Беларускі бізнес прызнаны аб'ектам палітычнага пераследу. Хронікі рэпрэсій 13 траўня

Беларускія ўлады працягваюць пераслед прадпрыемстваў, прадпрымальнікаў і работнікаў, якія падтрымалі мірныя пратэсты або выступілі супраць парушэнняў правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пра гэта гаворыцца ў новай заяве праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch (HRW), апублікаванай напярэдадні штогадовай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), дзе Беларусь зноў будзе ў цэнтры ўвагі, піша «Люстэрка».

1_1097_1.png

Як паведамляе HRW, у адказ на ўдзел у пратэснай дзейнасці або крытыку ўладаў шматлікія кампаніі сутыкнуліся з ператрусамі, арыштамі, штрафамі і крымінальнымі справамі па надуманых абвінавачваннях. Некаторыя бізнесмены былі вымушаныя закрыць кампаніі і з'ехаць за мяжу, дзе таксама падвяргаюцца ціску — як асабістым, так і праз ціск на іх былых партнёраў і супрацоўнікаў у Беларусі.

Асаблівую ўвагу HRW надае дзеянням уладаў супраць удзельнікаў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA), якую КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем». Сябры асацыяцыі, уключаючы заснавальнікаў і тых, хто ўдзельнічаў у ініцыятыве за межамі краіны, падвяргаюцца крымінальнаму пераследу, арыштам іх сваякоў, канфіскацыі маёмасці і кібератакам.

МАП плануе правесці спецыяльную сесію па Беларусі на чэрвеньскай канферэнцыі 2025 года. Парадак дня ўключае ацэнку нявыкананых абавязацельстваў Беларусі па канвенцыях 87 і 98 Аб свабодзе асацыяцыі і праве на калектыўныя перамовы, а таксама абмеркаванне мер, якія краіны-чальцы МАП могуць прыняць для абмежавання ўдзелу Беларусі ў міжнародных адносінах, калі краіна працягне парушаць правы працоўных.

«Свабода аб'яднанняў і выказвання меркавання з'яўляюцца фундаментальнымі прынцыпамі МАП, і ў Беларусі яны сістэматычна руйнуюцца. МАП павінна працягнуць пільную ўвагу да сітуацыі і падтрымаць беларускіх прадпрымальнікаў і работнікаў у іх праве працаваць свабодна і без пагрозы рэпрэсій», — заявіў дырэктар HRW па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Х'ю Уільямс.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі Telegram-каналы «Зеркало – Новости | TUT.ВY», «Dark Baron», Instagram старонкі «zmitr_ok», «kalinouskipolk», старонка ў Facebook «Pavel Latushka», а таксама старонка ва «Укантакце» «Зробiм Беларусь лепей».

У Гродне напрыканцы траўня пачнецца чарговы завочны суд

У Гродзенскім абласным судзе прызначаны чарговы крымінальны працэс у рамках спецыяльнай вытворчасці. 26 траўня завочна пачнуць судзіць Віктара Дамарацкага. Яму прапануюць з’явіцца ў будынак абласнога суду, што па вуліцы Карбышава, 20, а 10-ай раніцы.

Мужчыну вінавацяць паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Што канкрэтна інкрымінуюць Дамарацкаму — невядома.

Як паведамляе «Гарадзенская Праваабарона», дагэтуль Гродзенскім абласным судом у рамках спецвытворчасці былі асуджаныя ўжо 11 чалавек — пераважна грамадскія актывісты і журналісты.

Сілавікі прыйшлі з ператрусам да бацькоў сябра Грамады, якую прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

«Стала вядома аб першым візіце праваахоўнікаў да былога сябра БСДП, які знаходзіцца за мяжой. Раніцай 13 траўня супрацоўнікі ў цывільным завіталі да бацькоў актывіста. Папрасілі паказаць асабістыя рэчы.

У выніку забралі партыйны сцяг, партыйны білет, перадвыбарчыя плакаты, буклеты, Статут партыі і іншую партыйную літаратуру», паведаміў тэлеграм канал партыі @BSDP_Hramada

Антыкрызісных кіраўнікоў прапануюць пазбаўляць атэстата за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Міністэрства эканомікі вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пастановы Саўміна аб зменах у сістэме атэстацыі і пераатэстацыі антыкрызісных кіраўнікоў. Абмеркаванне праходзіць на прававым форуме з 13 па 23 траўня, піша reform.news.

Як адзначылі ў Мінэканомікі, праект падрыхтаваны ў мэтах удасканалення сістэмы атэстацыі і пераатэстацыі, а таксама «забеспячэння допуску на рынак антыкрызіснага кіравання толькі кваліфікаваных спецыялістаў са станоўчым стаўленнем да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу».

Праект выкладаецца ў новай рэдакцыі Палажэння аб парадку атэстацыі і пераатэстацыі фізічных асоб на адпаведнасць прафесійна-кваліфікацыйным патрабаванням, што прад'яўляюцца да часовага (антыкрызіснага) кіраўніка.

У Палажэнні ўдакладняюцца і дапаўняюцца падставы для спынення атэстата кіраўніка. У тым ліку ён будзе спыняцца ў выпадку, калі кіраўнік пазбаўляецца грамадзянства Беларусі або дазволу на пастаяннае пражыванне ў краіне. Атэстат прапануецца спыняць пры наяўнасці непагашанай або не знятай судзімасці, у выпадку знаходжання на ўліку ў арганізацыях аховы здароўя ў сувязі з псіхічным засмучэннем (захворваннем), алкагалізмам, наркаманіяй, таксікаманіяй.

Таксама кіраўнікоў прапануецца пазбаўляць атэстата ў выпадку наяўнасці факту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці або вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці атэставанай асобы з вынясеннем папярэджання за ўчыненне правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі КаАП:

19.10. Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі

19.11. Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць

24.1. Невыкананне пісьмовага патрабавання (прадпісанні)

24.2. Перашкода правядзенню праверкі, экспертызы

24.3. Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў

24.23. Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Аналагічныя патрабаванні аб непрыцягненні да адказнасці па ўказаных артыкулах прапануецца прад'яўляць да прэтэндэнтаў для праходжання атэстацыі.

Удакладняюцца і падставы для анулявання атэстата.