Беларускія кніжкі — украінскім сябрам (фота)
Кніжкі на беларускай мове падараваныя бібліятэцы Дома культуры сяла Залісы Забалоццеўскага пасялковага савету Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці Украіны ад Дзівінскага сельвыканкама Кобрынскага раёна на Берасьцейшчыне.
![Галоўны рэдактар Ратнаўскай раённай газеты «Ратнівщина» Дмітро Мороз знаёміцца з бібліятэчкай беларускай літаратуры Галоўны рэдактар Ратнаўскай раённай газеты «Ратнівщина» Дмітро Мороз знаёміцца з бібліятэчкай беларускай літаратуры](/img/v1/images/zalisy_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Галоўны рэдактар Ратнаўскай раённай газеты «Ратнівщина» Дмітро Мороз знаёміцца з бібліятэчкай беларускай літаратуры
Падзея адбылася 14 студзеня ў Залісах пад час фэсту вертэпаў і калядак «Калядная зорка». Фэст — з мерапрыемстваў дзеля абмену вопытам у вясковых суполках Украіны і Беларусі праекту «Праз вывучэнне культуры суседняга народу — да ўстойлівага партнёрства і паразумення» ў рамках Еўразвязаўскай праграмы тэрытарыяльнай супрацы краінаў Усходняга партнёрства «Беларусь-Україна».
Бібліятэчку склалі 50 кніжак мастацкай, у тым ліку дзцячай, навукова-папулярнай і даведачнай літаратуры. Сярод іх — кнігі выбраных твораў класікаў нацыянальнага прыўкраснага пісьменства Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча і Рыгора Барадуліна, казак Пётры Васючэнкі і Сяржука Вітушкі, паэтычны зборнік Анатоля Вярцінскага, бліскучае апавяданне Міхася Стральцова «Смаленне вепрука», а таксама даследаванне Аляксея Цітова «Геральдыка Беларусі», зборнік артыкулаў слыннага беларускага навукоўцы, доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча, ілюстраваныя альбомы пра шэраг старажытных гарадоў Беларусі і гістарычныя выданні для школьнікаў знанага айчыннага археолага і выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага Адраджэння Міхася Чарняўскага.
Дарэчы, у ягонай кнізе «Дзесяць бітваў» згадваюцца падзеі 1362 году, калі войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам вялікага князя Альгерда ў пабаявішчы на Сіняй Вадзе — прытоку Паўднёвага Бугу на поўдні Украіны адолелі татарскае войска пад кіраўніцтвам Хачыбея, Кутлубагі і Дзімітра. Дзякуючы гэтай перамозе, большая частка сучаснай Украіны была вызваленая ад дэспатыі Залатой Арды і ўвайшла ў склад ВКЛ.
У кнізе выбраных твораў Янкі Купалы ўтрымліваецца ягоная паэма «Тарасова доля» — прысвячэнне бацьку ўкраінскай нацыі Тарасу Шаўчэнку, які сваёй творчасцю і жыццём увасобіў пакутны лёс суайчыннікаў, іхнія надзеі і памкненні скінуць кайданы тыраніі. Дарэчы, будучы паэт і мастак упершыню ўбачыў Беларусь 15-гадовым хлопчыкам — пакаёвым казачком штаб-ротмістра лейб-гвардыі ўланскага палка расейскага войска Паўла Энгельгарта, калі той у 1829 годзе па дарозе з Альшанаў у Вільню заязджаў у маёнтак свайго цесця — кобрынскага барона Рыгора Энгельгарта ў вёсцы Кустовічы на Кобрыншчыне і нейкі час жыў там з сям’ей і сваім прыгонным служкай.
![Юныя артысты з Дзівіну хутка выйдуць на сцэну Юныя артысты з Дзівіну хутка выйдуць на сцэну](/img/v1/images/zalisy_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Юныя артысты з Дзівіну хутка выйдуць на сцэну
Свае калядныя праграмы на фэсце паказалі жыхары сяла Залісы і аграгарадку Дзівіну, у тым ліку калектывы ўкраінскага дзіцячага духоўнага хору «Передзвін», створанага духоўнікам Залісаўскай сярэдняй школы з эстэтычным ухілам айцом Валянцінам (Кас’янчуком) разам з жонкай Таццянай, і Дзівінскай дзіцячай школы мастацтваў на чале з Святланай Куцэвіч.
Трэба адзначыць, што фэст адбыўся ў толькі адноўленым Доме культуры Залісаў, што быў узведзены з дрэва ў 1952 годзе. На рэканструкцыю гэтага састарэлага будынку было выдаткавана каля 47 тысяч еўра, у тым ліку больш за 34 тысячы — у рамках праекту Еўразвязу.
![Адноўлены будынак Дому культуры ў Залісах Адноўлены будынак Дому культуры ў Залісах](/img/v1/images/zalisy_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адноўлены будынак Дому культуры ў Залісах
Мясцовыя жыхары цёпла віталі ўдзельнікаў міжнароднага каляднага фэсту. У перапоўненай залі Дому культуры гучалі ўкраінская і беларуская мовы, духоўная і старадаўняя народная музыка. Узоры традыцыйнай культуры святкавання Калядаў ва ўкраінцаў і беларусаў засведчылі блізкасць і роднаснасць светаўспрымання і менталітэту народаў-суседзяў.
![З днём Божага Нараджэння ўдзельнікаў фэсту віншуе духоўнік Залісаўскай школы, айцец Валянцін З днём Божага Нараджэння ўдзельнікаў фэсту віншуе духоўнік Залісаўскай школы, айцец Валянцін](/img/v1/images/zalisy_5_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З днём Божага Нараджэння ўдзельнікаў фэсту віншуе духоўнік Залісаўскай школы, айцец Валянцін
Упэўнены, што фэст у Залісах надоўга застанецца ў памяці гаспадароў і гасцей, як прыклад спрадвечнага братэрства ўкраінскага і беларускага народаў на нашым шляху да лепшай будучыні.
![Словы прывітання — ад старшыні Забалоццеўскага пасялковага савету Валерыя Свіржэўскага Словы прывітання — ад старшыні Забалоццеўскага пасялковага савету Валерыя Свіржэўскага](/img/v1/images/zalisy_6_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Словы прывітання — ад старшыні Забалоццеўскага пасялковага савету Валерыя Свіржэўскага
Асобнай падзякі заслугоўваць арганізатары фэсту — каардынатар праекту, стараста сяла Залісы Віктар Карэцкі, айцец Валянцін (Кас’янчук) і ягоная жонка Таццяна, старшыня Забалоццеўскага пасялковага савету Валерый Свіржэўскі, старшыня выканкаму Дзівінскага сельсавету Вера Пікула, дырэктар Дзівінскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Куцэвіч, менеджэрка праекту Наталля Кролік і ейная асістэнтка Алена Мезенцава.