Брэстаўчане просяць не ўводзіць плату за перасячэнне мяжы
Больш за 3000 жыхароў падпісалі зварот з прапановай не ўводзіць збор для тых, хто перасякае мяжу на машыне ў Брэсцкай вобласці. Зварот быў ініцыяваны па просьбах жыхароў рэгіёна арганізацыяй «За свой горад».
Абсалютная большасць падпісантаў — з Брэсцкай вобласці, але шэраг грамадзян іншых рэгіёнаў з салідарнасці таксама падпісалі зварот, паведамляе прэс-служба арганізацыі «За свой горад». У сувязі з тым, што частка падпісантаў пазначыла свае даныя не ў поўным аб'ёме, як таго патрабуе Закон РБ «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», былі адпраўленыя 2400 электронных подпісаў.
«Дзяржаўная мяжа на тэрыторыі Брэсцкай вобласці мае агульную працягласць 600 км (224 з Польшчай і 376 — з Украінай). Да ўвядзення каранцінных мер штодня тысячы жыхароў вобласці перасякалі мяжу і, спадзяёмся, будуць свабодна перасякаць у найбліжэйшай будучыні», — гаворыцца ў звароце.
«На працягу тысячагадовай гісторыі тэрыторыя Брэсцкай вобласці ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, дзе адсутнічалі межы нашага рэгіёна з суседнімі рэгіёнамі сучасных Польшчы і Украіны. За шматвяковы перыяд усталяваліся цесныя культурныя і эканамічныя сувязі з памежнымі рэгіёнамі суседніх краін. Устанаўленне дадатковага збору будзе перашкаджаць культурнаму і эканамічнаму развіццю нашай вобласці, а таксама абмяжоўваць жыхароў вобласці ў рэалізацыі канстытуцыйнага права: свабодна пакідаць краіну».
— Сапраўды, Падатковы кодэкс дае права ўводзіць мясцовы збор на перасячэнне мяжы, але не абавязвае гэта рабіць дэпутатаў Брэсцкага абласнога Савета, — каментуе сітуацыю кіраўнік аналітычнага цэнтра арганізацыі «За свой горад» Ганна Канюс.
— Асноўнымі прынцыпамі Закона РБ «Аб мясцовым самакіраванні» з'яўляюцца: абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, галоснасць і ўлік грамадскай думкі. Закон РБ «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў» таксама загадвае дэпутатам свабодна выказваць сваё меркаванне і галасаваць, кіруючыся сваімі перакананнямі, улічваючы інтарэсы грамадзян і асаблівасці развіцця адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. На наш погляд, увядзенне збору за перасячэнне мяжы будзе відавочна супярэчыць інтарэсам жыхароў памежжа і ісці ў разрэз з грамадскай думкай», — дзеліцца сваім меркаваннем кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.
Нагадаем, з 1 студзеня 2021 года абласныя саветы дэпутатаў у Беларусі атрымалі права спаганяць плату за перасячэнне грамадзянамі межаў краіны. Плаціць павінны будуць кіроўцы аўтамабіляў масай да пяці тон і ўмяшчальнасцю да васьмі пасажыраў.
Такая плата ўжо спаганяецца ў Гродзенскай вобласці. Усе, хто збярэцца выехаць з краіны на машыне праз наземныя пункты пропуску Гродзенскай вобласці, павінны будуць аплаціць збор у памеры адной базавай (29 BYN). Усе сабраныя грошы «пойдуць на папярэджанне і барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй».
Вызваляюцца ад платы тыя, хто едзе на пахаванне членаў сям'і і блізкіх сваякоў, удзельнікі ВАВ, інваліды I і II групы і іх суправаджаючыя, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, не трэба аплачваць збор тым, хто збіраецца на лячэнне ў санаторыі. Для пацверджання падстаў патрэбныя адпаведныя дакументы. Правяраць іх будуць у пунктах пропуску.
Між тым, як распавёў «Sputnik» старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, пытанне аб увядзенні грашовага збору пры выездзе за мяжу з тэрыторыі Брэсцкай вобласці пакуль не разглядалася, піша brestcity.com. «Мы гэтае пытанне яшчэ вывучаем. Але пакуль ніякіх рашэнняў не прымалі і ў бліжэйшы час прымаць не плануем», — сказаў ён.