Праваабаронцы паведамілі ў ААН пра гамяльчанку, якая правядзе за кратамі 90 сутак за мірныя акцыі
Жыхарка Гомеля Анастасія Перавошчыкава ў суме атрымала 90 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных акцыях. Пра гэта праваабаронцы ПЦ "Вясна" праінфармавалі спецыяльных дакладчыкаў ААН.
- З 8 лютага і да сённяшняга дня Анастасія Перавошчыкава знаходзіцца ў зняволенні за рэалізацыю сваіх правоў на мірны сход і выказванне меркавання, - адзначаецца ў паведамленні.
Пераслед дзяўчыны пачаўся ў канцы студзеня 2021, і да гэтага моманту яе судзілі не менш за шэсць разоў, а агульная колькасць прызначаных сутак дасягнула 90. Таксама па месцы жыхарства Анастасіі Перавошчыкавай і ў доме яе дзядулі былі праведзены ператрусы, у выніку якіх канфіскавана ўся тэхніка.
Па словах маці, пераслед у дачыненні да яе дачкі пачаўся з-за таго, што ёю быў распрацаваны макет сцяга Навабеліцкага раёна Гомеля. Таксама дзяўчыну вінавацяць ва ўдзеле не менш як у 10 мірных акцыях пратэсту.
З гэтай нагоды праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Клемана Ньялетсосі Вуля і спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што такога роду практыка прымянення норм КаАП з'яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, прымяняецца з мэтай аказання ціску на Анастасію Перавошчыкавау.
Згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень», пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання чалавека палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага яго вызвалення.
Гэтыя патрабаванні ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да iх правядзення, пра што праваабаронцамі «Вясны» ужо неаднаразова заяўлялася.
Анастасія Перавошчыкава працавала судмедэкспертам. Яшчэ да выбараў звольнілася. У жніўні стала выходзіць на вуліцу. Свой першы пратакол Анастасія атрымала ў канцы студзеня пасля ператрусу ў яе кватэры, а затым і ў кватэры дзядулі - 89-гадовага пенсіянера, працаўніка тылу часоў Вялікай Айчыннай вайны. Міліцыянты шукалі раённы сцяг, з якім фатаграфуюцца мясцовыя актывісты, а фото затым размяшчаюць у сацсетках.
6 лютага Анастасія вызвалілася, але праз два дні яе запрасілі ў міліцыю, нібыта на размову. Дадому пасля гутаркі дзяўчына не вярнулася. Аказалася, што ў РАУС на Насцю склалі чарговы пратакол па 23.34 і зноў асудзілі на 15 сутак.
24 лютага Анастасія павінна была выйсці з ІЧУ, але, як высветлілася, 16, 18 і 22 лютага яе зноў вазілі ў суды, і кожны з іх вынес аднолькавае рашэнне - па 15 сутак арышту. Яшчэ адзін суд прайшоў 25 лютага. Такім чынам, дзяўчына адсядзіць у агульнай складанасці 90 сутак.
tut.by