МАЗ і «Амкадор» пастаўляюць тэхніку ў акупаваны Крым
Грузавая, прычэпная і пасажырская тэхніка вытворчасці Менскага аўтамабільнага заводу ідзе на экспарт у акупаваны Расеяй Крым.
Больш за 500 найменняў тэхнікі, сярод якіх цягачы, самазвалы, лесавозы, аўтобусы, паступаюць з Беларусі ў севастопальскае ТАА «Бел Крым». Кампанію заўважыла інфармацыйная суполка «Міратворац» пасля таго, як «Бел Крым» узяў удзел у турыстычнай выставе ў Ялце ў мінулым лютым. Тады кампанія пазіцыянавала сябе як афіцыйнага дылера МАЗ у Крыме, а ў сеціве з’явілася справаздача з фота беларускага аўтобуса на фоне мясцовага туркомплекса.
У «Бел Крыма» ёсць свой сайт maz-krim.ru, у яго афармленні выкарыстаныя элементы брэндынгу МАЗ, указаная спасылка на сайт беларускага прадпрыемства.
Адметна, што на афіцыйным сайце МАЗ кампанія «Бел Крым» не згадваецца, у спісе дылераў яе няма. Мы даслалі пісьмовы запыт для атрымання поўнага спісу дыстрыбʼютараў і дылераў МАЗ і аказалася, што там «Бел Крым» пазначаны. Мінулы раз беларускі бок перазаключаў з імі кантракт 19 студзеня 2016 года.
Журналісты belsat.eu звязаліся з генеральным дырэктарам ТАА «Бел Крым» Станіславам Варановічам і запыталі, ці сапраўды яны імпартуюць у Крым прадукцыю МАЗ.
«Так, мы зʼяўляемся іх дылерамі ўжо гадоў дваццаць, прасоўваем тэхніку завода, яна карыстаецца вялікім попытам у Расеі. Акрамя таго, мы працуем і з «Амкадорам». Ніякіх праблем ніколі не ўзнікала», – сказаў ён.
Паводле слоў гендырэктара, пастаўкі ідуць не наўпрост, а праз дыстрыб’ютара ў Маскве, ТАА «МАЗ-РУС».
Яшчэ адзін супрацоўнік «Бел Крыма», Вячаслаў Варановіч (імаверна, сын гендырэктара), у інтэрвʼю каналу РБК сцвярджаў, што ў 2000-х гандаль ішоў павольна, але пасля падзеяў вясны-2014 справы значна палепшыліся.
«Наш бізнес пашырыўся. Да гандлю будаўнічай тэхнікай дадаліся аўтамабілі для сельскай гаспадаркі, складское абсталяванне».
Асобна Варановіч-малодшы падкрэсліў, што шмат прадпрымальнікаў набываюць у іх тэхніку для войска. Продажы, паводле яго слоў, павялічыліся ў 10-15 разоў (у параўнанні з перыядам да анексіі). Таксама адзначым, што кампанія прайшла перарэгістрацыю паводле расейскіх законаў у ліпені 2014-га – у самы разгар баявых дзеянняў на Данбасе.
Суполка «Міратворац» звяртае ўвагу на наступны факт: Вячаслаў Варановіч удзельнічаў у мітынгу 26 лютага 2014 года ў Сімферопалі, калі прыкладна 7 тысяч крымскіх татараў выйшлі да Вярхоўнай Рады Крыма, каб не дапусціць прыняцця рашэння аб аддзяленні ад Украіны. Татарам супрацьстаялі каля 5 тысяч прарасейскіх актывістаў. Падчас гэтых патасовак загінулі два чалавекі.
«Не чулі, не ведаем, не маем паўнамоцтваў»
Мы звязаліся з яшчэ адным прадпрыемствам, на які спасылаўся Станіслаў Варановіч – «Амкадор». Гаворка ідзе пра найбуйнейшы машынабудаўнічы холдынг Беларусі. Узначальвае яго савет дырэктараў набліжаны да Лукашэнкі алігарх Аляксандр Шакуцін.
Пытанне, ці сапраўды «Амкадор» пастаўляе прадукцыю ў Крым, мы адрасавалі саветніку гендырэктара Мікалаю Машкараву.
«Ніколі не чуў пра гандаль з Крымам, нічога не магу сказаць», – адказаў той і перанакіраваў нас да намесніка дырэктара маркетынг-цэнтра па знешнеэканамічнай дзейнасці Арцёма Кумпяка. Машкараў падкрэсліў, што менавіта ён «адказны за экспарт у Расею».
У сваю чаргу, Кумпяк заявіў, што не мае інфармацыі датычна паставак у Крым і не мае паўнамоцтваў, каб пацвердзіць ці зняпраўдзіць гэтыя звесткі.
Такім чынам, людзі, якія займаюць кіруючыя пасады ў «Амкадоры», не каментуюць гандаль з Крымам. Але пацверджанне дадзеным мы знаходзім проста на старонцы amkodor.by. Тут «Бел Крым» (г. Севастопаль) названы афіцыйным дылерам у Расеі.
***
Нагадаем, тэрыторыя паўвострава Крым была захоплена расейскімі вайскоўцамі без апазнавальных знакаў і далучана да РФ у сакавіку 2014 года. Гэта паклала пачатак шматлікім рэпрэсіям на паўвостраве і жорсткім ганенням на крымскіх татараў. Неўзабаве пасля анексіі Крыму распачаліся баявыя дзеянні на Данбасе. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі, падчас узброенага канфлікту загінулі больш за 10 тысяч украінцаў.
Міжнароднае супольніцтва праведзены ў Крыме «рэферэндум» не прызнала, ЗША і ЕЗ увялі санкцыі супраць Расеі. Не прызнала далучэнне Крыма да РФ і Беларусь. Аднак, нягледзячы на статус нейтральнай пляцоўкі, Менск неаднаразова галасаваў супраць рэзалюцыі Генасамблеі ААН, якая асуджае парушэнні правоў чалавека на акупаваным паўвостраве.
Паводле belsat.eu