Акт гуманізму. Расія паабяцала Радзе Еўропы ўсталяваць прыбіральні ў аўтазакі
Улады Расіі паабяцалі Радзе Еўропы, што пашыраць прастору ў аўтамабілях для перавозкі зняволеных, усталююць у іх прыбіральні і краты для вентыляцыі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе расійскага міністэрства юстыцыі, апублікаваным на сайце Рады Еўропы, піша «Свабода».
У дакладзе заяўляецца, што Федэральная служба выканання
пакаранняў усталюе ў аўтазаках хімічныя прыбіральні для перавозкі людзей на
адлегласці звыш 200 кіламетраў. Таксама абяцаюць даваць ежу і ваду. Як хутка
гэта маюць зрабіць — не ўдакладняецца, аднак сцвярджаецца, што гэта ўжо
зроблена ў чатырох рэгіёнах Расійскай Федэрацыі.
У 2019 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў
бесчалавечнымі і зневажаючымі годнасць умовы перавозкі расійскіх зняволеных.
Катаваннямі суд прызнаў перавозку не толькі ў аўтазаках Федэральнай службы
выканання пакаранняў, але і ў вагонзаках — спецыяльных вагонах, у якіх возяць
падследных і асуджаных.
Пасля гэтага расійскім уладам далі час на развязанне
тыповых праблемаў, якія ўзнікаюць у аўтараў скаргаў у суд на краіну. У тым
ліку — каб забяспечыць тым, каго перавозяць, доступ да ежы, вады, пасцельнай
бялізны, прыбіральняў.
Беларусь, у адрозненне ад Расіі, не ўваходзіць у Раду Еўропы і не ратыфікавала Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека. Таму Еўрапейскі суд па правах чалавека не можа разглядаць скаргі на дзеянні уладаў
Беларусі.