Беластоцкія арганізатары Дня Волі тлумачаць, чаму не саступілі Вольскага Мінску

"Не разумею таксама, чаму на Дзень Волі Вольскі павінен быць у Мінску, і ўсе правінцыі мусяць гэта прыняць", — дзівіцца старшыня асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы.

dsc_8676.jpg

15 сакавіка Лявон Вольскі аб'явіў, што не выступіць на Дні Волі 25 сакавіка — сыграе з гэтай нагоды на свяце ў Беластоку, пра што дамоўлена з чэрвеня.

У гэты ж дзень беластоцкі беларус Алег Латышонак паведаміў, што на Падляшшы не лічаць канцэрт у Мінску эпахальнай падзеяй. Выказванне вылілася ў чарговыя жарсці ў сацыяльных сетках: беларускія беларусы назвалі польскіх "парафіяльнымі" і "дыяспарай", польскія беларускіх — "імперцамі" і "шавіністамі".

“Еўрарадыё” спытала ў арганізатараў святкавання Дня Волі ў Беластоку, чаму ўзнікла такое непаразуменне паміж беларусамі і ці ёсць магчымасць іх памірыць.


Томаш Суліма, старшыня асацыяцыі беларускіх журналістаў у Польшчы:

Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

— Трэба разумець прынцып дамоўленасці і тое, што мы абавязаліся зрабіць свята перад нашай супольнасцю беларусаў Падляшша. Калі ты арганізоўваеш канцэрт, запрашаеш толькі аднаго выступоўцу, ты не можаш сказаць публіцы, што, давайце пачакаем гадзінку, пакуль выступоўца даедзе, бо недзе ў сталіцы важны канцэрт. Нам хацелася б, каб у Мінску таксама ганарыліся, што мы хочам і ўмеем ладзіць канцэрты. Без пашаны, без рэспекту мы не створым нацыі.

Да таго ж, нам крыўдна, калі беларусаў Падляшша, якія ніколі не з'язджалі з Беларусі, гэта Беларусь з'ехала ад нас, — называюць дыяспарай ці "парафіяльнымі" беларусамі.

Сотая гадавіна абвяшчэння БНР у Мінску павінна быць самай важнай у свеце беларусаў, але я не да канца разумею, як гэта вяжацца з прысутнасцю Міхалка альбо Вольскага. Як мы адзначалі гадавіны БНР, калі Вольскі яшчэ не нарадзіўся? Гэтага немагчыма было зрабіць?

Не разумею таксама, чаму на Дзень Волі Вольскі павінен быць у Мінску, і ўсе правінцыі мусяць гэта прыняць. Тут не праблема спрэчкі Беласток—Мінск. Тут праблема ў адсутнасці зорак маштабу Вольскага ў беларускай культуры, і нам трэба думаць, як іх стварыць. Калі б Вольскага ўвогуле не было, не было б спрэчкі. Ён вінаваты? Паўстае ўражанне, што мы, як арганізатары, не пытаемся меркавання Вольскага, і вырываем сабе яго з рук адно аднаго. Так не павінна быць. Я думаю, што Дзень Волі не заключаецца ў Лявоне Вольскім. Гэта свята ўсіх беларусаў, якое можна святкаваць і ва ўсіх правінцыях, і на ўсіх парафіях.

Я супраць парушэння стандартаў для артыстаў. Нельга так: табе трэба выступіць у Мінску, а потым як мага хутчэй ехаць у Беласток. Гэта пагражае і жыццю, і здароўю. Такі музыка павінен у камфортных умовах адпачыць перад канцэртам і пасля канцэрта.

 

Ілона Карпюк, журналістка, спявачка, былая старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў у Польшчы:

 

dsc8175.jpg

 — Арганізацыя важнага свята — гэта выклік, шмат працы і фінансавых сродкаў. Гэта арэнда залы, якая мае свае абмежаванні, арэнда абсталявання, і самае галоўнае — удзельнікі, а на такое важнае свята запрашаецца многа гасцей, у тым ліку важныя асобы, такія, як дзеячы ці чыноўнікі. Мяняць тэрміны і гадзіны ў такой сітуацыі немагчыма.

Хачу падкрэсліць, што разумею складанасць сітуацыі, у якой апынуўся Лявон. Ён хацеў бы, напэўна, выступіць у Мінску, сітуацыя таксама нязручная і прыкрая як для яго, так і для беларускай суполкі на Беласточчыне.

Цяжка зразумець усе атакі на беларусаў і аргкамітэт тут у Беластоку, тым больш што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў мы былі вельмі заангажаваныя ў развіццё беларускай культуры, успомню толькі "Басовішча" і "Бардаўскую восень".

Такія важныя ўгодкі павінны, аднак, разглядацца ў катэгорыях важнага мерапрыемства, а не ў катэгорыях канцэрта той ці іншай зоркі. Нельга звесці святкаванні ці ў Менску, ці ў Беластоку да канцэрта Лявона Вольскага, бо гэта для ўсіх нас перш за ўсё Свята Незалежнасці, і так мы ўсе павінны да гэтага ставіцца ды шанаваць узаемна сваю працу.

 euroradio.fm