У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» песню «Лукашэску». Хронікі рэпрэсій 14 траўня

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Гомельскага раёну 12 траўня. Паведамляецца, што гэта кампазіцыя С. Марозава. Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі старонкі праекту «Август2020» у сацсетках, Instagram старонкі «stop_tarakan_by», «belpotatoit», старонка ў Facebook «pavel.barkouski», а таксама TikTok-старонкі «Натали», «HarleyQuinn», «Dmitry_Stinger», «JAMBO LIFE», «SONCAU».

1_1097_1.png

Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай, якую летась вызвалілі па памілаванні

Жыхарку Лунінца адправілі ў калонію на два гады за «паклёп на Лукашэнку». Яе «злачынства» — лайк на публікацыі ў «Аднакласніках», дзе Лукашэнка называўся дыктатарам. Прысуд вынесла суддзя Кацярына Клеўжыц.

Тамара Каравай была ў ліку памілаваных  20 жніўня 2024 года. Яна вызвалілася на тры месяцы раней за прызначаны ёй тэрмін. 

Пра смерць жанчыны «Нашай Ніве» паведамілі яе знаёмыя. Афіцыйная прычына — не вытрымала сэрца. Дакладная дата смерці невядомая, аднак Тамара была апошні раз анлайн «Укантакце» 23 красавіка 2025 года.

Працягваюцца затрыманні па «справе Гаюна»

Паводле звестак «Вясны», апошнія месяцы ў Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну».

Як паведамлялі былыя вязні Акрэсціна, затрыманні адбываюцца ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.

Праваабаронцам вядома пра як мінімум 15 фігурантаў «справы Гаюна», што былі затрыманыя па крымінальных справах.

Яшчэ адзін суд за здраду дзяржаве

У Гродзенскім абласным судзе 26 траўня завочна пачнуць судзіць Віктара Васільевіча Дамарацкага 1971 года нараджэння. 

Яго абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 356 КК «здрада дзяржаве». Мужчыну пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення. Што канкрэтна інкрымінуюць Дамарацкаму — невядома, паведамляе "Гродзенская праваабарона".

Новыя паборы ў Гомельскай ПК-4 для жанчын? Сваякі баяцца пералічваць грошы 

Як стала вядома MAYDAY TEAM, у асуджаных жанчын, якія адбываюць тэрмін у Гомельскай папраўчай калоніі №4 сталі патрабаваць дадатковыя «добраахвотныя пералічэнні» на патрэбы калоніі. Да гэтага часу адміністрацыя змушала ахвяраваць сумы, якія застаюцца ад мізэрнай зарплаты ў прамзоне ПК-4.

Пасля кампенсацыі камунальных паслуг, вылікаў за турэмнае адзенне і інш. у зняволеных ад заробку заставаліся літаральна 10-15 рублёў. Гэтыя грошы і ішлі ў фонд калоніі.

Цяпер жа адміністрацыя занялася і асабовымі рахункамі асуджаных. Пры наяўнасці вялікага, на думку адміністрацыі, астатку для «атаваркі» (куплі прадуктаў і тавараў першай неабходнасці ў турэмнай краме) вязням настойліва рэкамендуюць напісаць заяву аб добраахвотным пералічэнні сродкаў на патрэбы папраўчай установы.

Цяпер асуджаныя просяць сваякоў проста не пералічваць грошы звыш дазволеных сум.

Ксёндз Анджэй Юхневіч аспрэчвае сваю вінаватасць па справах аб сэксуальнай недатыкальнасці непаўналетніх і адстойвае сваё добрае імя

Як стала вядома выданню Katolik.Life  ад вернікаў святара, знаёмых з ходам крымінальнай справы, ксёндз Юхневіч абскарджвае абвінаваўчы прысуд, вынесены супраць яго Шумілінскім судом 30 красавіка 2025 года. Святара прызналі вінаватым ва ўчыненні шэрагу злачынстваў паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, звязаных з палавой недатыкальнасцю непаўналетніх. Яго прысудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Святар не прызнаваў сябе вінаватым, не вядомыя ні імёны патэнцыйных пацярпелых, ні абставіны справы – адзіная інфармацыя, што меркаваныя злачынствы мелі месца больш за дзесяць гадоў таму. Незалежнага расследавання — у тым ліку ўнутранага з боку ўпаўнаважаных на гэта органаў рымска-каталіцкай царквы — праведзена не было, паколькі адсутнічае любы доступ да інфармацыі і да самога Юхневіча. 

Ксёндз абскарджвае рашэнне ў вышэйстаячую касацыйную інстанцыю ў надзеі даказаць сваю невінаватасць і захаваць сваё добрае імя.