Без бар’ераў і забабонаў: у Налібоцкай пушчы прайшоў «INФЕСТ»
У Налібоцкай пушчы на экалагічнай сцежцы «Белакорац» адбыўся першы ў Беларусі інклюзіўны фестываль «INФЕСТ». Менавіта гэтая тэрыторыя заказніка прыстасавана для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. «INФЕСТ» стаў вынікам працы пяцідзённага інтэграцыйнага летніка, у якім паўдзельнічала каля 80 чалавек з усёй Беларусі.
Невыпадковае сяброўства
Гісторыя знаёмства Яны і Каці пачалася ў інтэграцыйным летніку. Дзяўчаты пражылі разам пяць дзён і начэй. Валанцёрка Яна Тарасевіч прыехала ў летнік з Віцебскай вобласці. Студэнтка 4 курса Полацкага гуманітарнага ўніверсітэта ўсвядоміла, што хоча дапамагаць людзям з інваліднасцю, пасля навучання ў Вышэйшай Школе кіравання, дзе ёй давялося абараніць свой праект.
— У жыцці людзі нібыта раздзеленыя нябачнай заслонай, дзе кожны думае выключна пра ўласныя праблемы. А летнік пашырае кругагляд і дазваляе пазбавіцца бар’ераў у камунікацыі, — расказала Яна.
Трыццацідвухгадовая Кацярына Петракова — з Навагрудка. За ўсё сваё жыццё яна адпачывала на прыродзе толькі чацвёрты раз. З-за інваліднасці людзі не хочуць браць на сябе клопат пра Кацю, таму гэтая праблема турбуе дзяўчыну ўсё жыццё.
— Тут я змагла даказаць грамадству, што магу спаць у палатцы і быць самастойнай! – радуецца Кацярына. —Такія летнікі вельмі патрэбныя Беларусі. Аднак неабходная падтрымка ўлады, — разважае дзяўчына, — бо без яе мы нічога не зможам зрабіць для сябе.
Кацярына нават папрасіла арганізатараў летніка напісаць рэкамендацыйны ліст, які дзяўчына магла б паказваць арганізатарам іншых праектаў – гэта, на яе думку, павялічыць шансы на ўдзел у падобных летніках.
Адчуць сябе мастаком
Сярод валанцёраў у інтэграцыйным летніку былі і пенсіянеры. Вольга Алешка прыехала з Бабруйска. Для яе дапамагаць людзям з інваліднасцю – паўсядзённасць. Жанчына сябруе з міжнароднай грамадскай арганізацыяй «Дом на скале», мае дачыненне да інклюзіўнай тэатральнай майстэрні «Люстэрка».
Са спадарыняй Вольгай прайшліся па сцежцы з крэатыўнымі артэфактамі. Вырабы застануцца ў Налібоцкай пушчы і пасля інклюзіўнага фестывалю, на якім можна ўбачыць вынікі творчай працы ўдзельнікаў летніка. Кацярына Спосаб, трэнерка па лэнд-арту, патлумачыла, што мастацтва, створанае ў прыродзе і з прыродных матэрыялаў, жыве ў фота.
Чалавек з лазы – самы заўважны экспанат, зроблены пад кіраўніцтвам мастакоў-скульптараў Васіля Цімашова і Паліны Піраговай. Спадар Васіль заўважыў, што падобная арт-інсталяцыя з лазы, створаная ім на пленэры ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, ужо перазімавала дзве зімы. Таму і гэты 2,5-метровы чалавек будзе сустракаць наведвальнікаў экалагічнай сцежкі «Белакорац» не адзін сезон.
Праца ўдзельнікаў фестывалю над чалавекам з лазы. Фотаздымак фонда «Інтэракцыя».
Вынікі заняткаў па лэнд-арту. Фота Марыны Яўсейчык
Інтэграцыйны летнік
Летнік быў часткай праекту «Валожын без бар’ераў», што фінансуецца Еўразвязам і накіраваны на стварэнне даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю. Удзельнікі з усёй Беларусі прыязджалі сюды, каб зрабіць агульную справу сваімі рукамі. Напрыклад, домікі для дзікіх пчол і птушак, а таксама дапамагчы з падрыхтоўкай да фестывалю.
— Мэта летніка – паказаць мясцовай уладзе, як праводзіць падобныя мерапрыемствы: запытваць удзельнікаў, што ім неабходна, ствараючы для іх камфортны асяродак. Важна таксама ўзаемадзейнічаць з людзьмі на працягу асяго праекта, быць з імі на адной хвалі. Бо найчасцей падобныя летнікі абмяжоўваюцца харчаваннем, без уліку культурных мерапрыемстваў. Наш праект – узор супрацоўніцтва людзей з рознымі відамі інваліднасці, іх калектыўнай працы, дзякуючы якой і адбываецца інтэграцыя. Спачатку на ўзроўні мыслення, а пасля і на фізічным, калі здаровыя людзі задумваюцца, як дапамагчы людзям з інваліднасцю, як правільна пабудаваць з імі зносіны. Праект «Валожын без бар’ераў» рэалізуецца напрацягу трох год. Каб Валожынскі райвыканкам працягнуў пачатую намі справу з летнікамі для людзей з інваліднасцю, мы набылі адмысловае турыстычнае абсталяванне для тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, — расказала Ірына Іванова, менеджарка праекта «Валожын без бар’ераў», фонд «Інтэракцыя».
У летніку змаглі адпачыць людзі з сіндромам Даўна, з глыбокай ментальнай інваліднасцю, вазочнікі, асобы са слабым зрокам і з парушэннямі рухальнага апарату.