Беларускія медыя патрабуюць ад улад «спыніць паляванне на ведзьм»

Больш за сотню прадстаўнікоў беларускіх медыя выступілі з адкрытым зваротам да ўлад.

Фота «Наша Ніва»

Фота «Наша Ніва»

«3 мая цывілізаваны свет адзначаў Сусветны дзень свабоды прэсы. А ўжо назаўтра, 4 мая, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь вынесла афіцыйнае папярэджанне рэгіянальнай газеце "Intex-press" з Баранавічаў — за публікацыю інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай. Адначасова "Белпошта" адмовілася ўключаць газету ў падпісны каталог, а "Белсаюздрук" — прадаваць праз кіёскі», — гаворыцца ў звароце.
«Каторы месяц беларускія ўлады падвяргаюць дыскрымінацыі незалежнае грамадска-палітычнае выданне "Народная воля". Днямі рэдакцыя ў чарговы раз спрабавала прарваць блакаду і наладзіць тыражаванне газеты ў любой дзяржаўнай альбо прыватнай друкарні. Усе намаганні аказаліся марнымі — былі спрэс адмоўныя адказы.
З праблемамі друку і распаўсюду сутыкнуліся "БелГазета", "Свободные новости Плюс", "Комсомольская правда" в Беларуси", "Новы Час", "Газета Слонімская", "Брестская газета".
Большасць з іх прыпынілі выхад у друкаванай форме і перайшлі ў інтэрнэт. Але ж і там свабода выказвання жорстка абмяжоўваецца. Партал TUT.BY пазбаўлены статусу сеткавага СМІ. Улады блакавалі доступ да большасці незалежных інтэрнэт-выданняў, пераследуюць блогераў, адміністратараў YouTube- і Telegram-каналаў, мясцовых чатаў, каментатараў сацсетак.
Узмацніўся і ціск на журналістаў. Амаль 500 затрыманняў і 100 арыштаў толькі за мінулы год! Іх паўсядзённа пераследуюць за выкананне прафесійных абавязкаў. Сёння за кратамі па крымінальных справах знаходзяцца 11 журналістаў. Трое з іх — Кацярына Андрэева (Бахвалава), Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч — ужо асуджаныя да пазбаўлення волі толькі за тое, што займаліся звычайнай журналісцкай працай.
Не можа не выклікаць трывогу такі факт: заканадаўства ў галіне СМІ рэзка пагаршаецца. Улады імкнуцца перавесці журналістыку ў сферу абслугоўвання. Дзяржаўныя медыя ўсё часцей і часцей выкарыстоўваюць жорсткую мову варожасці, абвінавачваюць ва ўсіх злачынствах людзей, якія не могуць сябе абараніць, распаўсюджваюць пад выглядам інфармацыі хлуслівую прапаганду, у тым ліку прарасійскай арыентацыі (і гэта за кошт дзяржаўных сродкаў Рэспублікі Беларусь), з’яўляюцца фактычна "інфармацыйнымі кілерамі"».
Прадстаўнікі медыясектара заклікалі дзяржаўныя ўлады спыніць "паляванне на ведзьмаў". Права на выказванне ўласнага меркавання зацверджана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў шматлікіх міжнародных дакументах, падпісаных нашай дзяржавай.
У сваім звароце яны запатрабавалі:– спыніць крымінальны пераслед журналістаў, вызваліць з-за кратаў усіх прадстаўнікоў медыя і іншых грамадзян, якія пазбаўленыя волі за выкананне прафесійных абавязкаў ці за выказванне свайго меркавання;– вярнуць недзяржаўныя грамадска-палітычныя медыя ў сістэмы друку і распаўсюду;– аднавіць доступ да сайтаў незалежных медыя ў краіне;– спыніць беспадстаўнае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць СМІ і адміністрацыйны ціск на журналістаў і медыя.
Зварот ужо падпісалі больша за сотню прадстаўнікоў беларускага медыясектара.