Беларускія СІЗА як канец святла

«Лічыцца, што немагчыма добра зразумець краіну, пакуль не пабудзеш у турме. Не варта рабіць выснову пра краіну на падставе таго, як у ёй ставяцца да прадстаўнікоў вышэйшага грамадства, мяркуйце пра краіну па адносінах да тых, хто знаходзіцца на ніжэйшым узроўні», — пісаў Нэльсан Мандэла.

metal_listy_na_oknakh.jpg


Калі мы прачынаемся раніцай і глядзім у акно — нават не задумваемся пра тое, які гэта прывілей. Санітарныя нормы і правілы, зацверджаныя Міністэрствам аховы здароўя, гарантуюць нам дзве гадзіны прамых сонечных прамянёў у дзень. Для гэтага будаўнікоў прымушаюць замяраць каэфіцыент натуральнай асветленасці. Ніводны жылы дом альбо прамысловы корпус ніколі не будзе здадзены ў эксплуатацыю, калі ў вокны не завітае прамень сонца.

Але ўявіце, што на ваша акно прывараны металічны шчыт ва ўсю яго плошчу. На другі дзень вы зразумееце, што такое «канец святла», а ваша жытло праз пару месяцаў ператворыцца ў сырую вязніцу. У беларускіх СІЗА менавіта так і адбываецца. Прымяненне металічных жалюзі прадугледжана пунктам 45 Правілаў унутранага распарадку калоній і СІЗА, зацверджаных МУС. Атрымліваецца, што адзін падзаконны акт, зацверджаны МУС, супярэчыць іншаму, зацверджанаму Мінздароўя.

Пытанне, як выправіць гэтую відавочную калізію, пакінула ў тупіку службовых асоб Дэпартамента выканання пакаранняў, Дэпартамента фінансаў і тылу МУС і пракуратуры.

Здавалася б, нічога не перашкаджае зрэзаць гэтыя металічныя канструкцыі і пакінуць звычайныя краты, як гэта зрабілі, напрыклад, у Расіі. Але беларускі ДВП не здаецца. Ужо шосты месяц праваабаронцы магілёўскага аддзялення ПЦ «Вясна» вядуць перапіску з чыноўнікамі МУС, паказваючы, што ўмовы ўтрымання ў беларускіх СІЗА парушаюць не толькі міжнародныя правілы, але і беларускае заканадаўства. У адказ афіцэры хаваюцца за сціслымі фармулёўкамі: «Умовы ўтрымання адпавядаюць патрабаванням дзеючага заканадаўства».

А далей у іх лістах — сентэнцыя, што даводзіць сітуацыю да абсурду: вымярэнне каэфіцыенту натуральнай асветленасці ў камерах СІЗА не праводзілася, бо яго немагчыма выканаць з-за прыкручанай да падлогі мэблі! Але як можна заяўляць, што ўмовы ўтрымання адпавядаюць закону, калі неабходныя замеры не праводзіліся? Проста поле цудаў!

Парушэнняў правоў сваіх грамадзян дзяржава спрабуе не заўважаць. Як гром сярод яснага неба для супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў гучаць прынятыя яшчэ ў 1955 годзе Генасамблеяй ААН патрабаванні мінімальных стандартных правілаў ААН наконт абыходжання са зняволенымі. Чатыры гады таму яны былі перагледжаныя, абноўленыя і атрымалі назву «Правілаў Нэльсана Мандэлы» ў знак павагі да спадчыны нябожчыка-прэзідэнта ПАР. Правілы Нэльсана Мандэлы пачынаюцца з яго цытаты, прыведзенай напачатку артыкула.

Яны ўтрымліваюць сусветныя стандарты ў дачыненні да пазбаўлення волі. Рэестр зняволеных, разбіўка па катэгорыях з улікам полу, узросту і папярэдняй судзімасці, гігіена і спальныя рэчы — усё гэта скрупулёзна прапісана і нават няўхільна выконваецца Рэспублікай Беларусь. Але як толькі даходзіць да стандартаў памяшканняў, у якіх утрымліваюцца зняволеныя, то, як у казцы, дзе карэта ператвараецца ў гарбуз, СІЗА ператвараецца ў сярэднявечны каземат.

Правіла 14 МСП (правілаў Нэльсана Мандэлы) кажа:

«У памяшканнях, дзе жывуць і працуюць зняволеныя:

а) вокны павінны мець дастатковыя памеры для таго, каб зняволеныя маглі чытаць і працаваць пры дзённым святле, і павінны быць сканструяваныя так, каб забяспечваць доступ свежага паветра, незалежна ад таго, існуе ці не штучная сістэма вентыляцыі».

У гэтым месцы свята заканчваецца. На вокнах беларускіх СІЗА дагэтуль паўсюдна выкарыстоўваюцца так званыя «вейчыкі» — металічныя палоскі шырынёй 5–6 сантыметраў, прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў. З-за іх натуральнае святло ў камеру не трапляе. Паўзмрок, знаходжанне пры кругласутачным электрычным асвятленні на працягу многіх месяцаў, а часам і гадоў, прыводзіць да страты зроку. Дактары адзначаюць, што недахоп натуральнага асвятлення негатыўна ўплывае не толькі на зрок, але і на псіхіку чалавека, яго эмацыйны стан. Гэта тлумачыць тое, чаму вязні ўвесь час знаходзяцца ў дэпрэсіі.

Паводле закону, дзяржава выракам суда ад імя Рэспублікі Беларусь (то-бок, ад нас з вамі), пазбаўляе чалавека самага дарагога — свабоды і часу. Але на практыцы якраз гэтага беларусы не вельмі баяцца. Страшна, што чалавек у СІЗА пазбаўляецца здароўя і можа выйсці на свабоду інвалідам. І, нагадаем, адбываецца гэта яшчэ да таго, як суд нашым імем вынесе вырак, бо ў СІЗА сядзяць людзі, якія знаходзяцца пад следствам. Іх віна не даказаная: ёсць і тыя, каго пасля адпускаюць.