Без ідэй у бясконцым коле

Гледзячы на навіны і вынікі тыдня, мне згадваецца знакаміты хіт гурта «Віа Гра» пад назвай «Забі маю сяброўку». Асабліва тыя радкі, дзе пяецца: «З-за яе мы ходзім па коле». Хаджэнне па коле — гэта тое, чым займаюцца ўладныя структуры. Усё старое, і нічога новага.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas__2__logo_1.jpg


Напрыклад, Камітэт дзяржкантролю ўзяўся за аптэкі, якія падвысілі цэны на лекі. Дый Лукашэнка прыгразіў прыватным аптэкам закрыццём, калі цэны на лекі і медыцынскія вырабы будуць павышацца.
Але ж цэны ўзняліся не проста так. Яны папаўзлі ўверх, таму што самі гэтыя ўлады ўвялі ў дзеянне змены ў Падатковы кодэкс. Згодна з імі, на ўвоз і продаж лекаў з’явілася 10-працэнтная стаўка ПДВ. І, адпаведна, цэны ўзраслі на гэтую стаўку. Але КДК і Лукашэнка чамусьці не займаюцца дэпутатамі, што, не думаючы, «падмахнулі» змены ў кодэкс. Не займаюцца яны і тымі, хто распрацоўваў гэтыя змены — а як зоймешся Адміністрацыяй прэзідэнта? Карацей, самі нахамуталі, а вінаватымі робяць аптэкі.
«Старую песню пра галоўнае» завялі ўлады і яшчэ ў адной галіне. Мы ўжо стаміліся лічыць, колькі разоў Лукашэнка абвяшчаў вайну пасярэднікам. Маўляў, «пасярэднікі спрыяюць павышэнню кошту тавару працэнтаў да 30, а то часам і больш».
Калі гучаць такія прамовы, я заўсёды згадваю журналісцкі эксперымент з тых часоў, калі той жа Лукашэнка запатрабаваў актыўна прадаваць трактары МТЗ. Калегі з TUT.BY вырашылі пазваніць на завод і паспрабаваць набыць трактар. Яны тэлефанавалі ўвесь дзень. Слухаўку ў аддзеле продажаў так ніхто і не зняў. Давялося звяртацца да тых самых «пасярэднікаў», якія любяць і ўмеюць гандляваць.
Змагацца з пасярэдніцтвам вельмі проста: трэба вучыцца гандляваць. І не варта тут «уносіць адпаведную прапанову». Проста патрэбныя нармальная якасць прадукцыі, нармальны аддзел продажаў, нармальны маркетынг. Але навошта нашым тым жа самым «флагманам» нармальны маркетынг, калі яны прызвычаіліся сядзець на дзяржаўных датацыях? Калі ім усё роўна спачатку дадуць крэдыты, потым спішуць крэдыты — і так па коле?
Ну і, канешне, усіх узрушыла навіна пра забарону падымаць цэны на «сацыяльна значныя тавары». У адпаведнасці з пастановай Саўміна Беларусі, з 1 сакавіка дэ-факта ўведзена фіксацыя рознічных цэн на прадукты харчавання, тавары і лекавыя сродкі першай неабходнасці — змяненне цэн на гэтыя тавары не можа перавышаць 0,2% у месяц да цаны, якая склалася на апошні дзень папярэдняга месяца.
Некаторыя эканамісты нават падумалі, што ўрад Галоўчанкі займаецца сабатажам, бо такое «рэгуляванне» можа прывесці да дэфіцыту альбо вымывання з краіны валюты. Таму што рэгуляванне цэн закранула канчатковы прадукт, але не закранула сыравіну, патрэбную для стварэння гэтага прадукта.
Напрыклад, пазіцыя №36 — яйкі курыныя. Для таго, каб куры несліся, трэба іх карміць. Ім патрэбныя мінеральныя дабаўкі. Ім патрэбна цёплае памяшканне (затраты на ацяпленне) і дастаўка тых самых яек да спажыўца. Корм для птушак даражэе, электрычнасць — даражэе, паліва на тыдні зноў падаражэла. А падвышаць кошт на яйкі забаронена. У выніку птушкафабрыкі «сыходзяць у мінус», і ім застаецца толькі пускаць птушку пад сякеру, бо яйкі прадаваць нявыгадна.
А што такое яйкі? Гэта выпечка, гэта кандытарка, гэта маянэз, і нават цеста для пельменяў — гэта таксама яйкі. Такім чынам, адсутнасць яек выклікае «ланцужок катастроф». А значыць, той жа самы маянэз трэба аднекуль даставаць. Адкуль? Самы просты спосаб — купіць, напрыклад, у Расіі. «Купіць у Расіі» — гэта марнаваць валюту.
Народ гэта разумее. Днямі маці папрасіла мяне набыць ёй еўра, каб захаваць свае зберажэнні. У банку, куды я пайшоў удзень пятніцы, 26 лютага, засталіся толькі купюры па 20 еўра. А значыць, народ ужо зразумеў, што ні да чаго добрага ініцыятывы нашага ўрада не прывядуць, і звыкла пачаў скупаць валюту.
Улады ж ігнаруюць падказкі айчынных экспертаў. Але нават Еўразійскі банк развіцця — наша ці не асноўная крэдытная крыніца — зазначыў: «Доўгае прымяненне такіх мер (абмежаванне цэн. Рэд.) павышае верагоднасць узнікнення дэфіцыту асобных тавараў і паскоранага павелічэння цэн на тавары, якія не адносяцца да сацыяльна значных першай неабходнасці».
Бліжэй да Вялікадня мы пабачым, ці будзем мы са звыклымі прысмакамі. Бо кулічы на Вялікдзень — гэта таксама ўсё тыя ж яйкі.
І яшчэ адзін паказчык нашага «мудрага кіравання»: «Е-дастаўка» ад «Еўраопта» пачала прапаноўваць тавары ў крэдыт. У асноўным «Е-дастаўка» рэалізуе прадукты, то-бок у «стабільнай і квітнеючай» Беларусі з’явіўся… крэдыт на ежу! Прычым вельмі дарагі крэдыт — 25% гадавых на 36 месяцаў. Выдатны вынік 26-гадовага кіравання Лукашэнкі!
Што тычыцца навін з іншага боку, то і тут пакуль зацішша. Шмат увагі прыцягнула інтэрв’ю Ціханоўскай, якая спадзяецца, што Лукашэнка сыдзе ўжо ўвесну. Яе падтрымаў і Павел Латушка, які разлічвае, што «вырашальная бітва» паміж пратэстоўцамі і сённяшняй уладай адбудзецца ўвесну.
І ўсе пачалі абмяркоўваць, сыдзе Лукашэнка ўвесну ці не сыдзе. Напрыклад, палітолаг Павел Усаў зазначае, што пакуль ніякіх перадумоў сыходу не бачна — рэжым не настолькі дэкансалідаваны, каб разваліцца бліжэйшым часам. У чымсьці яго пазіцыя і слушная, аднак мы бачылі шмат фантастычнага апошнімі часамі.
Але ўвагі заслугоўвае думка аднаго з лідараў «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, які ў гэтай спрэчцы заявіў, што не трэба спадзявацца ні на «ультыматумы» Расіі, ні на «глыбокую заклапочанасць» Захаду. Трэба, як казала Марыя Калеснікава, «дзяўбсці, дзяўбсці, дзяўбсці гэтую ўладу», пакуль яна не зрынецца. Карацей, без нашай ініцыятывы і моцы духу, без нашых дзеянняў — нават самых маленькіх і, нібыта, незаўважных, — нічога не атрымаецца.
Пакуль беларусы застылі ў чаканні. Падаецца, маштабным зрухам у вулічнай актыўнасці павінен быць традыцыйны Дзень Волі — недзе ў раёне 25 сакавіка. І толькі наша актыўнасць будзе спрыяць зменам у краіне.