Беларусь пачне перадклінічныя выпрабаванні антыкавіднай вакцыны 1 снежня

Такі тэрмін назваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін пасля дакладу Лукашэнку. Субоцін адзначыў, што праект па стварэнні Беларускай вакцыны ідзе паспяхова. Фарміруецца вытворчы ўчастак.

99d67a7057f3b645cfd2cc60bd3a0f72185fac90.jpg


«1 снежня плануем ужо пачаць перадклінічныя выпрабаванні атрыманай нашай вакцыны», — цытуе чыноўніка REFORM.by.

Паводле яго слоў, вакцына ствараецца не па вектарнай, а па класічнай тэхналогіі. Гэта дазваляе разлічваць, што яна будзе пераносіцца лягчэй.

Ужо распачата будаўніцтва новага завода з поўным цыклам вытворчасці вакцын. Ён зможа вырабляць не толькі вакцыны ад COVID-19, але і ад іншых хвароб. Нагадаем, вытворчасць вакцыны плануецца разгарнуць на базе прадпрыемства «Белветуніфарм» у Віцебскай вобласці.

Цікава, што пра вакцыну Лукашэнку кажа губернатар вобласці, а не чыноўнік з Мінздароўя альбо навуковец. Па логіцы, менавіта апошнія вызначаюць, калі пачынаць перадклінічныя выпрабаванні.

У той жа час Мінздароўя плануе новы ўздым COVID-19 на восень. Па меркаванні яго спецыялістаў, хвароба будзе насіць ужо не пандэмічны, а сезонны характар.

Аднак беларускія дактары, якія працуюць непасрэдна ў паліклініках, кажуць, што гэты ўздым захворвання ўжо пачаўся. Тэлеграм-канал беларускіх медыкаў адзначае, што ў Беларусі выяўлены новы штам COVID-19 — «амікрон-ніндзя» (ВА.4.6). Паводле папярэдніх звестак, ён мае ў параўнанні з іншымі варыянтамі «амікрона» вялікую трансмісіўнасць, то-бок лепш выслізгвае ад дзеяння вірусанейтралізуючых антыцелаў.

Па звестках дактароў, у Беларусі расце захворванне каронавірусам, пачалі хварэць нават самі медыкі. Ідзе вялікая нагрузка на медыцынскія ўстановы, аднак на тэставанне адпраўляюць далёка не ўсіх, каб не псаваць статыстыку.