Без дапамогі не абыйсціся. Ці гатовы Мінск да турыстаў з інваліднасцю?
Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў Офіс па правах людзей з інваліднасцю праводзіць маніторынг даступнасці інфраструктуры Мінска. Наколькі гарадскія аб’екты гатовыя да турыстаў з інваліднасцю? Разам з валанцёркай у інвалідным вазку і эксперткай у галіне інклюзіўнага турызму мы ацанілі даступнасць гатэлю «Арэна» ля адной са спартыўных пляцовак — «Чыжоўка-Арэны».

Даступны туалет і макушкі з-за стоек
Мікрараён Чыжоўка хоць і аддалены ад цэнтру, але мае некалькі важных турыстычных аб’ектаў: спартыўная арэна, дзе пройдзе частка спаборніцтваў Еўрагульняў, гатэль побач з ёй, заапарк.
Разам з эксперткай у галіне інклюзіўнага турызму Наталляй Барысенка-Клепач кіруемся ў будынак гатэлю, дзе нас ужо чакаюць валанцёрка Крысціна, а таксама галоўная гераіня маніторынгу Вольга Дзеравяга. Вольга перамяшчаецца ў інвалідным вазку, і ў прамым сэнсе на сабе выпрабоўвае ўсе элементы даступнасці.

Вольга Дзеравяга ля адзінай паніжанай стойкі ў гатэлі
Да нашага прыходу валанцёркам ужо паказалі банкетную залу на другім паверсе, цырульню і рэстаран у гатэлі. У цэлым даследчыцы засталіся задаволенымі: сталы ў банкетнай зале дазваляюць пад’ехаць вазку, вось толькі ў прыбіральні для людзей з інваліднасцю няма парэнчаў. Але цалкам прыстасаваны для людзей з дадатковымі патрэбамі санвузел ёсць на першым паверсе. Бадай, адзіная хіба ў гатэлі — высокія стойкі аховы і адміністрацыі: Вольга нават не змагла ўбачыць людзей, якія за імі сядзяць. Затое стойка ў гардэробе — паніжаная, і гэта плюс.

Вестыбюль у гатэлі прасторны
Агулам на першым паверсе ў гатэлі ўсё даступна: шырокі вестыбюль, на сценах ёсць візуальная інфармацыя аб размяшчэнні тых ці іншых аб’ектаў (у ідэале было б добра прадугледзець і аўдыяінфармаванне), параметры лесвіцы адпавядаюць нормам. «Мы стараемся ўлічваць усе рэкамендацыі — у рэшце рэшт, гэта наш бізнес», — кажа супрацоўнік, які нас суправаджае.

Вольга не бачыць, хто сядзіць за стойкай аховы
Што праўда, нам не паказалі нумары, прыстасаваныя для пражывання людзей з інваліднасцю, спаслаўшыся на тое, што яны занятыя, і прапанавалі прыйсці паглядзець на іх праз некалькі дзён. Нам даводзіцца паверыць на слова.
Затрымліваемся на ўваходзе, каб памераць шырыню дзвярных праёмаў, тамбура і вышыню парогаў і дзвярных ручак — для людзей, якія перамяшчаюцца на вазках, гэта вельмі прынцыповыя моманты. Шырыня ўваходу зсярэдзіны аказваецца 86 см пры норме ў 90 см. Наталля Барысенка-Клепач кажа, што гэта — не крытычна, тым больш, што вазок Вольгі спакойна праходзіць у яго. Мераем вышыню ўнутранага парогу – 2 см пры дапушчальнай норме ў 2,5 см. Ручка размешчана на мятровай вышыні — гэта таксама норма. Адзінае, яе канструкцыя не вельмі зручная. А вось парог вонкавага ўваходу значна перавышае норму: цэлых 4 см.

Наталля і Вольга мераюць вышыню вонкавага парога
— Гэта крытычна для электравазкоў, таму што пры любым страсенні ў іх могуць разыйсціся кантакты, — тлумачыць Наталля Барысенка-Клепач.
Да шырыні тамбура пытанняў у экспертаў не ўзнікае: яна адпавядае нормам. Як і да ганка: тут няма ніякіх павышэнняў і лесвіц, нават пандус непатрэбны, бо ўваход амаль роўны з зямлёй, калі не лічыць той самы парог у 4 см.

«Гэта проста нейкі аўтаслалам»
Адзін з галоўных крытэраў даступнага асяроддзя — яго неперарыўнасць. Гэта значыць, што на шляху ў чалавека (не толькі на інвалідным вазку, але і з кійком, проста сталага, стомленага, на абцасах альбо з дзіцячым вазком) не павінна быць ніякіх перашкод ад выхаду з дому да любога аб’екта, да якога ён накіроўваецца. Таму пры даследаванні даступнасці аб’екта маніторынг звычайна пачынаецца з найбліжэйшага да яго прыпынка грамадскага транспарту. І хоць паслядоўнасць нашага маніторынгу змянілася, мы ўсё роўна даследуем усе важныя элементы і шляхі падыходу да гатэлю.

Раз мы ўжо ідзем у адваротным парадку, вырашаем даследаваць паркоўку для людзей з інваліднасцю. Як і мае быць, месцы тут пазначаныя адмысловай разметкай, пра саму паркоўку кіроўцаў таксама папярэджвае серыя дарожных знакаў. Адзінае, паміж парковачнымі месцамі няма разметкі, якая пазначае месца для пасадкі/высадкі пасажыраў у вазках. Але ў Беларусі такі абазначэнні ўвогуле рэдка сустракаюцца.
Каб памераць параметры стаянкі, валанцёркі выкарыстоўваюць як звычайную, так і лазерную рулеткі. Пры норме 3,5 м на 8 м, памеры нашай паркоўкі — 3,5 м на 9 м.
Разабраўшыся з паркоўкай, рушым да бліжэйшага прыпынка транспарту. Прылеглую да гатэля тэрыторыю ад яго аддзяляе выезд для машын, які не абазначаны пешаходным пераходам. І хоць перад выездам на праезную частку ёсць паніжэнне рэльефу, вышыня бардзюра пры ім усё роўна складае 3,5 см (норма, як мы памятаем, 2,5 см). А каб заехаць з дарогі на прылеглую да прыпынка тэрыторыю, трэба ўвогуле пераадолець 5,5 см бардзюра. Сам прыпынак мае месца для інваліднага вазка і шыльду з раскладам руху транспарту, пры гэтым ніякіх пазнак пра наяўнасць нізкапольных маршрутаў мы не знайшлі — верагодна, іх тут проста няма.

Паніжэнне ёсць, але бардзюр высокі
Гатэль, які мы даследуем, размешчаны на ўзгорку. Знізу, з супрацьлеглага ад прыпынку боку, да яго вядзе ўнушальных памераў пандус. Хоць з’езд на яго з тэрыторыі гатэлю паніжаны, Вольга Дзеравяга не можа самастойна пераадолець яго на вазку, і ёй даводзіцца дапамагчы. Аказваецца, вышыня «паніжанага» бардзюра складае 6 см! Вось такая даступнасць. А глянуўшы на сапраўды грандыёзны пандус даследчыцы не могуць стрымаць смеху. Па прасторным збудаванні адначасова могуць праехаць тры чалавекі на вазках, але ж гэта — парушэнне ўсіх нормаў.
— Гэта проста нейкі аўтаслалам, зараз як пракоцімся! — жартуе Вольга.
— А вы не баіцеся? — непакоіцца Наталля.Баяцца, насамрэч, ёсць чаго. Мала таго, што шырыня пандуса не дазваляе трымацца за парэнчы аберуч, ён мае вельмі круты ўхіл, а прамежкавыя пляцоўкі, прызначаныя для прыпынкаў і перадышкі, не роўныя, якімі павінны быць, а таксама нахіленыя. Да таго ж даўжыня пандуса не вытрымлівае ніякай крытыкі. Яна занадта вялікая — пандус не павінен быць такім доўгім. Але, калі зыходзіць з яго ўхілу, то — замалая. Таму не зразумела, чым кіраваліся людзі, якія спраектавалі гэтую канструкцыю.
Так-сяк спусціўшыся, Вольга робіць спробу ўзняцца па пандусе, трымаючыся адной рукой за парэнчы. Гэта даецца ёй з цяжкасцю.

Падняцца па пандусе Вольга можа толькі спінай
— У такіх выпадках, калі сустракаюцца крутыя пандусы, я толькі спінай магу ўздымацца, — кажа валанцёрка і тут жа дэманструе нам гэты спосаб. Атрымліваецца, сапраўды, хутчэй, але наўрад ці такі ўздым, калі не бачыш, куды едзеш, можна назваць бяспечным.
Не пандус, дык пад’ёмнік
Разабраўшыся з пандусам, рушым да апошняга пункта даследавання — падземнага пераходу. Пандус, пры дапамозе якога прапануецца спусціцца пад зямлю, таксама сканструяваны нейкім дзіўным чынам: колы Вользінага вазка правальваюцца ў шчыліну паміж платформай і нейкай незразумелай жалезнай рэйкай, прызначэнне якой для нас так і засталося загадкай. Такім чынам, спусціцца ў пераход звычайным спосабам аказалася немагчыма.

Кола вазка правальваецца
Відаць, зразумеўшы гэта, праекціроўшчыкі прадугледзелі на кожным з выхадаў з пераходу пад’ёмнік. Мае дасведчаныя калегі кажуць, што нават у тых пераходах, дзе яны ёсць, у большасці выпадкаў яны не працуюць. Але тут нас чакаў сюрпрыз: Вольга націснула на кнопку, і ліфт прыехаў. Вось толькі ўвайсці ў яго аказалася той яшчэ задачай. Максімум, на які мы змаглі адчыніць дзверы, — 63 см (нагадаю, норма шырыні дзвярнога праёму — 90 см), далей чамусьці замінала плітка на падлозе. Так-сяк Вользе ў вазку ўдалося праціснуцца ў пад’ёмнік. Я зайшла разам з ёй, і, шчыра кажучы, месца для нас дваіх у кабіне аказалася малавата (пасля замераў выявілася, што яго шырыня і глыбіня — 92 см на 120 см). Хаця, калі верыць пазнакам, яна разлічаная на трох чалавек. Каб выйсці з ліфта, нам абедзвюм давялося досыць моцна штурхаць дзверы.

Максімум, на які атрымалася адчыніць дзверы пад'ёмніка
Здзівіла, што ў такім вялікім пераходзе зусім няма ніякіх абазначэнняў (калі не лічыць пазнак пад’ёмнікаў па закутках). Як чалавеку зарыентавацца, дзе ён знаходзіцца і куды яму выходзіць, — загадка.

У пераходзе ёсць толькі такія пазнакі
З плюсоў — лесвіцы і пандусы, як і павінна быць, пазначаныя кантраснымі жоўтымі палоскамі. І яшчэ нам удалося знайсці больш-менш адпаведны нормам, хаця таксама не ідэальны, пандус усярэдзіне перахода. Мармуровае пакрыццё на ім было счышчана так, каб колы вазка не слізгалі. Праўда, ён аказаўся таксама зашырокі: 122 см замест нормы ў 90 — 100 см.

Амаль адпаведны нормам пандус — трэба сфатаграфаваць!
Парэнчы пандуса размяшчаюцца на ўзроўні 72 см ад зямлі, значыць, яго даўжыня, якая разлічваецца 1:10, павінна скласці 7 м 20 см. Мераем даўжыню — амаль так і ёсць: 7 м. Праўда, парэнчы, якія напачатку і напрыканцы пандуса павінны выступаць на 30 см, пачынаюцца і заканчваюцца роўна з ім. Але гэта ўжо — дробязі…

Такія шчыліны — таксама перашкода для людзей на вазках
— У прынцыпе, збольшага гатэль і тэрыторыя вакол яго — даступныя, — падсумоўвае вынікі маніторынгу Вольга Дзеравяга.

Бардзюры па 6 см — не рэдкасць
— Асноўная праблема ў тым, што паўсюль бардзюры. Там ёсць даступны кавалачак, тут кавалачак, але суцэльнай даступнасці няма, і без дапамогі чалавек з інваліднасцю абыйсціся не можа, — кажа Наталля Барысенка-Клепач. — Але гэта лепш, чым нічога, і лепш, чым шмат у якіх іншых турыстычных месцах. У гатэлі ёсць санвузел для людзей з інваліднасцю, і платформа ў пераходзе працуе. Праблемы з пандусамі і бардзюрамі — бо іх не тэставалі, таму не ведаюць, што з імі нешта не так. Але адміністрацыя гатэлю пайшла нам насустрач. Мы дадзім ім рэкамендацыі, і ёсць спадзеў, што яны нешта зменяць.

«Паніжаны» бардзюр аказаўся вышынёй у 6 см