«Белорусы: от «тутэйшых» к нации»

Выдавецтва «ФУАінфарм» у серыі «Неизвестная история», пачатак якой паклала рэзанансная кніга Анатоля Тараса «Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV–XVII веках», прапанавала чытачу новае выданне. Гэтым разам ім стала даследаванне Юліі Чарняўскай — «Белорусы: от «тутэйшых» к нации».

Выдавецтва «ФУАінфарм» у серыі «Неизвестная история», пачатак якой паклала рэзанансная кніга Анатоля Тараса «Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV–XVII веках», прапанавала чытачу новае выданне. Гэтым разам ім стала даследаванне Юліі Чарняўскай — «Белорусы: от «тутэйшых» к нации».
Аўтар кнігі, культуролаг, антраполаг і пісьменнік, падыходзіць да вырашэння сваёй задачы, выкарыстоўваючы сучасную сусветную метадалогію, заснаваную на аналізе «культуры паўсядзённасці». Фактычна разглядаецца «аўтапартрэт нацыі», адлюстраваны для розных эпох у спецыфічных корпусах крыніц: традыцыйных казках, ліставанні, дакументах — для савецкага часу, а таксама матэрыялах блогасферы для пабудовы вобразу постсавецкага беларуса.
Аўтарка сцвярджае, што ўпершыню ў гісторыі краіны яе асаблівае становішча «паміж Усходам і Захадам», якое цікава аналізаваў яшчэ Ігнат Абдзіраловіч, робіцца станоўчым фактарам.
На думку Чарняўскай, дзейнічае правіла абароны сваіх малых сацыяльных груп — «рабі, як людзі робяць». Таксама як і механізм аб’яднання нацыі з мноства этнічных і рэгіянальных супольнасцяў, якіх сёння ў Беларусі налічваецца 144. І палякі, і рускія, і іншыя народы ў Беларусі істотна адрозніваюцца ад сваіх суродзічаў у метраполіях, і невыпадкова, што прадстаўнікі іншых нацый гістарычна зрабілі значны ўклад у развіццё беларускай культуры. Адзінае, што неабходна ўмацоўваць, — рэальнае раўнапраўе беларускай мовы, праз яе функцыянаванне ў культуры паўсядзённасці, у масавай літаратуры, у перакладах сусветнай класікі. І таму прагноз аўтаркі аптымістычны: «Апошні народ, які загіне на Зямлі, — будуць беларусы».
Сёння ў разуменні ананімных блогераў абмяркоўваюцца і фармулююцца некалькі этнанацыянальных дыскурсаў, але ўсе яны з’яўляюцца фактарамі аб’яднання нацыі. Версіі этнічнасці — «ліцвінская» (арыстакратычная), «крывіцкая» (археалагічная), народна-дэмакратычная, нацыеграмадзянская, у меншай ступені савецкая і іншыя, ідучы ў масы, спрыяюць выпрацоўцы агульнабеларускіх нацыянальных сімвалаў і брэндаў, якіх раней не хапала Беларусі, падобных «галандскім цюльпанам» ці «аргенцінскаму танга». Фармулюецца тое, што часам ігнаруецца палітычнымі дзеячамі ці афіцыйнай ідэалогіяй. Тэарэтычныя канструкты ідуць у практыку паўсядзённасці.