Беларусы прывезлі ў Мінск срэбных «бедуінаў» з «Дакара»

Беларускія гоншчыкі вярнуліся ў Мінск з ралі-рэйду «Дакар», на якім упершыню ў гісторыі занялі другое месца. Экіпажы прывезлі з сабой трох «бедуінаў» — знакамітыя статуэткі, якія атрымліваюць прызёры аўтамарафона.

dsc_4517_1.jpg


Для мінскай каманды мінулы «Дакар» стаў самым паспяховым за ўсе гады выступленняў. «Мы ішлі да гэтага сем гадоў. Апошнія гады мы адчувалі ў сабе сілы ўзысці на п'едэстал, навязваючы барацьбу лідарам гонак, але заўсёды чагосьці не хапала. Гэтым разам усё склалася паспяхова: мы ехалі ўпэўнена нават на пяшчаных участках з выдмамі, якія раней не лічылі кароннымі для сябе. Пры гэтым мазаўская тэхніка не давала збояў— ехала ўпэўнена там, дзе іншыя буксавалі», — кажа кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч.
«Поспехі на «Дакары»дазваляюць павысіць вядомасць Беларусі і дапамагаюць прадпрыемству на замежных рынках, што мы ўжо назіраем у продажах. Так, МАЗ дадаў больш за 30% у рэалізацыі тэхнікі», — адзначыў генеральны дырэктар ААТ«МАЗ» Дзмітрый Кацярыніч.
Акрамя таго, ралі-рэйды выступаюць яшчэ і тэставым палігонам: новаўвядзенні, якія добра адпрацавалі на марафоне, атрымліваюць прымяненне ў серыйнай вытворчасці.
Усе тры беларускія экіпажы даехалі да фінішу на 40-м па ліку «Дакары». МАЗ Сяргея Вязовіча фінішаваў другім, а экіпажы Аляксандра Васілеўскага і Аляксея Вішнеўскага занялі 13-е і 14-е месцы адпаведна. Па прылёце ў Мінск усё члены экіпажаў атрымалі ў падарунак па смартфону ад тэхнічнага партнёра кампаніі velcom.

dsc_4665.jpg


«Мы апынуліся адзінай камандай, якой гэта атрымалася. Усе астатнія хоць бы адзін экіпаж, але страцілі. Мы ж праехалі маршрут без страт. І гэта лепшым чынам характарызуе якасць і трываласць беларускіх грузавікоў. Цяпер не павінна быць сумненняў у тым, што МАЗ — адзін з лепшых грузавікоў на планеце», — запэўніў прызёр ралі-рэйду.
Вялікую ролю адыграла каардынацыя экіпажаў на спецучастках, для чаго выкарыстоўвалі мабільную сувязь ад velcom. «Мы ўжо не першы год дапамагаем камандзе МАЗ на «Дакары», забяспечваючы іх мабільнай сувяззю ў роўмінгу падчас аўтамарафона. Сувязь не аднойчы дапамагала беларускім экіпажам падчас заездаў, — адзначыў намеснік гендырэктара кампаніі velcom, якая выступіла тэхнічным партнёрам каманды, Антон Бладзік. — У гэтым годзе да мабільнай сувязі ўдзельнікі каманды звярталіся не толькі пасля гонкі, але і на трасе, калі яны захрасалі ў дзюне ці нешта выходзіла са строю. Улічваючы, што мабільныя тэлефоны гоншчыкаў добра пацярпелі падчас ралі, мы вырашылі падарыць ім новыя смартфоны з бясплатнай падпіскай на топавы тарыф».
«Дакар-2018» пераўзышоў па сваёй складанасці чаканні гоншчыкаў. «Зыбучыя пяскі, высокія дзюны, вострыя камяні, высакагор'е — арганізатары пастараліся падкрэсліць юбілейны статус марафона. Такіх сур'ёзных выпрабаванняў мы не сустракалі ні на адным ралі-рэйдзе за апошнія гады. Гэта была складаная і небяспечная гонка, якую пры гэтым змаглі прайсці толькі менш за палову ўдзельнікаў», — растлумачыў Сяргей Вязовіч.

dsc_4428.jpg


«Чырвоныя зубры» ехалі ў тройцы лідараў ралі-рэйду, пачынаючы з трэцяга этапу. Тады ж МАЗ Сяргея Вязовіча зваліўся з пяціметровай дзюны і перавярнуўся на бок. Аднак Аляксей Вішнеўскі, які ехаў следам, ужо праз 10 хвілін паставіў грузавік на колы. На іншым этапе беларускі экіпаж затрымаўся ў гразі, але на дапамогу прыйшоў КАМАЗ Антона Шыбалава. На наступны дзень ужо беларусы дапамагалі расіянам, калі ў тых загарэўся грузавік. У ролі «выратавальніка» вызначыўся Аляксей Вішнеўскі, які за дзень дапамог адразу тром экіпажам.
Беларускія гоншчыкі ўдзельнічалі ў ралі-рэйдзе «Дакар» ў сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтамабільны завод, тэхнічным партнёрам — тэлеком-аператар velcom. Асноўнай мэтай было ўвайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў, чаго і атрымалася дасягнуць. Марафон сёлета прайшоў па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць маршруту склала каля 9 тыс. км, з іх хуткасных участкаў — каля 3,5 тыс. км.
Паводле прэс-рэлізу