Раманчук: Няўжо Мішусцін і Пуцін думаюць, што іх методыка ўзяцца за яйкі спрацуе лепш, чым у Лукашэнкі?
Расія і Беларусь — майстры ў сінхранізацыі глупстваў і эканамічнага невуцтва.
Пра тое, як Лукашэнка стаў інтэлектуальным маяком урада Расіі, піша эканаміст Яраслаў Раманчук.
— Класіка ручнога рэгулявання цэн ад Аляксандра Лукашэнкі: «Толькі ўзяўся за яйкі, малако прапала». Гэта было больш за 20 гадоў таму. Малады прэзідэнт з вопытам працы ў калгасе шчыра лічыў, што цэны можна спыніць сілавым метадам. Маўляў, рост цэн – гэта капрыз, прыдур і дзівацтва прагных прадпрымальнікаў.
Эканамічнае невуцтва кіраўніцтва Беларусі вельмі дорага абышлося беларусам. У перыяд 1992-2020 гадоў інфляцыя склала ~ 250 млн%! Сусветная гісторыя назапасіла тысячы яркіх прыкладаў шкоды ад ручнога рэгулявання коштаў.
Ну, добра Лукашэнка. Маладое віно ў старыя мяхі не нальешь. І тут прыходзіць навіна з Расіі. Свежанькая, сакавік 2021 года. Першы віцэ-прэм'ер урада Расіі Андрэй Белавусаў у лепшых традыцыях коштавага лукашызму загадаў узяцца за яйкі і кураціну. Няўжо Мішусцін / Пуцін думаюць, што іх методыка ўзяцца за яйкі спрацуе лепш, чым беларуская?
Урады Расиі і Беларусі ніяк не могуць сінхранізаваць манетарную і фіскальную палітыку. Яны ніколі не ўвядуць адзіную валюту, тым больш адзіную падатковую сістэму. Яны — майстры ў сінхранізацыі глупстваў і эканамічнага невуцтва. Адна справа — памыляцца з нагоды інстытута кошту ў 1990-ых, іншая справа – у 2020-х. Прымушаць да ручнога рэгулявання кошту для барацьбы з інфляцыяй — гэта як настойваць на тым, што зямля плоская, а друкаваная машынка прадукцыйнейшая за кампутар.
За 25 гадоў інтэграцыі ўлады Беларусі і Расіі інтэграваліся ў наступным: адарванні навукі «эканоміка», забыццё інтарэсаў, актываў і будучага звычайнага чалавека, абнуленне здаровага глузу ў эканамічнай палітыцы, вычварэнства эканамічнай гісторыі, а таксама татальнае ігнараванне палітычных, грамадзянскіх і эканамічных свабод.
Па палітычных правах у 2021 годзе Беларусь па 100-бальнай шкале («100» — максімальная свабода) мае ўсяго 2 балы, Расія — 5 балаў, па грамадзянскіх свабодах — 9 балаў, Расія — 15 балаў. Па эканамічнай свабодзе ў 2021 годзе (2021 Index of Economic Freedom ад Heritage Foundation) Беларусь мае 61 бал (95-е месца ў свеце), а Расія — 61,5 балаў (з 100 магчымых) — 92-е месца ў свеце.
Увесь свет смяяўся, калі Лукашэнка казаў пра кошты на яйкі ў 1997 годзе. Няўжо Пуцін, які некалі славіўся ўладальнікам салідных ведаў у эканоміцы, у 2021 годзе дапусціць, каб стаць такім коштарэгулюючым пасмешышчам?
Паводле gazetaby.media