўнікі, каб яна добраахвотна і безвыплатна адмовілася ад старога ўчастка на карысць новай суседкі. Спадарыня Тамара не згадзілася. У выніку суд прызнаў угоду па абмену ўчасткамі несапраўднай на падставе таго, што на момант дамовы паміж суседзямі жывая яшчэ была маці Анатоля Юзафовіча. А таму, маўляў, ён не меў права мяняцца ўчасткамі з суседзямі.

Не выйграла ў выніку і Людміла Лысая. Зямлі яна не атрымала, а былы надзел Анатоля Юзафовіча побач з домам Тамары Скрабец паводле рашэння суда мусіць цяпер адыйсці дзяржаве. Ані пра якую кампенсацыю гаспадарам нават гаворкі не ідзе.

«У чым мая памылка? — пытаецца Тамара Іванаўна. — Я падпарадкоўвалася сельсавету, ну, не буду ж я казаць, што яны няправільна робяць! Усё, што яны мне сказалі, я выканала, усё, што трэба было аплаціць, я аплаціла, і апрацоўвала гэтую зямлю спакойна, Юзафовіч адмовіўся, ён нават сваю зямлю каля дому не хацеў прыватызаваць».

Пры чым тут сельвыканкам?

Падаецца, для Тамары Скрабец сітуацыя складаецца не самым горшым чынам. Бо яна, хаця і страчвае надзел побач з домам, але ўсё яшчэ валодае ўчасткам побач з хатай суседкі. Аднак не ўсё так проста. Бо каб адбудаваць усё нанова на іншым участку, у пенсіянераў ужо нестае сілаў, дый сродкі не дазваляюць.

— Я жыву толькі дзякуючы гэтаму ўчастку побач з домам. Я трымаю дробную жывёлу. А агульнай пашы для іх няма. Кармы, паліва, электраэнергія, будаўнічыя матэрыялы каштуюць дорага. Гэты дом і гэты хлеўчык трэба ўвесь час падтрымліваць, рамантаваць, усе мае грошы ідуць на гэта. Бо за 38 гадоў працоўнага стажу я атрымліваю ўсяго толькі два з паловай мільёна пенсіі. А існую я толькі з працы на гэтай зямлі, — распавядае Тамара Іванаўна.

— А чаму вы раней не рабілі спробаў прыватызаваць дзяржаўны ўчастак побач з домам?

— Ну, ніхто мне не гаварыў пра гэта... мне ж, ведаеце, выдалі дакументы, што, нібыта ён мне і належыць...

Ці магчыма развязаць праблему пенсіянераў бяскроўным спосабам? Мы спыталі кіраўніцу справамі Уздзенскага сельскага выканаўчага камітэту Марыну Дылеўскую.

— Пры чым тут мы, сельвыканкам? — пытае ў адказ чыноўніца. — Было вынесенае рашэнне суда, іск падаваў не сельскі савет, а грамадзянка Лысая. У выніку мы пайшлі адказчыкамі. Рашэнне суда па гэтаму пытанню вынесенае. Усе пытанні да суда.

— Але ўчастак паводле рашэння суда цяпер адыдзе да сельсавету, ці магчыма будзе вырашыць пытанне з участкам для Тамары Скрабец хаця б за грошы?

— Пакуль ніхто гэтым займацца не будзе, Скрабец сама гэтага захацела. Хай спачатку рашэнне суда ўступіць у сілу. Потым будзем вырашаць. Пракаментаваць гэта пакуль не магу.

Ці варта шукаць карупцыйны складнік?

Тамара Скрабец тым часам звярнулася па дапамогу да старшыні праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алега Волчака. Першае, што яны зрабілі, — падалі касацыйную скаргу на рашэнне суда.

 «Мы зараз прапрацоўваем сваю абарону, і ў нас ёсць права падаць іск супраць Удзенскага сельсавета аб кампенсацыі нанесенай шкоды гэтай жанчыне неправамернымі дзеямі сельсавету (на той момант Ліцвянскага). Мы падлічым, колькі ў Тамары Скрабец пайшло грошай, каб узвесці пабудовы, апрацаваць зямлю», — кажа праваабаронец.

Увогуле, спадар Волчак лі­чыць, што гісторыя Тамары Скрабец тыповая для сучаснай Беларусі.

«Першае, што прыходзіць у галаву, гэта тое, што пасялковыя і сельскія саветы, якія прымаюць рашэнні па прыватызацыі ўчасткаў, праводзяць шмат угодаў, якія потым праз халатнасць і непрафесіяналізм могуць быць прызнаныя несапраўднымі. Але паўстае пытанне: пры чым тут людзі? Яны плацяць грошы за прыватызацыю, а потым праз 10–15 гадоў пазбаўляюцца гэтай уласнасці і не атрымліваюць аніякай кампенсацыі. У нас гэта не першы такі выпадак, з якім звяртаюцца людзі ў грамадскую прыёмную. Наступнае пытанне: ну, прызналі ўгоду несапраўднай пра віне чыноўнікаў, дык чаму тады ўсе страты па суду вешаюць на пацярпелага? Тады трэба распачынаць крымінальную справу за халатнасць супраць чыноўнікаў», — лічыць Алег Волчак.

Не выключае праваабаронца і карупцыйны складнік зямельных справаў: «Вяскоўцаў часта прымушаюць адмаўляцца ад участкаў. Гэтыя зямельныя надзелы ўжо апрацаваныя, прывабныя для пакупнікоў. Яны знаходзяцца ў межах 100 кіламетраў ад Мінску. Заўсёды можна выставіць гэтыя ўчасткі на аўкцыён. І іх набываюць. Прычым гэтыя землі прадаюць з правам будаўніцтва жылога дома. Дзяржава абавязаная праводзіць туды святло, дарогу. Рана ці позна вось гэтыя зямельныя пытанні пачнуць масава паўставаць, паколькі ад пачатку былі няправільна праведзеныя ўгоды, зямельныя спрэчкі не разбіраліся, дамы кідалі. А калі кошт на зямлю вырасце, пачнуць з’яўляцца нашчадкі. Будзе шмат праблемаў».

Бараніце сваё

Тамара Скрабец гатовая бараніць свае права на зямлю ўсімі магчымымі спосабамі, звяртацца па дапамогу ва ўсе інстанцыі. Бо іншага выйсця не бачыць.

Пакуль касацыйную скаргу жанчыны не разгледзелі, яна яшчэ мае права заходзіць на ўласны падворак. Зямля каля дому ўжо ўзараная і падрыхтаваная, каб садзіць бульбу. Ці давядзецца рабіць гэта сёлета, гаспадары не ведаюць. На ўсялякі выпадак рыхтуюцца да горшага. На вялікі жаль, ніхто ў свой час не растлумачыў пенсіянерам, як правільна аформіць зямлю ва ўласнасць, каб памылкамі не скарысталіся потым не надта сумленныя людзі, ніхто не параіў самастойна ўнікнуць у кожную літару закону.

Незаўважна для ўсіх надышоў час, калі добра ведаць законы і ўмець бараніць свае правы на ўласнасць трэба не толькі адмыслоўцам, а і самым звычайным людзям. Каб не дайсці да торбы.

dazvol_na_abmen_uchastkam_tamari_skrabec_anatolju_juzefov_chu_logo.jpg

Дазвол на абмен участкамі Тамары Скрабец і Анатолю Юзэфовічу

pasvedchanne_ab_dzjarzha_naj_reg_straci_zjamel_naga_chastka_tamari_skrabec_logo.jpg

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастка Тамары Скрабец