Байдэн і Урсула фон дэр Ляен дамовіліся каардынаваць дзеянні па Беларусі
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен дамовіліся каардынаваць дзеянні па Беларусі, а таксама па Расіі, Украіне і КНР, перадае «Еўрарадыё».
У пятніцу яны правялі тэлефонную размову. Байдэн заявіў, што хоча аднавіць ранейшае партнёрства Злучаных Штатаў і Еўрасаюза ды даць яму «новае жыццё». Джо Байдэн і Урсула фон дэр Ляен дамовіліся замарозіць на 4 месяцы ўзаемныя мытныя пошліны на 10 млрд. долараў.
У паведамленні Белага дома не ўдакладняецца, ці абмяркоўваліся канкрэтныя дзеянні па «каардынацыі». Адзначаецца толькі, што гэта пытанні, якія «ўяўляюць узаемную цікавасць».
Як вядома, ні ЕС, ні ЗША не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі і заклікаюць да дыялогу, да правядзення новых выбараў.
Эксперты чакаюць ад прэзідэнта Байдэна больш актыўнай палітыкі ва Усходняй Еўропе.