БХД: Выбараў няма — папрацуем на будучыню

Беларускія хрысціянскія дэмакраты яшчэ ў чэрвені заявілі пра «ігнор» сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў, і вельмі ўсцешаныя тым, што да гэтага прыйшла большасць апазіцыі. Але адпачываць яны не збіраюцца.



reform_bchd_logo.jpg

Кіраўніцтва БХД сёння распавяло, што арганізацыя будзе рабіць у часы выбарчай кампаніі і пасля яе. Апроч таго, аргкамітэт па стварэнні партыі адназначна заяўляе: выбары нельга прызнаць свабоднымі і справядлівымі, бо парушанае выбарчае права сябраў БХД.

Вядома, што ўлады сёлета ў пяты раз па надуманых прычынах, па меркаванні заснавальнікаў партыі, адмовілі БХД у рэгістрацыі. З гэтай нагоды пададзеная скарга ў Вярхоўны суд. Але сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Віталь Рымашэўскі ў чарговы раз падкрэсліў, што пытанне рэгістрацыі ці нерэгістрацыі БХД — гэта таксама «пытанне свабодных і справядлівых выбараў». Чаму? «Па сутнасці, некалькі тысячаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь сёння пазбавілі права ўдзельнічаць у выбарах у якасці назіральнікаў ад палітычнай партыі, быць сябрамі выбарчых камісій. Яны маглі б быць накіраваныя туды Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Таму наша пазіцыя застаецца нязменнай — сёння казаць пра свабодныя і справядлівыя выбары не даводзіцца», — растлумачыў Рымашэўскі.

Бо галоўная мэта хрысціянскіх дэмакратаў зараз — арганізацыя масавага назірання і фіксацыя яўкі (а дакладней — няяўкі) выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання. «Нашая задача — спраўдзіць жудасны сон Лідзіі Ярмошынай і ўсе тыя перасцярогі, якія ўлада сёння выказвае. У нас застаўся адзін інструмент, адна рэч, якую мы можам зараз адсачыць — гэта няўдзел людзей у гэтым выбарчым фарсе», — сказаў былы кандыдат у прэзідэнты.

Гэты «жудасны сон» можа рэальна спраўдзіцца. Бо, як распавядаў калегам Павел Севярынец, час збору подпісаў сябры БХД скарысталі, каб празандаваць грамадскія настроі. Напрыклад, у Бабруйску ў пікетах па зборы подпісаў за Анатоля Лябедзьку праводзілася апытанне: хто пойдзе на выбары, хто не пойдзе, і хто што будзе рабіць. З сотні апытаных толькі 37 сказалі, што будуць удзельнічаць у выбарах, а 45 — што будуць выбары ігнараваць. Астатнія пакуль вагаюцца.

rym_press_15092015_logo.jpg

Віталь Рымашэўскі мае спраўдзіць жудасныя сны Ярмошынай

БХДшнікі ўжо ведаюць, з чым прыйдзецца сутыкнуцца на ўчастках. Па звестках таго ж Рымашэўскага, у рэгіёнах ідэалагічныя аддзелы рыхтуюць сваю «сетку назіральнікаў», задачай якіх будзе супрацьдзеянне назіральнікам незалежным, і праца з замежнымі міжнароднымі назіральнікамі.

 

Так што выбараў няма, але перадвыбарчы час, час адноснай адлігі БХД скарыстае, каб распрацаваць праграму рэформаў для будучай (а можа, і сучаснай) Беларусі.

 

Як распавёў Павел Севярынец, БХД ужо пачала распрацоўку і шырокае экспертнае абмеркаванне першачарговых дзесяці законаў, якія трэба будзе адразу ж увесці ў дзеянне ў Беларусі як мага хутчэй. Першы такі закон — аб культуры — ўжо быў абмеркаваны ў офісе Таварыства беларускай мовы.

 

«Зараз мы з вядучымі экспертамі Беларусі вядзем працу над гэтымі законапраектамі і канцэптамі, якія могуць быць асновай для рэформаў Беларусі. Літаральна заўтра мы будзем абмяркоўваць судовую рэформу, на наступным тыдні — рэформу фінансавай сістэмы», — паведаміў Севярынец. Прычым, абгаворваць гэтыя рэформы будуць сапраўды прафесіяналы: дакладчыкам па судовай рэформе будзе былы суддзя Канстытуцыйнага суда, прафесар Міхаіл Пастухоў, а па фінансавай сістэме — былы старшыня Нацбанка, таксама прафесар Станіслаў Багданкевіч.

 

Далей будуць абмяркоўвацца рэформы войска, сістэмы інфармацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пенсійная рэформа, энергетыка, медыцына і інш.

 

Падавалася б, навошта распрацоўваць гэтыя законапраекты? Усё даўно ўжо распрацавана. Інакш дзеля чаго пад еўрапейскім патранажам засядалі ўсялякія групы «Дыялога аб мадэрнізацыі Беларусі», альбо праграмы «Рэфорум» і гэтак далей?

kavalk_bchd_logo.jpg

Вольга Кавалькова: «ДМБ»? Чула, але гэта не тое.

Аднак тое, што ўжо распрацаванае, БХД проста не задавальняе. Вольга Кавалькова, якая сама была ўдзельнікам праграмы «ДМБ», лічыць гэтую працу не вельмі ўдалай і як мінімум, безвыніковай. «Гэта была добрая ідэя — «Дыялог аб мадэрнізацыі», былі добрыя эксперты. Але, на жаль, гэта не знайшло ніякага выйсця. Тое, што прапаноўвалі эксперты ў межах «ДМБ», за межы самога «ДМБ» не выходзіла. Таму што там не ўдзельнічала ўлада, і гэтыя праекты так і не былі прадстаўленыя грамадству для абмеркавання на круглых сталах, як мы зараз гэта маем рабіць», — зазначыла Кавалькова.

 

Таму галоўных адрозненні ад «ДМБ» у праекце БХД пад назвай «Урад для народа» два. Першае — гэта грамадскае абмеркаванне і «адшліфоўка» законапраектаў, і другое — вынясенне гэтых праектаў на разгляд урада. «З досведу мінулых кампаній у нас ёсць механізм лабіявання гэтых законаў у Палаце прадстаўнікоў, Савеце рэспублікі і ў іншых дзяржаўных установах. Яны не будуць проста распрацаваныя і пакладзеныя на паліцы. Мы будзем праводзіць кампаніі, каб тыя змены, якія мы распрацуем, былі прынятыя не праз пяць год, а ўжо зараз», — паведаміла Вольга Кавалькова.

 

Павел Севярынец зазначыў яшчэ тры важных, на ягоны погляд, адрознення законапраектаў БХД ад «ДМБ». «Гэта, па-першае, праекты хуткіх і рашучых рэформаў. «ДМБ» меў на ўвазе паляпшэнне сістэмы Лукашэнкі, а ў нас ідзе размова пра рашучыя рэформы, глыбокае рэфармаванне. Па-другое, нерв усіх гэтых законапраектаў — абарона незалежнасці Беларусі. Напрыклад: заўтра мяняецца рэжым — як нам абараніцца ад расійскай прапаганды? Павінны быць юрыдычныя механізмы, як гэта зрабіць. У межах «Дыялога аб мадэрнізацыі» нічога падобнага не рабілася. Заўтра мяняецца рэжым, і як нам забяспечыць дыверсіфікацыю крыніцаў энергіі? Практычна не рабілася нічога на гэты конт. Мадэрнізацыя дзеючай сістэмы, завязанай на Маскву, не дае адказу на пытанне, як Беларусь будзе энергетычна незалежнай», — зазначыў Севярынец.

sevkav_logo.jpg

Павел Севярынец распрацуе моцныя і рашучыя рэформы для Беларусі

І, урэшце, па-трэцяе — гэта грунт рэформаў на хрысціянскіх і маральных каштоўнасцях. «Па Украіне і ўкраінскіх рэформах, якія зараз прабуксоўваюць, мы можам сказаць адно — галоўным дэфіцытам у новай Беларусі будзе маральнасць», — зазначыў Севярынец. Таму і запрашаюцца на гэтыя сустрэчы святары і іншыя людзі, якія не маюць сувязяў з рознымі кланамі і групоўкамі, каб яны маглі праводзіць гэтыя рэфрмы без «карупцыйнага складніка».

І, канешне ж, новы імпульс для развіцця атрымаюць «старыя» кампаніі БХД: супраць алкагалізацыі насельніцтва, за якасную медыцыну і адукацыю.

Галоўнае, каб сябраў БХД на ўсё хапіла — і на назіранне, і на законатворчую дзейнасць, і на медыцыну, і на адукацыю. Але, калі БХД ставіць перад сабою такія амбітныя задачы, значыць, ёсць у іх на што разлічваць?